«Расія нідзе не заканчваецца». Рыгор Юдзін патлумачыў, што вынікае з гэтай формулы Пуціна
Сацыёлаг Рыгор Юдзін, які за некалькі дзён да пачатку вайны Расіі з Украінай дакладна яе апісаў, выказаў для «Медузы» сваё меркаванне аб тым, як яна завершыцца.
Па меркаванні сацыёлага, вайна не можа быць завершана, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Пуцін. Для яго гэта вайна за выжыванне, бо, мяркуе ён, ворагі хочуць яго знішчыць. Таму ўсе сферы эканомікі і грамадскага жыцця краіна пераводзіць на ваенныя рэйкі. У перспектыве вялікая і цяжкая вайна.
Аднак у гэтай вайне няма мэты перамагчы, бо для Пуціна яна — сэнс кіравання. Расія Пуціна заўсёды знаходзілася ў стане гатоўнасці да вайны, але ў 2022 годзе яна ўступіла ў агрэсіўную фазу.
Расійскае грамадства не разумее бессэнсоўнасці вайны. Галоўная прычына ў тым, што ў грамадстве накапілася вялікая крыўда на ўвесь астатні свет, якую нічым нельга наталіць. Распачаўшы вайну, Пуцін вельмі дакладна «патрапіў у рэзананс» з гэтай эмоцыяй і сам яе прадукуе.
Гэта як дзіцё, якое пакрыўдзілася і пачынае ўсім шкодзіць. У выніку шкода дасягае істотных памераў, пагражае жыццю не толькі іншых людзей, але і ўласна дзіцячаму. Але дзіця на гэта не зважае. Замест таго, каб выбудоўваць адносіны, яно працягвае сваю справу.
Галоўная крыўда ў Пуціна на актуальны светапарадак, на ЗША як ключавую фігуру ў ім. У гэтым ён не адзін. Прэтэнзіі да Злучаных Штатаў маюць як краіны глабальнага Поўдня (Лацінская Амерыка, Афрыка, Азія і Акіянія), так і частка насельніцтва краін глабальнай Поўначы (ЗША, Канада, Еўрасаюз).
Карані гэтай крыўды былі закладзены ў часы мадэрнізацыі. Для Расіі гэта 1990-я гады. У той час Расія была адным з ключавых гульцоў у вырашэнні важных глабальных пытанняў. Але разам з гэтым яна знаходзілася ў працэсе трансфармацыі. Злучаныя Штаты і ў нейкай меры Заходняя Еўропа спрабавалі вучыць, як неабходна праводзіць рэформы, бачылі толькі адзін магчымы шлях развіцця. Акрамя гэтага, у Пуціна ёсць крыўда з-за краху Савецкага Саюза.
На думку сацыёлага, Пуцін не спыніцца на Украіне, бо ў яго імперскі светапогляд. Яго формула: «Расія нідзе не заканчваецца». Імперыя не прызнае ніякіх меж, прынцыпаў суверэнітэту тэрыторый дзяржаў, закладзеных яшчэ Вестфальскай сістэмай.
Для Пуціна ўся Усходняя Еўропа з усходняй Германіяй — зона ўплыву Расіі. Ён мае намер аднавіць зону Варшаўскай дамовы.
Сёння відавочна стратэгія Расіі на шляху пашырэння сваіх меж. Яе стратэгія: захоп часткі тэрыторыі, прызнанне яго легітымнасці, стварэнне прэцэдэнту, далейшыя падобныя дзеянні на наступнай частцы тэрыторыі.
Спачатку гэта можа адбыцца з усходняй Украінай шляхам дасягнення перамір'я, якое прызнае Заходняя Еўропа. Ужо цяпер на Захадзе існуе так званая «партыя 23 лютага», прадстаўнікі якой (у першую чаргу тыя, хто мае глабальны капітал) асуджаюць агрэсію, але хацелі б яе хутчэйшага заканчэння. Варыянт страты часткі тэрыторыі Украіны за спыненне вайны для іх аптымальны.
Многія палітыкі разумеюць небяспечнасць такога сцэнарыя, але яны не могуць прапанаваць яму альтэрнатывы, бо ў іх няма бачання будучыні не толькі адносна Украіны і Расіі, але і ўсяго кантынента. Нельга адгарадзіцца ад Расіі жалезнай заслонай. Гэта парушыць бяспеку ў рэгіёне. Вынікам стане ці рэваншызм, ці працяглая грамадзянская вайна.
Бяспеку ў Еўропе неабходна выбудоўваць з улікам інтарэсаў Расіі. З Пуціным гэта зрабіць немагчыма. Таму, каб выпрацаваць стратэгію, неабходна ўявіць Расію без яго.
Тое ж самае сацыёлаг раіць зрабіць і расійскім элітам. Пакуль Расія і яе кіраўніцтва атаясамліваюцца адно з адным, ніякага выйсця ў вайне не відаць.
Нельга гаварыць пра тое, што «Пуцін пралічыўся» ў планах адносна вайны з Украінай. Не быў рэалізаваны адзін з планаў, а менавіта план бліцкрыгу. Але ёсць іншыя планы. Было б дзіўна, калі б такіх не было, бо вайна рыхтавалася доўгія гады. Пры гэтым ён разлічвае на тое, што зможа ў змаганні пераўзысці Захад, бо гатовы бясконца праліваць кроў, а вось іншы бок на такое пайсці не можа.
У той жа час, на думку Юдзіна, логіка Пуціна асуджае яго на выніковае паражэнне. Пытанне толькі ў тым, колькі яшчэ будзе ахвяр, пакуль гэта адбудзецца.
Трэба працаваць з расійскім грамадствам, у якім акрамя крыўды існуе экзістэнцыяльны страх як перад гневам канкрэтнага чалавека, так і страх вайны, бязладдзя. Асноўны спосаб яго перамагчы — даць надзею на тое, што краіна можа быць уладкавана інакш. Але пакуль расіяне не зразумеюць, што краіна знаходзіцца ў тупіку, матывацый для таго, каб пачуць пра іншы шлях, мала. Тым больш што іншы шлях звязаны з новым выклікам.
Каментары
Ад Рэд.
"...Акупацыя Беларусі разгортваецца хутка на фоне міжнароднага маўчаньня. Расея скарыстала канцэнтрацыю міжнароднай ўвагі вакол штучна раздзьмуханай інфармацыйнай пагрозы нападу на Украіну дзеля ціхага захопу Беларусі...
23 студзеня 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК "ЗАЯВА АБ АКУПАЦЫІ БЕЛАРУСІ"
"...Задача маскоўцаў была пад шум і прапаганду аб нападзе на Украіну ціха захапіць Беларусь..."
7 лютага 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК "АКУПАЦЫЯ. ДЗЕНЬ 21-Ы"
"...Пад гучную і ў значнай частцы фальшывую кампанію (разьвязаную Вашынгтонам і Крамлём) аб баццам бы немінучым збройным нападзе Расеі на Украіну, адбылася акупацыя Беларусі расейскім войскам і рыхтуецца яе поўны аншлюс. Прапаганда аб расейскай пагрозе Украіне стала дымавой заслонай над захопам Беларусі для палітычных маніпулятараў..."
12 лютага 2022 г.
Зянон Пазьняк "ТОЛЬКІ ЗБРОЙНАЯ БАРАЦЬБА БЕЛАРУСАЎ..."