«Размаўляем толькі па тэлефоне». Алена Зяленская распавяла, калі апошні раз бачылася з мужам
Першая лэдзі Алена Зяленская дала інтэрв'ю Vogue, каб данесці да чытачоў з іншых краін праўду пра вайну ва Украіне. Жонка прэзідэнта распавяла, як адчувала сябе ў першы дзень ўварвання Расіі, што кажа дзецям пра вайну, калі і з-за чаго ўпершыню заплакала.
«Я добра памятаю пачатак. Напярэдадні быў звычайны працоўны дзень і вечар. Дзеці вярнуліся са школы, будзённыя хатнія клопаты… Так, мы ўсе апошнія тыдні жылі ў напрузе, усюды казалі пра магчымае уварванне. Але да канца не верылася, што такое можа адбыцца. У XXI стагоддзі? У сучасным свеце?..» — прызналася першая лэдзі.
«Я прачнулася ад дзіўных глухіх гукаў. Дзесьці паміж чацвёртай і пятай раніцы. Не адразу нават зразумела, што гэта выбухі… Мужа побач у ложку не было. Я ўстала — і ўбачыла яго: ён быў ужо апрануты, у касцюме, як звычайна (гэта ў апошні раз ён надзеў касцюм і белую кашулю, з тых часоў заўсёды ў «ваенцы»). «Пачалося», — усё, што сказаў», — успомніла Зяленская.
«Панікі не было. Разгубленасць хіба. «Што нам з дзецьмі рабіць?» «Чакайце, я паведамлю. На ўсялякі выпадак збярыце рэчы першай неабходнасці і дакументы». І ён адправіўся з дома», — дадала яна.
На пытанне, што яна кажа 9-гадоваму сыну і 17-гадовай дачцэ пра вайну, першая лэдзі сказала:
«Дзецям не трэба нічога тлумачыць, яны ўсё ведаюць, як і кожнае дзіця ва Украіне. Усё разумеюць і адчуваюць. Вядома, вайна — гэта не тое, што трэба бачыць дзецям. Але яны вельмі шчырыя і адкрытыя. Ад іх нічога не схаваеш. Таму лепшая стратэгія — праўда. Такім чынам, з дачкой і сынам абмяркоўваем усё, што адбываецца. Стараюся адказваць на пытанні. Наогул, стараемся размаўляць. Бо прамовіць тое, што баліць, не маўчаць у сабе — гэта такая правераная псіхалагічная стратэгія, яна працуе».
Гаворачы аб тым, як ёй удавалася справіцца з эмоцыямі ў першыя тыдні вайны, Зяленская адзначыла:
«На эмоцыі часу не заставалася. Трэба было клапаціцца пра дзяцей, іх эмацыйны стан перш за ўсё. Таму я спрабавала быць упэўненай, энергічнай, нават ўсміхалася, тлумачачы ім, чаму трэба спускацца ў падвал, чаму нельга ўключаць святло. Аптымістычна адказвала на пытанні, калі мы ўбачым тату: «Вядома, хутка».
«У першыя дні я спадзявалася, што нам можна будзе застацца ўсім разам. Але Офіс прэзідэнта ператварыўся ў ваенны аб'ект. Прэзідэнт з камандай там і працуюць, і жывуць. Таму нам з дзецьмі было загадана перамясціцца ў бяспечнае месца. Калі ва Украіне наогул магчыма цяпер знайсці абсалютна бяспечнае месца… З тых часоў мы размаўляем з Уладзімірам толькі па тэлефоне», — прызналася першая лэдзі.
На пытанне, якое яе жыццё цяпер, Алена Зяленская адзначыла:
«Я цяпер жыву гэтак жа, як іншыя украінцы і украінкі. Ва ўсіх нас адно вялікае жаданне — убачыць мір. І я, як кожная маці і жонка, пастаянна перажываю за свайго мужа і раблю ўсё, каб мае дзеці былі ў бяспецы».
Успамінаючы момант, які яна ніколі не забудзе, першая лэдзі распавяла:
«Гэта адбылося недзе праз тыдзень пасля пачатку вайны: калі я не бачыла блізкіх, сяброў — толькі даведвалася па тэлефоне, хто дзе, ці жывы. У адно імгненне я зразумела, што не ведаю, ці ўбачу іх яшчэ калі-небудзь зноў — тых, каго люблю, сваіх! Гэта, напэўна, быў першы раз, калі я заплакала, упершыню дала волю эмоцыям. Не вытрымала».
«Я назаўжды запомню ўсіх сваіх знаёмых і сяброў, мужчын і хлопцаў у вайсковай форме. Назаўжды запомню, якія смелыя ў мяне сяброўкі! На што яны — такія далікатныя і элегантныя ў мірны час — здольныя, калі вакол вайна! Іх гісторыі натхняюць мяне. Я так ганаруся імі. І мару ўбачыць іх зноў», — прызналася жонка прэзідэнта.
Каментары