Іх больш за тры трыльёны — і гэтага мала.
Паводле новага аналізу даследчыкаў, на Зямлі 3,04 трыльёны дрэў, распавядае Nature. Міжнародная група навукоўцаў пад кіраўніцтвам Томаса Кроўтара ўдакладніла ранейшыя звесткі з папраўкай на шчыльнасць лясоў.
Раней меркавалася, што на Зямлі прыблізна 400 млрд дрэў — такія звесткі былі атрыманыя праз спадарожнікавыя здымкі, што даюць магчымасць ацаніць толькі плошчу лясоў, ды не іх шчыльнасць.
Кроўтар і калегі сабралі звесткі наземных падлікаў з усіх кантынентаў на агульнай плошчы 430 тысяч гектараў. Ведаючы шчыльнасць дрэў у лясах, даследчыкі ўнеслі папраўку ў ранейшыя лічбы.
Найбольшай шчыльнасцю лясоў можа пахваліцца Паўночная Амерыка, Скандынавія і Расія — там расце 750 млрд дрэў, альбо 24% ад агульнай колькасці. У трапічных і субтрапічных лясах расце 1,3 трлн дрэў, альбо 43% ад агульнай колькасці, ды іх шчыльнасць там ніжэйшая.
Тым не меней, сённяшніх трох трыльёнаў дрэў мала для чалавека. Яшчэ 12 тысяч год таму, да таго, як чалавек пачаў займацца сельскай гаспадаркай, дрэў было на 46% больш.
Штогод жа ад 3 трыльёнаў трэба адымаць 15 мільярдаў — столькі мы знішчаем для сваіх патрэб. У многіх месцах, дзе клімат спрыяе росту дрэў, іх ужо не пабачыш — асабліва ў цёплых і вільготных рэгіёнах, дзе гаспадарчая дзейнасць чалавека літаральна сцірае дрэвы з іх зямлі.
Глядзіце таксама: Проста дрэва — новая зорка Instagram
Каментары