Ці жывы «Ламакін» і хто яго заслаў? Расказваем найбольш імаверную версію таго, што здарылася ў Гродне
Здарэнне ў Гродне, дзе «Ламакін» з падробленым пашпартам і ў парыку «планаваў тэракты», пакінула шмат пытанняў. «Наша Ніва» папрасіла былых і дзейных афіцэраў сілавых структур прааналізаваць наяўную інфармацыю і сюжэты прапагандыстаў і на падставе гэтага склала версію, якая выглядае найбольш імавернай.
21 сакавіка Лукашэнка сабраў кіраўніцтва сілавых структур, а таксама топ-чыноўнікаў на вялікую нараду па «нацыянальнай бяспецы».
Гэтая нарада не была адказам на здарэнне ў Гродне, яна была планавай. Да яе доўга рыхтаваліся.
Генпракурор Андрэй Швед зачытваў там даклад аб стане рэчаў у сілавых ведамствах і распякаў калег — кіраўнікоў іншых ведамстваў, якія сядзелі ў зале. Сам Швед сядзеў па правую руку ад Лукашэнкі, бліжэй за кіраўніка Адміністрацыі Ігара Сергеенку. Па левую руку сядзелі прэм'ер Раман Галоўчанка і дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Усе кіраўнікі ведамстваў зачытвалі Лукашэнку свае даклады, на што ён сказаў: «Я заўважыў трэнд — кожнае ведамства спрабуе выставіць сябе ў найлепшым святле».
Па выніках гэтай нарады вага Андрэя Шведа знайшла сваё пацвярджэнне. Па словах Лукашэнкі, пракуратура ўзмацняе сваю «каардынуючую ролю». Сілавым структурам прызначылі жандарма.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», напярэдадні гэтай нарады паміж ведамствамі разгарнулася барацьба, каб даказаць эфектыўнасць сваёй працы. Міністэрства ўнутраных спраў праводзіла масавыя арышты патэнцыйна нелаяльных людзей, Камітэт дзяржаўнай бяспекі правёў шэраг арыштаў у войску. Здарэнне ў Мачулішчах падсапсавала рэнамэ Мінабароны.
Гісторыя ў Гродне выглядае часткай падрыхтоўкі да гэтай нарады з сілавікамі. У Беларусі ў «гаспадара» шмат «ганчакоў», і кожны з «ганчакоў» спрабуе прынесці «дзічыну» першым. Часам гэтыя «ганчакі» пакусваюць адзін аднаго.
Узаемаправеркі, а асабліва напярэдадні такіх нарад, — звычайная практыка.
Рада бяспекі, да прыкладу, рэгулярна правярае розныя сілавыя ведамствы на эфектыўнасць працы.
На пашпартны кантроль, напрыклад, засылаюць агентаў з фальшывымі пашпартамі (у гэтым, дарэчы, адказ на пытанне многіх, чаму беларускія пашпартысткі вечна змрочныя і задаюць шмат дадатковых пытанняў — проста іх пастаянна правяраюць і яны ў кожным схільныя бачыць дыверсанта, за якога ў іх могуць забраць частку заробку); у зону адказнасці аператыўнікаў адпраўляюць «падазроных асоб», каб выявіць, наколькі добра аператыўнік працуе з мясцовым насельніцтвам; піратэхнікам «мініруюць» будынкі і гэтак далей, і гэтак далей.
Цэнтральныя апараты ведамстваў правяраюць свае абласныя ўпраўленні і раённыя аддзелы.
Пра здарэнне ў Гродне спачатку паведамілі тэлеграм-каналы — што ў доме былі чуваць выбухі і стрэлы. Пасля сухую інфармацыю дало дзяржаўнае агенцтва БелТА, нібы рэакцыяй на гэта. Пасля быў перыяд дзіўнага маўчання. Падрабязнасці прапаганда агучыла толькі амаль праз 2 дні.
З улікам таго, што цяпер вядома, эпізод з «тэрарыстам» выглядае як тыповая праверка.
Чаму гэта версія выглядае найбольш імавернай?
— Яўна бутафорскі парык «тэрарыста» — знешнасць, якая прыцягвае ўвагу.
— Арэнда кватэры на суткі на пашпарт замежніка. Уласнікі такіх кватэр (зрэшты, як і ўсе, хто афіцыйна аказвае гасцінічныя паслугі) павінны паведамляць у органы пра сваіх пастаяльцаў-замежнікаў.
— Прыгранічны горад. У прыгранічных гарадах, дарэчы, таксісты абавязаны паведамляць у органы пра факты падвозу людзей (асабліва замежнікаў, якія выдзяляюцца візуальна ці пры размове) да прыгранічных вёсак, як і пра ўсіх іншых незвычайных асоб.
— Напаказ актыўная і падазроная дзейнасць: выклікі таксі на сельскую дарогу, цяжкая спартовая сумка ў руках; купля нарэзанай арматуры, якая ў гаспадарцы не патрэбная; купля бесправаднога дзвярнога званка не цішком на рынку, а ў краме з кансультацыяй прадавачкі (гэта ўсё паказана ў відэа БТ).
А «тэрарыст» што, не ведаў, які званок яму трэба для падрыву, і вырашыў спытаць парады ў маладой кансультанткі? Цяжка ў такое паверыць, бо гэта падобна да паказнога дылетанцтва, свядомага прыцягнення ўвагі. Пра такія выпадкі — калі чалавек у парыку і ў раздзьмутай куртцы пытаецца пра адлегласць дзеяння дыстанцыйных званкоў — таксама трэба паведамляць «куды трэба».
— Паказная актыўнасць «дыверсанта» ў сваім трагікамічным вобразе побач з элітнымі пасёлкамі наменклатуры, будынкамі рэпрэсіўных органаў і каля дамоў іх кіраўніцтва.
Маглі быць і іншыя моманты, якія проста не паказалі ў эфіры БТ. Зрэшты, гэты «Ламакін» мог і свой нібыта наяўны АК-74 заносіць у кватэру так, каб усе бачылі, каб праверыць, як мясцовае насельніцтва на гэта адрэагуе.
Нават дарога «Ламакіна» да «схову са зброяй» была запісана на відэа з вяршыні нейкага дрэва. Гэта азначае, што адна з лукашэнкаўскіх службаў дакладна ведала ягоныя маршруты. Напэўна, таму што сама іх і планавала?
Пры сітуацыі ў Мачулішчах, напрыклад, сілавікі такой спрытнасці ў адсочванні дыверсантаў не праявілі, таму што ідэнтыфікаваць рэальных дыверсантаў — складана. Асабліва — дыверсанта-адзіночку, як у выпадку з «Ламакіным». А паставіць відэапасткі на шляху яго імавернага руху — немагчыма, тысячная доля працэнта.
Зрэшты, калі б гэтае відэа з вяршыні дрэва здымаў КДБ, то нішто не замінала затрымаць «Ламакіна» адразу на падыходзе да схову ці на вуліцы, бяззбройным, але з доказамі, а не чакаць, як кажа БТ, пакуль ён апынецца адзін у кватэры, нашпігаванай зброяй.
Нельга выключаць, аднак, што здымалі відэа «з дрэва» і штурмавалі кватэру розныя ведамствы, або, прынамсі, розныя ўпраўленні аднаго ведамства.
Такім чынам, вымалёўваецца наступная версія: адно з сілавых ведамстваў або Рада бяспекі закінула свайго агента. Па інфармацыі «Байпола» і «Кіберпартызанаў», «Ламакін» — гэта ў рэальнасці некалі супрацоўнік КДБ, грамадзянін Беларусі Аляксей Захараў. Аналіз фота нейрасеткамі дае больш чым 99-працэнтавую гарантыю, што «Ламакін» і Захараў — гэта адзін чалавек. Дзе Захараў служыў апошнія месяцы — невядома. Агента закінулі ў Гродна, каб праверыць мясцовыя сілавыя ведамствы.
Сілавыя структуры, атрымаўшы нейкую частку сігналаў пра «дыверсанта», асабліва ў святле правалу ў Мачулішчах і навучаныя гадамі тэрору супраць палітычных апанентаў, у адказ дзейнічалі па шаблоне і адразу заявіліся са штурмам на падазроную кватэру.
Але ў такой версіі застаецца пытанне, што ж насамрэч было далей.
Выглядае, што ніякага «Ламакіна» ў той кватэры магло і не быць, а штурмавала «Альфа» пустую кватэру, у якой разыгрываўся спектакль з выкарыстаннем піратэхнікі.
Няма сведчанняў стральбы з боку «Ламакіна»: на паказаным Лебедзевай відэа на шафе, якая стаіць на лініі агню паміж «тэрарыстам» і альфаўцамі, бачныя ўваходныя сляды ад куль толькі з аднаго боку. Стралялі толькі ад увахода — з боку «Альфы».
На шафе няма ўваходных адтулін з боку «Ламакіна», а трапіць у тыя месцы, якія прапаганда выдае за сляды ад патронаў АК-74, без праходу праз шафу немагчыма. Такая планіроўка кватэры і траекторыя да ўвахода — «сляды ад куль АК-74» знаходзяцца яшчэ лявей з боку тэрарыста, чым дзверы, праз якія заходзілі альфаўцы. Каб трапіць у гэтае месца, прыйшлося б страляць праз шафу.
Што датычыць «шквальнага агню, якім тэрарыст крыў спецназаўцаў», то АТН паказала толькі адну кулю ад патрона калібру 5,45, якая не магла быць выстралена ў гэтай кватэры: па легендзе кулі траплялі ў бетонную сцяну, што на кароткай адлегласці непазбежна б дэфармавала кулю.
Але на відэа яна не выглядае як тая, што ўляцела ў сцяну.
Такім чынам, тое, што паказана як «сляды ад куль тэрарыста» з, падобна, рукамі адарванымі шпалерамі, выглядае як саматужнае пашкоджанне сцяны, выкліканае патрэбай склеіць версію падзей для СМІ.
Эпізод з гранатай так, як ён пададзены прапагандай — «адскочыўшы ад шчыта, яна заляцела ў калідор, дзе разарвалася», — пакідае шмат пытанняў.
Найперш гэты момант не паказаны на відэа з камеры на падлозе, якая нібыта ўпала ў моманце стральбы, а там гэты момант адназначна павінен быць. Граната — даволі вялікі прадмет, гэта мусіць быць бачна, то чаму не паказалі?
Па ўсіх прыкметах выбухнула што заўгодна, але не граната. Магчыма, выбухпакет, накрыты аскепкамі з двух бакоў для кантролю кірунку іх разлёту. Іначай немагчыма патлумачыць пераборлівасць аскепкаў, якія проста праігнаравалі два бакі (звярніце ўвагу на цэлы халадзільнік і на сцяну за спінай Лебедзевай) і паляцелі толькі ў бок іншых дзвюх сцен.
Што да «тэрарыста», то, хутчэй за ўсё, яго ў кватэры не было — толькі манекен, да якога спецназаўцам трэба было дабрацца праз выбухпакеты.
Гэтым можна патлумачыць, чаму прапаганда не паказала фота «цела» або аператыўную здымку ўваходжання ў пакой з «Ламакіным», або любы іншы фрагмент агню па спецназаўцах — замест гэтага транслявалі заблюраныя кадры «аказання дапамогі», што нонсэнс для БТ.
На аператыўнай здымцы мы бачым нібыта смяротна параненага чалавека з кулявымі раненнямі, які ляжыць на дыване, альфаўцы вакол яго. Што за частка цела паказана, разабраць складана.
Гэты ж дыван, тое ж самае месца, мы потым бачым у відэа прапагандысткі Лебедзевай. Не падобна, што на ім сцякаў крывёю расстраляны чалавек.
Эксперты маглі б сказаць, ці сапраўды кроў тое, што называюць «слядамі крыві тэрарыста».
Труп «тэрарыста» таксама паказалі заблюраным. Пры гэтым паказалі адразу некалькі «трупаў», якія адзін з другім не супадаюць.
Вось што паказала БТ.
На фота сапраўды нежывы чалавек. Але твар цела не паказваюць, хаця да таго ўжо паказвалі твар «Ламакіна» — і чаму тады хаваць твар трупа? Таму што, імаверна, на фота нейкі рэальны чалавек, якому ўжо правялі анатаміраванне. Вось толькі да «Ламакіна» і гісторыі са стралянінай у кватэры ён дачынення ніякага не мае.
А вось якое фота паказала прапагандыстка Гладкая.
Што называецца, высновы рабіце самі.
Тое, што гэта не быў сапраўдны тэрарыст, цяпер адназначна ясна.
Застаецца адкрытым пытаннем, ці інсцэніроўка «захопу і забойства тэрарыста» была задумкай лукашэнкаўцаў. Але тады чым вытлумачыць двухдзённую паўзу з агучваннем інфармацыі? Спробай выявіць шляхі распаўсюджвання інфармацыі? Спробай дыскрэдытаваць незалежныя СМІ засылкай ім фэйкавых версій?
Магчымы іншы варыянт: сумленны грамадзянін стаў сведкам праверкі гатоўнасці КДБ і зняў на відэа тое, што пабачыў. А гэтае відэа нейкім чынам, не ведаем якім, папала ў тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь». Пасля гэтага дзяржаўныя СМІ вымушаныя былі даць інфармацыю пра страляніну, а чэкістам давялося прыдумляць версію падзей для грамадства, бо дарогі назад ужо не было.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар да жонкі Аляксея Захарава «Ламакіна». Жанчына не адказала, але заблакавала нашага журналіста ў месенджары.
Калі вы ведаеце пра гэтую справу больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на [email protected] ці [email protected].
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары