Грамадства

«У клубе «вызваліцелі» пачалі пагражаць баявой гранатай». Як прыход расійскіх вайскоўцаў адбіўся на Мазыры

З самага пачатку вайны Мазыр ператварыўся ў частку расійскай вайсковай інфраструктуры. Кадры з горада сведчаць пра рух тэхнікі ў кірунку ўкраінскай мяжы, ракетныя запускі, перамяшчэнне самалётаў. Што насамрэч адбываецца ў горадзе? Расказвае мясцовы жыхар.

«Расіян можна не любіць ужо толькі за тое, што іх КАМАЗы, «Уралы», БТРы ды танкі знішчылі мясцовыя дарогі». Фота: ТАСС

З меркаванняў бяспекі гутарка прыводзіцца ананімна.

— Што адбываецца цяпер у Мазыры? Ці ёсць пэўнае напружанне з-за блізкасці вайны?

— Так, бомбы тут не рвуцца. Аднак самалёты пралятаюць, ваенная тэхніка перасоўваецца. Таму для тых, хто больш-менш прывык думаць, прыгнятальнасць сітуацыі відавочная.

Як казаў адзін з калег, расіян можна не любіць ужо толькі за тое, што іх КАМАЗы, «Уралы», БТРы ды танкі знішчылі мясцовыя дарогі.

Нават калі не ўдавацца ў палітыку, сюррэалізм таго, што адбываецца ў рэгіёне, бянтэжыць сам па сабе — Оруэл, як кажуць, нярвова паліць ля вакенца. Да таго ж псіхалагічна цісне разуменне, што ты амаль нічога не можаш з гэтым зрабіць.

Вось вам прыклад: давялося неяк нядаўна на футбол завітаць. Сядзім мірна-ладна. І вось раптам над галавой свіст самалётаў, якія з боку Украіны ляцяць. Пераадольваюць яны гукавы бар'ер — і чуваць такі характэрны гук, ці то пляскат, ці то выбух.

Я не спужаўся, бо з дзяцінства памятаю, як у Мазыры ракетная дывізія стаяла — раўло і не такое. А вось для большасці людзей на стадыёне гэтае было ў навіну. Прычым настолькі, што гульня нават спынілася! Усе гульцы, суддзі сталі на неба глядзець, бо не разумелі, што адбываецца. Дый перапужаліся, мяркую.

А яшчэ сябры казалі, што ў адным са спартыўных эфіраў у сакавіку можна было пабачыць, як ракета ў кадр трапіла.

Далёка, канечне, была ад месца падзей, кіламетраў дзесяць-дваццаць. Але з-за таго, што Мазыр — горад узгоркаў, прастора раскрываецца даволі шырока. Вось і сталі сведкамі «баявых дзеянняў».

Аднак варта дадаць: апошні тыдзень-два стала значна спакайней, прынамсі, у дачыненні да пагроз з паветра. Раней гэта быў няспынны гул, які да параноі даводзіў. Было такое, што нават сніць вайну пачаў.

Памятаю, што нейкім ранкам пад гул знішчальнікаў над домам нават зваліўся з канапы ды апынуўся на падлозе. Бо ў сне, як у часы службы ў арміі, кінуўся на зямлю і каціўся ўбок, каб пазбегнуць прыцэльнага пападання — такія вось флэшбэкі псіхіка падкідвала.

— Наколькі ведаю, расійскія салдаты часта спрабуюць скарыстацца паслугамі мясцовых жыхароў. Як на гэта рэагуюць мазыране?

— Па-рознаму, шчыра кажучы. З тых жа таксістаў хтосьці прынцыпова адмаўляецца ехаць у кірунку Бокава — мясцовага аэрапорта, дзе базуюцца іншаземныя вайскоўцы. Іншыя (прычым іх асноўная маса) радуюцца росту замоў, бо гэта дадатковыя грошы за паездкі за межы горада ды дастаўку. Трэцім увогуле ўсё па барабане: маўляў, нічога асабістага, толькі бізнэс — не вазьму я, возьме хтосьці іншы.

«Для тых, хто больш-менш прывык думаць, прыгнятальнасць сітуацыі відавочная». Фота: Беларускі Гаюн

Тое ж самае і з людзьмі ў цэлым — прычым не вывесці нейкую тэндэнцыю адносна ўзросту, адукацыі ці заняткаў. Сустракаў маладзёнаў, ад прамоў якіх вушы вянуць. Такое вярзуць, што адчуванне, быццам сам Салаўёў побач.

А былі пенсіянеры, якія ўсё жыццё амаль жылі ў СССР з савецкай сістэмай каштоўнасцяў у сэрцы. Аднак яны, наадварот, і Пуціна злачынцам клянуць, і не разумеюць, як Расія ўвогуле магла дадумацца напасці на Украіну.

— Ці здаралася натрапіць на чэргі з расіян у паштовых аддзяленнях?

— Рэдкі госць на пошце, таму тут не падкажу. Аднак ведаю, што не ў Мазыры, які за 80 кіламетраў ад украінскай мяжы, а ў Нароўлі ёсць так званы «развал». Стыхійны кірмаш, дзе расіяне вядуць гандаль тым скарбам, што здолелі вывезці. Там усяго кіламетраў 20 да Украіны, таму і дацягнуць «трафеі» прасцей, і лагістыка відавочная.

У Мазыры ж, што дзіўна, вельмі вырас попыт на ваенную форму.

Я не ведаю, што там з амуніцыяй здарылася — падралі, прадалі, прапілі. Але расіяне вельмі зацікаўленыя цяпер у такога кшталту вопратцы.

— Ці сутыкаліся вы з канфліктамі паміж расіянамі ды беларусамі?

— У мяне жадання з імі камунікаваць няма, таму з асабістага вопыту прыкладаў не прывяду. Аднак па Мазыры ўжо хапае аповедаў, як некаторым расіянам «чысцілі пысы» — не вядома толькі, ці за палітыку, ці за тое, што расіяне да мясцовых дзяўчат заляцаліся.

Яшчэ распавядаюць пра фантасмагорыю ў адным з клубаў, якія цяпер увечары ды ўначы расійскімі салдатамі поўняцца. Хтосьці з беларусаў, можа, для жарту, а можа, для правакацыі крыкнуў у самы разгул «варожай» вечарыны «Слава Украіне!». У адказ «вызваліцелі» да зброі пацягнуліся, а самы адчайны баявой гранатай пачаў пагражаць… 

«У Нароўлі ёсць стыхійны кірмаш, дзе расіяне вядуць гандаль тым скарбам, што здолелі вывезці». Стрыт-арт: Banksy

Дарэчы, па Мазыры ў асноўным афіцэры кватаруюць. Асноўныя ж сілы раскіданыя вакол Мазыра колцамі па 10—20 кіламетраў. Напрыклад, у той жа Каменцы іх хапае — аднак родзічы кажуць, ніякіх узаемных прэтэнзій пакуль не ўзнікала. Спакойныя, ветлівыя, адно толькі гарэлку час ад часу набываюць, на якую мясцовыя ім накручваюць касмічныя цэны.

Дарэчы, адносна падвозу алкаголю ёсць гісторыя. Звычайна ж той, хто замаўляе, сам выходзіць забіраць пакункі. А тут мясцоваму жыхару «адпачывальнікі» тэлефануюць: маўляў, дацягні тавар да кватэры, накінем грошай. Той пагадзіўся, дайшоў да дзвярэй, адчыняе. Там вясёлая кампанія: шмат вайскоўцаў, не так шмат жанчын. Аднак сярод апошніх — жонка яго найлепшага сябра… Вось такая «саюзная дзяржава».

— Растлумачце, як людзі выбіраюцца з таго дэпрэсіўнага стану, што пануе цяпер у горадзе?

— Праз працу, бо інакш можна страціць розум. Тут жа шмат у каго ёсць персанальныя гісторыі, з Украінай звязаныя.

Ведаю чалавека, напрыклад, у якога каханая паехала па дзіця ў Кіеў — там яе вайна і заспела. Ён тут ледзь не пасівеў, пакуль дзяўчына тыдзень з нечым на захад выбіралася. Вось і ўявіце, што было б, заставайся гэты мужчына ўвесь час дома, у чатырох сценах…

Таму працуюць, шукаюць размоў са знаёмымі ды незнаёмымі людзьмі, абы толькі не несці гэты цяжар у сабе і не заставацца з вайной сам-насам.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Украінская разведка: Расіяне «арганізавалі» рынак у Нароўлі, дзе прадаюць скрадзенае ва ўкраінцаў

Паводзяць сябе як гаспадары, прадаюць тое, што нарабавалі ва Украіне. Што распавядаюць пра расійскіх вайскоўцаў на Гомельшчыне

Каментары

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў3

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Пашкоджаны кабель паміж Швецыяй і Фінляндыяй4

Авіякампанія Qantas запланавала самыя доўгія рэгулярныя рэйсы ў свеце — 22 гадзіны ў небе

Беларуськалій падаў у суд на літоўскія ўлады з-за санкцый3

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы50

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў3

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →