Аматараў народнай культуры запрашаюць 20 ліпеня на этнафестываль Kolyska
20 ліпеня ў аграгарадку Лукава Маларыцкага раёна пройдзе этнафестываль Kolyska. Аматараў народнай культуры і добрага адпачынку чакаюць майстар-класы, творчыя сустрэчы, конкурс касцюмаў, вырабы майстроў, натуральныя прадукты, «зялёны» адпачынак (намётавы гарадок, sup-сёрфінг) і добрая музыка.
У цэнтры падзей будзе канцэрт выканаўцаў з Брэста і пяці раёнаў Берасцейшчыны. Гэта будзе аўтэнтычны фальклор, харавыя і эстрадныя апрацоўкі традыцыйных твораў, аўтарская песня, вытрыманая ў народным стылі.
Канцэрт дзіцячых калектываў пачнецца а 16:00, вячэрні канцэрт — а 18:00.
Праграму выступаў глядзіце на сайце арганізатараў.
Гэта будзе прыгожа, месцамі кранальна і чароўна.
Як дабрацца на этнафестываль? З Брэста ў суботу 20 ліпеня ідзе прамы аўтобус Брэст-Н. Забалоцце (праз Лукава). Адпраўленне з аўтавакзала а 6:45. На міжнароднай трасе Е85 рух даволі інтэнсіўны, ад яе да цэнтра вёскі 3,5 кіламетра. Вадзіцеляў аўтобусаў на Ковельскім напрамку можна папрасіць спыніцца ля Ужова: паварот на Лукава, вядомы па дарожным указальніку і знаку СВК «Чырвоны партызан».
Колькі каштуе ўваход? Kolyska — некамерцыйны праект. Уваход вольны на ўсе пляцоўкі фэста.
Каментары