Міліцыя пра гігіену. Якая сацыяльная рэклама вісіць на білбордах і круціцца на ТБ?
Акцэнт на барацьбу з махлярамі, на вайскоўцаў і патрыятызм.
Найчасцей сацыяльная рэклама кідаецца ў вочы на білбордах. Як кажуць назіральныя гараджане, яе разнастайнасці паменела, шмат засталося з ранейшых часоў — і гэта бачна па выцвілых плакатах. Яны прысвечаныя здароваму ладу жыцця, экалогіі, бяспечным паводзінам ды абыходжанню з фінансамі.
Постарамі з білбордаў ратавальнікі нагадваюць пра небяспеку пажараў з-за неналежнага карыстання печкамі, а таксама заклікаюць бацькоў быць уважлівымі да дзяцей.
Прыродаахоўныя службы сваімі заклікамі з білбордаў звяртаюць увагу на неабходнасць сартавання смецця ды бытавых адкідаў.
Мінздароўя на трэцім годзе суіснавання з каранавірусам нагадвае грамадзянам больш дбайна ставіцца да асабістай гігіены і ўласнага здароўя.
З білбордаў судовыя выканаўцы заклікаюць грамадзян выплачваць даўгі, а іх калегі з падатковай інспекцыі — цікавіцца, куды ідуць адлічэнні.
Постары з білбордаў нагадваюць пра важнасць любові да роднага і раяць не забываць, «хто ў хаце гаспадар» (вайсковец).
На асноўных дзяржаўных тэлеканалах сярод сацыяльнай рэкламы пераважаюць ролікі, вырабленыя на замову міліцыі.
У іх МУС заклікае не паддавацца на хітрыкі махляроў.
Міліцыя сваімі ролікамі таксама раіць, што трэба рабіць бацькам, каб дзеці не зазналі сэксуальнага дамагання падчас забаў у інтэрнэце.
У адным з іх міліцыя нечакана расказала, як пазбегчы заражэння віруснымі хваробамі.
Звяртае ўвагу той факт, што ў фармальна двухмоўнай краіне ўсе ролікі — па-руску.
Ратавальнікі ў сваім роліку на ТБ нагадваюць пра небяспеку знаходжання на лёдзе.
Беларускі дзіцячы фонд сваім ролікам паведаміў пра навагоднюю дабрачынную акцыю «Нашы дзеці». У цэнтры ўвагі — дзеткі з аўтызмам.
На канале «Беларусь-1» круцяць ролік з пагранічнікам-кінолагам. Як вынікае з сюжэту, асноўны меседж — неабходнасць службы ў войску.
Варта адзначыць, што ў рэкламных блоках камерцыйнай рэкламы цяпер больш. У выхадныя сацыяльная рэклама амаль знікае з сеткі вяшчання.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары