Меркаванні2222

«Рускаму свету» канец? Дыпламат, які доўгі час працаваў у Расіі, запісаў свае вывады

Кніга журналіста, дыпламата і ад нядаўняга часу пасла Польшчы ў Арменіі Пятра Сквяцінскага «Канец рускага свету? Аб ідэйных крыніцах расійскай агрэсіі» — гэта пошук глыбінных прычын агрэсіўнай замежнай палітыкі Расіі. Сквяцінскі разглядае 2022 год як новы 1914-ы, тлумачыць разуменне расіянамі сваёй гістарычнай місіі, асаблівасці рускай любові і паказвае, як Масква з беларусамі і ўкраінцамі паўтарыла тыя самыя памылкі, што раней з палякамі. Сквяцінскі схіляецца да думкі, што «трыадзінай нацыі» канец, піша Раман Бажэнаў.

Putin branded merchandise
Уладзімір Пуцін вярнуў расіянам адчуванне іх «гістарычнай місіі» — збаўлення свету. Фота: мерч з Пуціным даваеннага часу, Мінск

Пётр Сквяцінскі добра ведае Расію. Да 2022 года ён працаваў дырэктарам Польскага інстытута ў Маскве. Каб зразумець прычыны расійскай палітыкі, ён звярнуўся да тэкстаў расійскіх філосафаў, гісторыкаў і палітычных аналітыкаў. Аўтар добрасумленна прааналізаваў не толькі «чытабельных» ліберальных, але і чарнасоценных аўтараў, ідэямі якіх, напрыклад, карыстаецца прапаганда лукашэнкаўцаў. Словам, адлюстраваў усе плыні расійскай палітычнай думкі.

Аўтар не трапляе ў палон да мядзведзя з балалайкай — Расія не апісана ні як сусветнае зло, ні як экзатычная краіна, прыцягальная сваёй дзікаватасцю. Гэтая кніга — аналітычная, спроба зразумець Расію розумам.

Прапаноўваем канспект абраных тэзісаў гэтай кнігі.

Свет у новым 1914 годзе

Пётр Сквяцінскі піша, што намер Расіі пачаць вайну супраць Украіны складана патлумачыць рацыянальнымі прычынамі.

У пэўным сэнсе тут прыдатная аналогія з сітуацыяй 1914 года. Сучасная Расія — гэта Аўстра-Венгрыя, Кітай — кайзераўская Германія, Украіна — Сербія, а калектыўны Захад, асабліва ЗША, — гэта Расійская Імперыя 1914 года.

У 1914 годзе аўстрыйскія палітыкі былі ў адчаі, што іх імперыя ўжо працяглы час слабее, і лічылі, што калі гэты працэс не спыніць, то адбудзецца канчатковая страта статусу вялікай дзяржавы, наступствам якой будзе яе распад.

Таму аўстрыйцы вырашылі скарыстацца першай зручнай нагодай, каб напасці на малую непакорную краіну, дэманстратыўна яе разграміць, пазбавіць незалежнасці і паказаць усяму свету, што Аўстрыя ўсё яшчэ застаецца вялікім драпежнікам. «Гэта дало б нам 20 гадоў перадышкі», — прыводзіцца недакладная цытата аднаго з вядучых венскіх палітыкаў.

Стрымаць тады Аўстрыю магла толькі Германія, але замест гэтага яна падтрымала дунайскую манархію. Берлін быў перакананы ў сваей моцы, гаспадарка ўзрастала ў геаметрычнай прагрэсіі і адначасова немцы адчувалі дыскрымінацыю з боку сусветнага істэблішменту, галоўным чынам, англамоўнага.

Адначасова ў Вене і Берліне меркавалі, што Расія не пойдзе на дапамогу Сербіі. Проста таму, што тая некалькі разоў праглынула прыніжэнні цэнтральных дзяржаў на чале з Баснійскім крызісам 1908 года, таму, што тая перажывае шматлікія ўнутраныя праблемы, і, напэўна, тут таксама саступіць.

У Аўстрыі і Германіі не разумелі, што менавіта таму, што нядаўна Пецярбург перажыў прыніжэнне, зараз дзеля захавання прэстыжу і статусу вялікай дзяржавы ён не можа сабе дазволіць перажыць прыніжэнне яшчэ раз.

Калі пайшла эскалацыя крызісу, у Вене і Берліне з'явілася збянтэжанасць, бо аказалася, што праціўнік рэагуе не так, як яны сабе ўяўлялі. Але адступаць было занадта позна, працэсы набылі ўласную дынаміку.

А так вялікай вайны суб'ектыўна не хацеў ніхто.

Расійскі замежнапалітычны код

У XVIII стагоддзі канцлер Расійскай Імперыі А. Бястужаў-Румін сфармуляваў прынцып знешняй палітыкі Расіі наступнымі словамі: «У Расіі больш няма і ніколі не будзе сяброў. Расія стала дарослай. Яе цяпер слабыя баяцца, а моцныя — ненавідзяць». Выказванне нагадвае формулу брытанскага прэм'ера Г. Тэмпла: «У Вялікай Брытаніі няма ні адвечных саюзнікаў, ні адвечных ворагаў; вечныя толькі інтарэсы Вялікай Брытаніі і патрэба іх абароны».

Нягледзячы на падабенства, гэта, па сутнасці, вельмі розныя цытаты.

Англійскі палітык кажа пра «саюзнікаў», расійскі — пра «сяброў».

Англійская дэкларацыя неэмацыйная, расійская ўтрымлівае няясныя, змрочныя і негатыўныя эмоцыі адносна ўсіх нерасійскіх гульцоў.

Англійскі палітык кажа «нічога асабістага», расійскі — «гэта вельмі асабістае».

Англійскі — мы вас усіх ведаем, у выпадку канфлікту выступім супраць тых, чые інтарэсы супярэчаць нашым. Расійскі — мы ўсіх вас не любім, мы вамі ўсімі пагарджаем і лічым гэтую рысу натуральнай для ўсіх дарослых людзей («Расія стала дарослай»).

Пасля імператар Аляксандр ІІІ (1845—1894) лагічна завяршыў формулу Бястужава-Руміна: «У Расіі два саюзнікі — армія і флот. Усе астатнія аб'ядноўваюцца супраць нас пры першай магчымасці».

Іншымі словамі, усе нерасійскія гульцы — ворагі Расіі. І ўсе яны вельмі глыбока матываваныя.

Цынізм пад шыльдай Realpolitik

Адзін з феноменаў расійскага замежнапалітычнага мыслення — увага выключна на інтарэсе, грэбаванне іншымі, больш ідэалістычнымі матывамі гульцоў. Па сутнасці, рускія сумняваюцца, што такія матывы ўвогуле існуюць.

Акрамя таго, рускія любяць казаць што яны шчырыя, тады як іншыя, на іх думку, не. Усе толькі прыкідваюцца высакароднасцю, а насамрэч робяць тое самае, што і Расія.

Як адзначае аўтар, рускія бачаць свет добра, але толькі кепскае. Ім удаецца бачыць тое, чаго заходнікі разумець не хочуць, бо цынізм у пэўным сэнсе паляпшае разуменне рэчаіснасці. Але толькі часткова, нібы рускія распазнаюць толькі частку спектра і толькі некаторыя колеры.

Напрыклад, перад уварваннем ва Украіну яны бачылі на Захадзе не толькі эгаізм і цынізм, але таксама — слабасць. Таму салідарны адказ на напад стаў для іх у пэўнай ступені нечаканасцю.

Мары аб падпарадкаванні свету

У традыцыі расіян ёсць мара аб падпарадкаванні ўсяго свету. Як адзначаў Лермантаў: «Пускай я раб, но раб царя вселенной!»

Аналагічныя думкі ў іншых народаў заставаліся доляй эксцэнтрычных колаў, а калі станавіліся папулярнымі, то на кароткі прамежак, напрыклад, у Германіі.

У Рэчы Паспалітай такія мары меў капелан лісоўчыкаў Войцех Дэмбалецкі. У Брытанскай імперыі існавалі асцярогі, каб у заваёвах не перасекчы рацыянальнай меры. 

І толькі ў Расіі візія аб'яднання ўсёй планеты пад сваёй уладай была распаўсюджана ва ўсе яе гістарычныя эпохі.

Прычыны гэтай асаблівасці не зусім зразумелыя. 

Велізарную ролю адыграла прыняцце ў XV стагоддзі ідэалогіі «Трэцяга Рыма» разам са спадчынай «кары заходніх адступнікаў ад сапраўднай веры».

Іншым чыннікам стаў геаграфічны досвед — Расія вельмі доўга не сутыкалася з цяжкасцямі пераадолення геаграфічных перашкод, што шмат у чым вызначыла стаўленне да дзяржаўных межаў не як да натуральных раздзяляльных ліній. Таксама першымі супернікамі Масквы сталі Залатая Арда і Рэч Паспалітая, якіх маскоўскія эліты не ўспрымалі як цалкам іншыя, асобныя краіны.

Нарэшце, камунізм з яго ідэяй сусветнай рэвалюцыі гэтую рысу ў рускіх моцна развіў. Парадаксальна ён таксама сілкаваў пачуццё выключнасці рускіх як «перадавога атрада сусветнага пралетарыяту». І аказаўся для іх з'явай настолькі натуральнай, што ў новай рэальнасці, без бальшавіцкай ідэалогіі, рускія не маглі знайсці сабе месца.

Расія ў пошуках сваёй «гістарычнай місіі»

Пётр Сквяцінскі адзначае, што ідэалагічны паварот, які адбыўся ў сучаснай Расіі, часта недаацэньваецца, хаця і мае цывілізацыйнае значэнне. Ён аналізуе адмову пуцінскай Расіі ад спадчыны Пятра Вялікага, пераасэнсаванне вопыту манархіі і СССР і шмат іншага.

Але засяродзімся толькі на адным аспекце.

Пуцінізм вярнуў расіянам імперыю, але не сусветную місію. А рускім трэба штосьці, што давала б ім сэнс існавання. Да 2022 года ў іх быў толькі кастыль, замяняльнік нацыянальнай ідэі.

Вялікая Айчынная вайна і перамога над фашызмам — гэта тое, што найбольш надавалася для асновы новай рускай ідэі, бо мае ў сабе рысы ўніверсальнай, «гістарычнай місіі». Рускія ніколі не лічылі сябе «звычайным» народам і жадалі выконваць месіянскую, сусветную ролю.

«І тут мы падыходзім да сутнасці, ключа рускай ідэі — з пачаткам так званай спецаперацыі аказалася, што абарона свету ад фашызму з'яўляецца для Расіі вечнай місіяй. Вечнай, як сам фашызм, нават калі яго для гэтага трэба было прыдумаць. І калі б не было ніякай Украіны, то фашыстаў трэба было б прыдумаць у якім-небудзь іншым месцы. У некаторым сэнсе Расія — Дон Кіхот (ваюе з прыдуманым ворагам— заўв. аўтара), з тым адрозненнем, што Дон Кіхот быў высакародным героем», — адзначае П. Сквяцінскі.

Яраслаў Мадзэлеўскі. Крымскі матыў. 2014 год

Вайна ва Украіне стала цывілізацыйным крахам Расіі

Канцэпцыя «рускага свету» і «трыадзінага народа», якая не толькі не мае нічога супольнага з рэальнасцю, але і непасільная для сучаснай Расіі, для рускіх — апошні, няшчасны астатак, рудымент іх няяснай, але пры гэтым інтэнсіўна перажыванай гісторыка-рэлігійнай місіі.

Ідэя «трыадзінага народа» з рускіх, украінцаў і беларусаў — гэта апошняя лінія абароны, якая адрознівае расіян ад іншых, як яны лічаць, празаічных, малых (памерам і духам) нацый.

І сёння гэтае ўяўленне, пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі і вайны супраць Украіны, ператварылася ў пыл. Крах канцэпцыі «трыадзінага народа» азначае, што цывілізацыйнага выбару Расіі, з-за якога яна столькі гадоў супрацьстаяла Захаду, не хоча падзяліць ніхто. А гэта азначае сумнеў у каштоўнасці гэтага выбару.

Для расіян гэты ўдар настолькі драматычны, што варта пагадзіцца з ізраільска-расійскім публіцыстам А. Эскіным, які лапідарна апісаў гэтую сітуацыю словамі: «Руская цывілізацыя памірае».

Аўтар звяртае ўвагу, што Пуцін, імаверна, спяшаўся пачаць вайну, бо быў упэўнены, што «цяпер або ніколі». 

У грамадскай свядомасці ішлі працэсы, якія прывялі б да таго, што праз некалькі гадоў магчымасць апанавання суседніх краін стала б роўнай нулю. Прычым мова не толькі аб працэсах ва Украіне, але таксама ў самой Расіі. Датычыла гэта перш за ўсё новых пакаленняў, якія ўспрымалі Украіну проста як іншую краіну і ўвогуле менш падатлівых на нацыяналістычную містыку «трыадзінага народа».

Ад любові да нянавісці ў рускіх — адзін крок

Гісторыя Расіі поўная прыкладаў цярпімасці да іншых народаў і да пэўнай ступені шчырай гатоўнасці глядзець на іншых не звысоку, а як на роўных. Але яна заканчваецца, калі гэтыя народы адмаўляюцца прымаць «рускую ідэю» і сваё месца ў тым свеце, які сабе ўявілі рускія. 

Кажучы простай мовай, у рускіх усіх людзей на свеце трэба любіць і абдымаць, а ў выпадку чаго аддаць ім апошнюю кашулю. Але тых, хто не хоча абдымацца, трэба забіць. 

На расійскім компасе стрэлка «вызваляем братоў» здольная з неймавернай лёгкасцю перайсці на пазіцыю «знішчаем здраднікаў». Можна параўнаць гэта з паводзінамі вар'ята, які толькі па зразумелых яму прычынах лічыць, што нейкая жанчына яму належыць, дзіўным чынам шчыра яе кахае, а калі выяўляецца, што яна яго не кахае, ён яе забівае.

У Беларусі і Украіне Расія паўтарае польскую памылку

Расія мае дзіўную здольнасць рабіць са сваіх заходніх суседзяў ворагаў. Хаця для гэтага няма ніякіх аб'ектыўных перадумоў.

Аўтар перказвае гісторыю расійска-польскіх адносін пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у выніку якіх польскі погляд на Расію радыкальна змяніўся не на карысць апошняй.

Напрыклад, за ўсё ХХ стагоддзе Масква так і не скарысталася магчымасцю зрабіць з Польшчы паўнавартаснага саюзніка. Хаця на беразе Віслы дамінавалі антынямецкія настроі, Расія імкнулася не да партнёрства, а да падпарадкавання.

Пасля Другой сусветнай вайны Масква не дазволіла ў Польшчы стварыць прыязнай Маскве дэмакратыі. Усходняй Еўропе Масква пачала навязваць свае неэфектыўныя эканамічныя мадэлі. У выніку яны аказаліся для СССР баластам, які гаспадарча і палітычна яго істотна аслабіў.

Калі б Масква абрала прыязную стратэгію, яна не перажыла б шоку ад з'яўлення «Салідарнасці» ў 1980—1981 гадах. Шоку, які паказаў Захаду фундаментальную слабасць савецкай сістэмы і схіліў яго дабіць сацыялістычны лагер.

Як адзначае Сквяцінскі, «Расія імкнецца дамінаваць над суседзямі не па прычынах бяспекі або эканамічнага прыбытку, хаця гэтыя два аспекты важныя ў мысленні Крамля, а проста каб дамінаваць. Панаванне — мэта сама па сабе, чаго людзі на Захадзе не ў стане зразумець. У той жа час Расія лічыць гэта сваім натуральным правам, адмова ў якім азначае нанясенне Расіі страшнай крыўды».

У выніку, дзвесце з лішнім гадоў з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай — гэта дзвесце з лішнім гадоў шкоды, якія рускія сваёй польскай (беларускай, украінскай, балтыйскай і г. д. — заўв. аўтара) палітыкай ствараюць самі сабе.

Piotr Skwieciński, Koniec ruskiego miru? O ideowych źródłach rosyjskiej agresji. Warszawa, 2023.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары22

  • ром
    07.05.2023
    адекватная оценка! со всем согласен!
  • Gorliwy Litwin
    07.05.2023
    абсалютна пагаджаюся з аўтарам. Сам бачу Рускіх Людзей менавіта такімі
  • Болеслав
    07.05.2023
    Никто в России никакой ставки на эту формулу и не делает. Так что поляк-русофоб лишь попал пальцем в небо. Для многих людей как белорусов так и украинцев отличие от русских лишь регионализм. Все мы русские, ну а национализм это переворот в мозгах и дым коромыслом. Поляки традиционные доноры вируса национализма, который они стремятся распространять во имя своей замшелой идеи «од можа до можа». Лучшие люди Польши понимают весь маразм исходящий от ультранационалистов всех мастей, но нетронут этому помешать.

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуськалій падаў у суд на літоўскія ўлады з-за санкцый3

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →