Моды

Гайд па шопінгу ў сезон распродажу: як выйсці з крамы з поўным кошыкам і не з пустым кашальком

Выдаткаваўшы некалькі гадзін у краме, якая прапануе зніжкі, можна адчувальна сэканоміць на новых рэчах. Аднак пакупкі ў сезон распродажу — цэлае мастацтва. Каб авалодаць ім, вам спатрэбіцца некалькі парад.

Да шопінгу падчас распродажу трэба ставіцца як да захапляльнай гульні, дзе ў кожнай каманды ёсць свае інтарэсы. Пакупнікі гуляюць за тых, чыя асноўная мэта — ашчадзіць. Прадаўцы — за тых, хто спрабуе прадаць і зарабіць больш. Каб застацца ў выйгрышы, кожны бок выкарыстоўвае свае «кручкі» і хітрыя прыёмы. Звычайна перамагае той, хто больш ведае пра стратэгію свайго суперніка. Мы сабралі парады, якія дапамогуць вам у гэтай гульні.

Як нас прымушаюць купляць больш

Дафамінавы кручок

Буйныя брэнды ведаюць свайго спажыўца «ў твар». Яны добра разумеюць не толькі тое, колькі вам гадоў i якое ваша матэрыяльнае становішча, але і больш тонкія дэталі, напрыклад, што за шопінгам стаiць куды больш, чым звычайнае абнаўленне гардэробу: калі мы накіроўваемся ў паход па крамах, мы перш-наперш шукаем станоўчыя эмоцыі і толькі потым — рэчы.

Калi мы купляем тавар з вялікай зніжкай, мозгу здаецца, што гэта вельмі важная і карысная справа. Каб прастымуляваць чалавека працягнуць гэты працэс, ён пачынае выпрацоўваць гармоны дафамін і эндарфін, якія дораць пачуццё шчасця і эйфарыі, таму мы выходзім з гандлёвага цэнтра акрыленымі, але часта з пустымі кішэнямі.

Фота: unsplash.com

Каб не папасціся на дафамінавы кручок, трэба згуляць з мозгам на апярэджанне: даць сабе падставу для радасці за некалькі гадзін да паходу ў магазін. Можна паснедаць дома з прыгожай сервіроўкай ці выпіць кубачак смачнай кавы ў любiмай кавярні. Так вы не будзеце выкарыстоўваць пакупкі як «таблетку», якая дапамагае адчуць сябе больш шчаслівым, і купіце толькі неабходныя рэчы. 

Азарт

Чалавек — істота сацыяльная, таму нашы паводзіны схільныя да ўнутрыгрупавых скажэнняў. Так, убачыўшы чэргі ля кас, у нас узнікае міжвольная цікавасць і жаданне набыць тое, па што выстраіліся суродзічы. Арганізатары распродажу ведаюць пра гэту асаблівасць і, каб сабраць у адным месцы пабольш людзей, абмяжоўваюць час дзеяння зніжак, чым ствараюць непрацяглы ажыятаж. Да цікавасці дадаецца трывога: трэба паспець купіць рэч, па якую прыйшлі іншыя людзі, пакуль вас ніхто не апярэдзіў — нават калі яна вам абсалютна непатрэбная.

Паддацца інстынктам лягчэй, чым слухаць голас розуму. І ўсё ж ёсць простае практыкаванне, якое дапаможа не прытрымлівацца дзеянняў натоўпу. Усё проста: паглядзіце на чаргу ля кас ці на пакупнікоў у гандлёвай зале і ацаніце іх выбар. Падыдзіце да задання адказна і прыкіньце, ці пасуюць людзям выбраныя імі рэчы і ці будзе гэта адзенне актуальным у наступным сезоне. Цяпер падлічыце, колькi з іх у выніку купіць рэчы, якія ім непатрэбныя. Такое практыкаванне дазваляе паглядзець на сітуацыю збоку і прытармазіць, калі хочацца купляць проста таму, што так робяць усе.

Фота: unsplash.com

Прыгожыя лічбы

Калі ў вас атрымалася самае складанае — падмануць свой мозг на этапе інстынктаў, то паспрабуйце не патрапіць у пастку «прыгожых лічбаў».

Прадаўцы часта выкарыстоўваюць слоганы-падманкі, якія лёгка могуць збіць з панталыку, напрыклад: «Калі вы купіце наш тэлевізар, вы ашчадзіце 1000 рублёў!». Мозг успрымае такі заклік як магчымасць для «заробку» на розніцы цэн і пачынае прыдумляць, куды яшчэ можна выдаткаваць тысячу, якая вызвалілася. У выніку чалавек купляе і тэлевізар, і некалькі непатрэбных тавараў у дадатак.

Фота: unsplash.com

Папярэджаны — значыць узброены. Успамінайце пра гэту маніпуляцыю, калі рукі пацягнуцца па тавар пад такім цэннікам-слоганам. Нават калі ў той момант вам здаецца, што такая пакупка будзе ўдалай, не спяшайцеся. Вярніцеся дадому і праверце цэны на гэтую мадэль у інтэрнэце. Калі слоган сапраўды апраўдвае сябе — можна прыехаць назад у краму.

Самы просты і ў той жа час дзейсны трук прадаўцоў — неакругленыя цэны. Тавар з такой цаной мы лічыць таннейшым: блузка па 19,99 рубля ў нашым успрыманні будзе каштаваць 19, а не 20 рублёў. Розніца ў капейку сапраўды можа адправіць гэтую рэч у ваш кошык, таму важна прагаварыць сабе цану, акругленную ў большы бок.

Як выйсці з распродажу пераможцам

Цяпер, калі вы ведаеце прыёмы суперніка, распрацуйце план сваёй перамогі.

Для пачатку падрыхтуйцеся да шопінгу: навядзіце парадак у шафе, акуратна раскладзіце адзенне і прыкіньце, якіх рэчаў вам не хапае. Вазьміце гэты спіс з сабой у краму і імкніцеся ад яго не адхіляцца.

Складаючы план пакупак, звярнiце ўвагу на верхняе адзенне. Калі вам патрэбна новае паліто, шопінг варта пачаць з пошуку менавіта яго — зніжка на гэтую рэч будзе асабліва адчувальнай, а пакупка ў сезон распродажу — апраўданай.

Фота: unsplash.com

Калі час ад часу вы робiце імпульсіўныя пакупкі, пастаўце сабе рамкі. Загадзя падумайце, якую суму вы гатовыя выдаткаваць і колькі часу хочаце правесці ў крамах. Перавядзіце гэтую суму на асобную карту або вазьміце яе гатоўкай. Усе астатнія грошы пакіньце дома. Перад выхадам завядзіце будзільнік і выходзьце з крамы, калі ён празвініць. Калі вялікі шанец яго праігнараваць, прызначце сустрэчу адразу пасля чаканага заканчэння шопінгу.

Памятайце аб тым, што закон прадугледзеў тэрмін вяртання рэчаў — у розных краiнах ён складае ад двух тыдняў да месяца. Таму абавязкова захавайце чэк і зрабіце паўторную прымерку дома. Ацаніўшы адзенне ў рэальным асвятленні і прыкінуўшы абноўкi са сваімі рэчамі, прымайце рашэнне, пакідаць iх ці вяртаць.

Выкарыстоўвайце гэтыя няхітрыя правілы, калі пойдзеце на пошукі абновак. Упэўненыя, што з iмi ваш шопінг сапраўды стане эканомным.

Каментары

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →