Аляксандр Лукашэнка пазбавіў чарговую групу былых сілавікоў вайсковых і спецыяльных званняў, класных чыноў за іхную апазіцыйную дзейнасць. Падобны паводле зместу ўказ быў апублікаваны ў мінулым годзе, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Усяго пад рэпрэсіі гэтым разам трапілі больш за 80 чалавек. У іх ліку вайскоўцы, супрацоўнікі іншых сілавых структур, а таксама работнікі органаў пракуратуры, у тым ліку ў адстаўцы або запасе.
Акрамя таго, ва ўказ ўключаны былыя вайскоўцы, якія ў цяперашні час прымаюць удзел ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыях іншых дзяржаў. Паводле версіі ўлады, званняў іх пазбавілі за «здзяйсненне злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў і дыскрэдытуючых правін, несумяшчальных са статусам вайскоўца, работніка органаў пракуратуры».
Прэс-служба пералічвае правіны пазбаўленых званняў сілавікоў: «прыцягненне да ўстаноўленай законам адказнасці за наўмыснае разгалошванне службовай таямніцы, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у тым ліку несанкцыянаваных мітынгах, абразу прадстаўнікоў улады, выступ з заявамі экстрэмісцкага характару і іншыя».
Канкрэтныя прозвішчы пазбаўленых званняў пакуль што не называюцца.
Каментары