Ад 29 тысяч даляраў. Як выглядаюць і колькі каштуюць самыя танныя кватэры Мінска
«Наша Ніва» ўжо рабіла агляд самых дарагіх кватэр у Мінску і абласных цэнтрах. Гэтым разам мы вывучылі самыя танныя прапановы сталіцы.
Кватэра без прапіскі
Самая танная кватэра ў Мінску выстаўлена на продаж за 29 тысяч даляраў. Столькі просяць за аднапакаёўку агульнай плошчай 16 м². Яна месціцца на першым паверсе 9-павярховіка 1974 года пабудовы па адрасе Ангарская, 20.
Нягледзячы на тое, што гэта самая танная прапанова, кватэра не падобная да тыповага «бабушатніка», дзе рамонт апошні раз рабілі ў андропаўскія часы.
«Прадаецца памяшканне з выдатным рамонтам, мэбляй і бытавой тэхнікай. Фота адпавядае рэальнасці», — гаворыцца ў апісанні.
Кватэра адразу гатовая для жыцця, але без нюансаў тут не абышлося. З юрыдычнага пункту гледжання гэта не кватэра, а адміністрацыйнае памяшканне. Таму жыць у ёй, як у звычайный кватэры можна, а прапісацца — не.
«Сучасная плітка ў санвузле»
Самая танная з кватэр, дзе можна атрымаць сталічную прапіску, прадаецца за 32 000 $. Але, у адрозненне ад папярэдняга варыянта, жыць тут адразу немагчыма. Таму першапачаткова давядзецца радавацца толькі прапісцы па адрасе вуліца Перадавая, 5.
Агульная плошча складае 21,1 м², жылая — 11,9 м², плошча кухні — 5 м². Кватэра месціцца на трэцім паверсе пяціпавярховага дома.
«Аднапакаёвая кватэра пад рамонт. У санвузле сучасная плітка», — апісвае прадавец.
Цэгла — даўгавечны матэрыял
За 32 900 даляраў у Мінску прадаецца кватэра з асобнай кухняй, кладоўкай і балконам. Агульная плошча 20,7 м², жылая — 11,3.
Хоць прадавец і не загрузіў фоты кватэры, затое не паскупіўся на апісанне пераваг, якія дае цэгла.
«Цэгла — даўгавечны матэрыял, які мае выдатную гука— і цеплаізаляцыю, што дазволіць вам жыць у цішыні і спакоі многія гады», — так гаспадар рэкламуе дом 1971 года пабудовы на Масюкоўшчыне.
Кватэра з «нармальным рамонтам»
У 33 900 даляраў ацанілі аднапакаёўку агульнай плошчай 32,1 м² (жылая плошча — 18,2 м²). Кватэра месціцца на апошнім паверсе 5-павярховіка 1970 года пабудовы. У 2020-м дом перажыў капітальны рамонт.
«Прасторны квадратны пакой. Кватэра з нармальным рамонтам, усталяваны драўляныя шклопакеты, на падлозе ламінат», — сказана ў апісанні. Шкада толькі, што ацаніць, што ў разуменні прадаўца з'яўляецца «нармальным рамонтам», немагчыма. З фота — толькі від дома звонку.
«Суседзі-пенсіянеры, вядуць здаровы лад жыцця»
На Курасоўшчыне за 34 500 даляраў прадаецца двухпакаёвая кватэра ў старым драўляным доме. За гэтыя грошы вы атрымаеце не толькі частку дома, але яшчэ і прылеглы ўчастак памерам 4,5 соткі.
«Дом у добрым стане. У кватэры газавае ацяпленне, туалет, ванна, электрапліта, склеп. Усе камунікацыі цэнтральныя. Кватэра ў двух узроўнях, з магчымасцю пашырэння жылой плошчы на другім узроўні. Балкон. Паўднёвы бок. Стаянка для машыны. Суседзі-пенсіянеры, вядуць здаровы лад жыцця», — пішацца ў аб'яве.
Інтэр'ер прыкладна такі, як у вясковых хатах, але калі вы не баіцеся прыкласці рукі і маеце грошы на рамонт, з дома можна зрабіць нешта годнае. Галоўнае — паспець скончыць рамонт да таго часу, як гэты раён прыватнай забудовы пойдзе пад знос.
«Камфортны мікраклімат у любую пару года»
На Фролікава, 25 прадаецца яшчэ адна кватэра ў бюджэце да 35 тысяч даляраў. Кватэра з агульнай плошчай 31 м² месціцца на чацвертым паверсе чатырохпавярховіка.
У апісанні да гэтай кватэры шмат увагі надаецца цэгле, з якой пабудаваны дом. Прадавец называе яе адным з лепшых матэрыялаў для будаўніцтва, які забяспечыць вам камфортны мікраклімат у кватэры ў любы час года.
«Стан кватэры прадугледжвае рамонт у адпаведнасці з вашымі густамі», — гаворыцца ў апісанні.
Новым гаспадарам абяцаюць пакінуць усю неабходную бытавую тэхніку: халадзільнік, пральную машыну, газавую пліту і кухонную выцяжку.
Каментары