Коўшык пра звальненне Кулея: Яго заявы не адпавядаюць рэчаіснасці і шкодзяць рэпутацыі канала
Журналіст Ігар Кулей учора ў эфіры праграмы «Тыдзень» абвясціў, што гэта яго апошняя перадача на «Белсаце» і што ён пакідае канал. «Пасля амаль 10 гадоў працы, мяне выціснулі адтуль хлуснёй і пагрозамі», — дадаў ён у фэйсбуку. Галоўная рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык пракаментавала сітуацыю для «Нашай Нівы».
Аліна Коўшык кажа, што рашэнне Ігара Кулея звольніцца стала для яе нечаканасцю — на студзень 2025 года былі запланаваныя яго праграмы.
«Яго не звольнілі з «Белсата» — ён прыняў рашэнне сысці сам, пра што заявіў у жывым эфіры праграмы «Тыдзень» увечары 29 снежня 2024 года. Развітаўся Ігар без узгаднення са мной ці кіраўніцтвам TVP, знянацку, без аніякага папярэджання. Ён быў запланаваны ў графіку на студзень на некалькі праграм», — гаворыць яна.
Паводле яе слоў, ранейшая інфармацыя пра звальненне Ігара з пасады кіраўніка рэдакцыі навін — таксама «маніпуляцыя фактамі».
«Яго не звольнілі. Ігара пазбавілі абавязкаў кіраўніка беларускай рэдакцыі інфармацыйных праграм. Гэтую пасаду ён займаў неафіцыйна, яе няма ў новым рэгламенце арганізацыйнай структуры TVP. Ігар як індывідуальны прадпрымальнік нават фармальна не мог займаць кіраўнічую пасаду ў структуры, а выконваў гэтую функцыю паводле вуснага распараджэння папярэдняга кіраўніцтва», — сцвярджае Коўшык.
Таксама яна кажа, што нягледзячы на тое, што Кулей перастаў выконваць абавязкі кіраўніка беларускага ньюсруму, ён працягваў весці праграмы «Тыдзень» і «Белсат Zoom». Таксама ён з’яўляўся адным з выдаўцоў і вядоўцаў праграм Eastern Europe Review для TVP World і Akcent wschodni, якія выпускае «Белсат» для TVP Info.
Коўшык даводзіць, што цяперашнія заявы Ігара Кулея пра «хлусню і пагрозы» ў адносінах да яго «не адпавядаюць рэчаіснасці і шкодзяць рэпутацыі канала».
«Кампанія па дэзынфармацыі, пра якую ён кажа, — гэта беспадстаўнае абвінавачанне, бо наша пазіцыя застаецца адназначнай: мы не робім ні пагроз, ні ціску на супрацоўнікаў. «Белсат» заўсёды будзе месцам для тых, хто гатовы працаваць сумленна і прафесійна. Мы за празрыстасць і прафесіяналізм у нашай працы і гатовыя да адкрытага дыялогу для высвятлення любых спраў. Такой спробы з яго боку не было. Замест таго, каб паспрабаваць знайсці супольную мову са мной, Ігар пачаў звяртацца ў розныя арганізацыі, каб яшчэ больш раскручваць сваю справу», — кажа Коўшык.
На пытанне «Нашай Нівы», ці паўплывала на сітуацыю вострае інтэрв’ю, якое ў Аліны раней узяў Сяргей Падсасонны, яна заўважыла, што, на яе думку, тады былі парушаныя прафесійныя стандарты.
«Лічу, што там было некалькі момантаў, якія парушалі этычныя стандарты. І па гэтай справе ішло ўнутранае разбіральніцтва», — сказала яна.
Коўшык дадала, што яе можна крытыкаваць, «рабіць крытычныя інтэрв’ю і задаваць вострыя пытанні».
«Але яны не павінны абражаць людзей, прыніжаць, ставіць у няёмкае становішча (гэта актуальна не толькі ў адносінах да мяне, а перад усім да нашых герояў-суразмоўцаў). Таму што гэта потым робіцца ўжо не хард-токам, а зусім іншым жанрам, скажам так», — кажа яна.
Каментары
Колькі каштуе сумленне?