«На душы пагана». Беларусы расказалі, як імі адчуваецца набліжэнне выбараў
Выданне CityDog.io вырашыла спытаць беларусаў з розных рэгіёнаў краіны, што яны думаюць наконт ужо хуткіх выбараў, ці ведаюць кандыдатаў у прэзідэнты, ці бачаць агітацыю ў сваёй мясцовасці і ў цэлым як адчуваюць набліжэнне 26 студзеня.
Таццяна, Гродна: «Абмяркоўваем палітыку на кухні з дзвюма-трыма блізкімі сяброўкамі»
«Зусім не сачу за выбарамі, і знаёмыя таксама не сочаць. Але я збіраюся пайсці, ды і знаёмыя збіраюцца, таму што правяраюць на працы ў бюджэтнай арганізацыі.
Адной маёй сяброўцы, якая была на бальнічным, патэлефанавала калега: трэба паставіць подпіс за галоўнага кандыдата. Сяброўка адмаўлялася, кажучы, што яна на бальнічным і не будзе нічога падпісваць. Але калега ўсё адно прыехала, бо ёй трэба было падаць спісы тых, хто адмовіўся. І гэта рабілася кожны дзень — быў план па колькасці подпісаў, які трэба было выканаць.
Іншы знаёмы ў прыватным бізнэсе, дзе ніхто не павінен правяраць, але ягоная жонка працуе ў бюджэтнай арганізацыі. Для колькасці папрасілі і яго, таксама падпісаўся.
Акрамя Лукашэнкі я ведаю Гайдукевіча і Канапацкую, дзесьці фонам чула. Але наогул стараюся не ўключаць тэлевізар. Паштовую скрыню таксама даўно не адкрывала. Што адбываецца ў горадзе з агітацыяй, не ведаю, бо пакуль усё запоўнена навагоднімі ўпрыгажэннямі.
Палітыку мы абмяркоўваем толькі з дзвюма-трыма самымі блізкімі сяброўкамі. У нас аднолькавае адчуванне, мы ўсе выдатна разумеем, такая кухонная дэмакратыя. Так і сядзім-размаўляем на кухні ці ціхенька ў кавярні. Абмеркаванні абсалютна невясёлыя».
Ангеліна, Мінск: «Выбары рэкламуюць з кожнага праса»
«Цяпер у палітычным полі сачыць асабліва няма за чым, нічога не адбываецца — акрамя рэкламы на кожным кроку пра тое, што выбары, уласна, будуць.
Сама пакуль не вырашыла, ці варта ісці. Можа, і схаджу. Хоць пасля мінулага разу ў мяне нейкі ПТСР ад выбараў, не вельмі хочацца зноў апынуцца на выбарчым участку.
Чула, што нехта збірае подпісы: здаецца, Гайдукевіч, можа яшчэ Канапацкая? Я не ўпэўненая. Зразумела, што нармальных кандыдатаў няма, а астатніх няма сэнсу нават запамінаць.
Выбары рэкламуюць з кожнага праса, што досыць смешна, улічваючы відавочную бессэнсоўнасць гэтага мерапрыемства. У апошнія месяцы мне ў скрыню пачалі кідаць «неназойлівую» агітацыю — газеты, дзе апісваецца, як выдатна ў нас жыць, з намёкам «галасуйце, каб і далей так было».
Калі шчыра, не разумею, навошта наогул на гэта трацяцца грошы: няўжо хтосьці думае, што могуць выпадкова выбраць не таго? Мне здаецца, гэтым разам усім максімальна ўсё адно.
Са знаёмымі абмяркоўвалі выбары толькі ў плане таго, ці ёсць сэнс ісці галасаваць супраць усіх — ці гэта «легітымізуе» тое, што адбываецца. Я асабіста не думаю, што паход на выбары сам па сабе нешта легітымізуе, так што, калі хтосьці хоча пайсці і выказаць сваё меркаванне, гэта нармальна. Хоць і эфекту ад гэтага я б таксама не чакала.
Ад выбараў, мне здаецца, ніхто нічога не чакае. Ёсць невялікая надзея, што пасля іх можа быць нейкая «адліга», але складана прадказваць».
Уладзімір, Віцебская вобласць: «Усе вясковыя суседзі ведаюць, за каго ідуць галасаваць, радыя і задаволеныя»
«На выбары мы з жонкай ісці пакуль не збіраемся, не бачым сэнсу. Можа, і сходзім, але яшчэ не вырашылі. Думаем, што ўсё адно нічога не зменіцца, на жаль.
Нам у вёску пошта прывезла ўлёткі з інфармацыяй пра кандыдатаў, мы ўсё прачыталі і не ўбачылі альтэрнатывы дзейнаму кіраўніку, і гэта вельмі сумна. З кандыдатаў памятаем Гайдукевіча і Канапацкую, ёсць яшчэ двое, іх не запомнілі. Практычна ва ўсіх юрыдычная адукацыя, ёсць яшчэ адзін былы міліцыянер або вайсковец.
Па тэлевізары пастаянна кажуць, што будуць выбары, і расказваюць, як правільна выбіраць. Калі мы гэта бачым, пераключаем канал.
У гарадах стаяць нейкія стэнды з агітацыяй і зборшчыкі подпісаў. Са знаёмымі гэтую тэму не абмяркоўваем, сувязь у нас толькі тэлефонная, таму стараемся не гаварыць, каб не ўскладняць адносіны. Спрабуем абыходзіць палітыку бокам, не хочам ні з кім сварыцца.
Але ўсе нашы вясковыя суседзі ведаюць, за каго ідуць галасаваць, радыя і задаволеныя. На душы пагана. Не было адчування Новага года, няма адчування святаў. Ладзім сабе святы самі, спалім пачак бенгальскіх агнёў — і ўсё. Гаворым пра ўсё і ні пра што…»
Кірыл, Мінск: «Адчуваю толькі агіду і раздражненне»
«Спецыяльна я за выбарамі не сачу, але фонам інфармацыя даходзіць. Ісці на іх таксама пакуль не збіраюся. Мяне турбуе пытанне, ці ёсць сэнс сапсаваць бюлетэнь або галасаваць супраць усіх.
З кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, па фонавых навінах ведаю прозвішчы Гайдукевіча і Канапацкай. Прапаганду наступных выбараў бачу ўсюды — гэта і аб'явы, і банеры, і рэклама на білбордах.
Са знаёмымі мы тое, што адбываецца, не абмяркоўваем. І гэта не пазбяганне тэмы, а адсутнасць цікавасці да саміх выбараў. Адзінае, што абмяркоўвалі, ці спыняцца рэпрэсіі пасля 26 студзеня.
У цэлым адчуваю толькі агіду і раздражненне з гэтай нагоды».
Каментары