У Нагорным Карабаху для пошуку мін выкарыстоўваюць пацукоў. Праўда, не тых, якіх мы ведаем
Пасля таго, як Азербайджан у 2020—2022 гадах узяў пад свой кантроль тэрыторыі ў Нагорным Карабаху, паўстала пытанне размініравання гэтых абласцей. Для такой складанай і небяспечнай працы было вырашана прыцягнуць афрыканскіх сумчатых пацукоў з Танзаніі: яны лёгкія, вёрткія і выдатна працуюць «за ежу». Гэтыя пацукі даўно паказалі сваю эфектыўнасць у зонах іншых ваенных канфліктаў, піша «Настоящее время».
Першыя чатырохногія сапёры ў колькасці 12 штук у маі прыбылі ў Азербайджан са сваімі куратарамі. Цяпер яны акліматызуюцца ў горным рэгіёне і трэніруюцца, а ўжо ў ліпені павінны пачаць працу на мінных палях, расказала Лілі Шалом, менеджар па сувязях з грамадскасцю бельгійскай няўрадавай арганізацыі APOPO, якая навучае пацукоў-мінашукальнікаў.
Галоўная перавага пацукоў — іх вага: жывёлы важаць менш за паўтара кілаграма. Праз гэта яны могуць спакойна хадзіць па мінах, і пры гэтым узрывальнікі прылад, якія рэагуюць на ціск, не спрацоўваюць.
Невялікія супрацьпяхотныя міны, як ПФМ-1 савецкай распрацоўкі, выбухаюць пры ціску на іх каля пяці кілаграмаў і больш.
Яшчэ адна перавага пацукоў — іх нюх. Яны шукаюць міны па паху тратылавай выбухоўкі. Нюх дае пацукам перавагу перад людзьмі, якія карыстаюцца металашукальнікамі. Людзі часта пры гэтым губляюць час, выкопваючы замест мін кансервавыя бляшанкі або іншыя бясшкодныя металічныя прадметы, але могуць таксама прапусціць пластыкавыя міны, зробленыя з мінімальнай колькасцю металу.
Куратары пацукоў гавораць, што тыя могуць абшукаць плошчу 200 квадратных метраў усяго за 20 хвілін: гэта нашмат хутчэй, чым людзі. Калі пацукі знаходзяць міну, то яны паказваюць сапёрам месца, дзе яна ляжыць, драпаючы зямлю: звычайна гэта адбываецца, калі яны адчуваюць пах выбухоўкі. За знаходжанне міны пацукі атрымліваюць ласунак — пюрэ з бананаў і арахісу.
Але ёсць у пацукоў і недахопы: іх працоўныя гадзіны абмежаваныя раніцай, а на працягу дня ім абавязкова трэба паспаць.
Афрыканскія сумчатыя пацукі жывуць каля васьмі гадоў. Іх навучанне доўжыцца дзевяць месяцаў, пасля чаго пачынаецца працоўная кар'ера: для грызуноў яна можа цягнуцца да пяці гадоў. Куратары чатырохногіх сапёраў кажуць, што, калі пацукі старэюць і іх матывацыя пачынае згасаць, у камандзе APOPO іх адпраўляюць на заслужаную пенсію.
Галоўная прыкмета таго, што кар'ера сапёра падышла да канца, па словах дрэсіроўшчыкаў, калі жывёлы пачынаюць траціць больш часу на догляд і сон, чым на вынюхванне мін.
Каментары