Грамадства1313

«Я не ягня і іх не баюся» — уладальнік клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін даў вялікае інтэрв'ю

Заснавальнік клінікі «Новы зрок» у вялікім інтэрв'ю «Зеркалу» распавёў пра акалічнасці справы і патлумачыў, чаму ён яе лічыць непалітычнай. Прыводзім асноўныя моманты.

Алег Каўрыгін Олег Ковригин Oleg Kovrigin
Алег Каўрыгін. Фота: eyes.lt

Як усё пачыналася

Алег Каўрыгін адзначыў, што 17 студзеня 2023-га года ў 16:55 у пяць клінік «Новага зроку» па ўсёй краіне прыйшло 150 супрацоўнікаў ДФР.

«Сагналі дактароў і медсясцёр у адзін пакой. Некаторых дапытвалі да пятай раніцы, адвакаты адсутнічалі. Атрымалі вырваныя кавалкі паказанняў, ні на чым не заснаваныя. Людзі палічылі, што прасцей зараз выйсці, падпісаць нейкую паперку, не разумеючы, што, падпісваючы гэта, ты ўжо ўвязваешся», — распавядае бізнэсмен.

Паводле слоў Каўрыгіна, аналіз камп'ютараў, якія былі канфіскаваныя следчымі, не выявіў фальшывых аперацый. Але праз месяц была зробленая паўторная экспертыза. Яна выявіла ў камп'ютары дырэктара на працоўным стале нейкі дзіўны дакумент накшталт ведамасці аб быццам бы заробках у канвертах. Але справа супраць самога дырэктара не заведзеная.

«У той час, як у некаторых чыноўнікаў знаходзяць па паўмільёна ў гаражах, па нашай крымінальнай справе аб зарплаце ў канвертах няма ніводнай фатаграфіі, дзе раскладзены нават 50 долараў. Няма ніводнага долара, ніводнага канверта. Пра нешта ж гэта кажа?» — адзначае бізнэсмен.

Як ідзе следства

Каўрыгін адзначае, што на людзей з боку следства аказваецца ціск. Следчыя тры разы прыязджалі да яго 89-гадовай маці, якая жыве за 70 кіламетраў ад Мінска. Бізнэсмен дзівіцца, што яны маглі там шукаць, калі яго 12 гадоў не было ў Беларусі.

Паводле слоў бізнэсмена, на працягу шасці месяцаў разліковыя рахункі «Новага зроку» былі заблакаваныя, маёмасць і ўсе будынкі — арыштаваныя. Нягледзячы на тое, што заканадаўствам у такіх умовах дазволена аплочваць набыццё расходных матэрыялаў, лекаў і ацяплення будынкаў за кошт сродкаў кампаніі, у выпадку «Новага зроку» гэта не дзейнічала.

Уладальнік распавёў, што на рахунках кампаніі арыштавана 9 мільёнаў рублёў. Іх хапіла б на разлік з пастаўшчыкамі і выплату магчымых штрафаў. Але замест гэтага «мы бачым работу па спыненні нашай дзейнасці».

27 ліпеня ў адваката Каўрыгіна супрацоўнікі ДФР правялі вобшук і забралі ўсе дакументы кампаніі. Бізнэсмен адзначае, што былі забраны таксама «абсалютна ўсе дакументы, якія датычылі маёй абароны па папярэдніх крымінальных справах».

Паводле слоў Каўрыгіна, «праз іншых людзей перадавалі просьбы аб тым, каб я нічога не казаў, ніякіх інтэрвʼю не даваў, у прыватнасці «Зеркалу». Мой выпадак дастаткова тыповы, як я разумею. Вакол проста «маўчанне ягнятаў». А я не ягня і іх не баюся».

Што цяпер

Праз шэсць месяцаў, 27 ліпеня 2023 года Міністэрства аховы здароўя пазбавіла медыцынскія цэнтры ліцэнзіі.

Паводле слоў Каўрыгіна, цяпер неабходна звольніць, і, па магчымасці, працаўладкаваць, каля 500 чалавек. Спецыялістаў бяруць на працу ў другія медыцынскія цэнтры. Але хутка ўсіх працаўладкаваць немагчыма. Усе работнікі цалкам атрымалі заробак за ліпень.

Бізнэсмен расказаў пра свае планы адкрыць клінікі ў Лондане і дадаткова на Мальце. Але трэба дамовіцца аб спрошчаным прыёме беларусаў, тым больш што «беларускі пашпарт часта, на жаль, таксічны». Ён абяцае забраць усіх прафесіяналаў, хто захоча паехаць працаваць за мяжу.

Новое зрание Новы зрок Novoe zrenie
Так выглядае цяпер першая старонка сайта клінікі «Новы зрок»

Як адзначае бізнэсмен, усе заснавальнікі кампаніі — замежнікі. Таму на іх аказваць ціск можна толькі віртуальна. Але яны ўсе спакойна да гэтага ставяцца. І дадае:

«Мы разумелі, што працуем у краіне высокай рызыкі, што будуць праблемы. Мы да гэтага гатовыя».

Паводле слоў Каўрыгіна, цяпер разглядаюцца варыянты падачы судовых пазоваў. І ён упэўнены ў іх паспяховасці.

«Магчыма, сітуацыя павернецца, як у малпы, якая трапіла ў пастку, узяўшы банан, што знаходзіцца ў какосе. Яна не можа адпусціць банан і вызваліць руку з какоса. І вось такім чынам паляўнічы яе ловіць», — прыводзіць параўнанне бізнэсмен.

Ці былі раней крымінальныя справы адносна «Новага зроку»

Каўрыгін згадвае, што, акрамя цяперашняй, было як мінімум тры крымінальныя справы.

Адну з іх, 2016 года, следчыя змаглі аднавіць. Па ёй «Новы зрок» абвінавачваецца ў закупках медыцынскіх тавараў, даражэйшых за цану вытворцы. Уладальнік адзначае, што тавары закупляліся праз дыстрыбʼютараў, што адбілася на цане.

«Нам жа заявілі: раз вы не можаце падаць дакументы, што вы купілі медтавары ў вытворцы ад 2012 да 2016 года, значыць мы іх ацэньваем у нуль. То-бок гэтыя сумы не сыходзяць у выдаткі, а ідуць у прыбытак. І трэба даплаціць падатак на прыбытак, а гэта вялізная сума», — распавядае бізнэсмен.

У 2013 годзе супраць самога Алега Каўрыгіна была заведзена справа за кантрабанду медыцынскага абсталяванне. Бізнэсмен згадвае, што сума раўнялася сучасным 4 тысячам рублёў.

«А ў падазрэннях сказана так: у неўстаноўлены час у неўстаноўленым месцы на чале неўстаноўленай групы асоб я прывёз асабіста медыцынскую прыладу (чаго я не рабіў). Якую, мне за некалькі гадоў так ніхто і не сказаў. І гэта артыкул аб кантрабандзе ў асабліва буйных памерах. Да 10 гадоў», — згадвае акалічнасці справы Каўрыгін.

Паводле слоў бізнэсмена, як здолеў высветліць яго адвакат, на той час у пераліку таго, што адносіцца да кантрабанды, не было медыцынскага абсталявання. Таму следчыя не мелі права нават заводзіць справу па такім артыкуле. У выніку яе закрылі.

Непалітычная справа

Уладальнік падкрэслівае, што закрыццё клінік у Беларусі — «справа непалітычная. Такі падтэкст ёй спрабуюць надаць, каб апраўдаць свае дзеянні».

Алег Каўрыгін падкрэслівае, што ён — «абсалютна не палітычны чалавек», ніколі не ўдзельнічаў ні ў якіх палітычных партыях і рухах. Ён не рэкамендаваў супрацоўнікам і кіраўніцтву ўдзельнічаць у акцыях, бо «рэвалюцыя робіцца на плошчах не медыцынскімі работнікамі», бо «дактары павінны лячыць усіх. Гэта значыць, што калі б прывезлі параненага АМАПАўца, то лячылі б яго, як і чалавека, які ўдзельнічаў у маршах».

Бізнэсмен кажа, што некалькі супрацоўнікаў удзельнічалі ў пратэстах з уласнай ініцыятывы і «трапілі пад раздачу». Магчыма, дапускае Каўрыгін, з гэтай прычыны «сілавікі здолелі больш развязаць сабе рукі», але «ў рэальнасці гэтая справа не палітычная, а бандытаў, якія проста вырашылі забраць бізнэс».

На думку Каўрыгіна, «першая асоба дзяржавы аб гэтым нават не ведае», але ёй аб гэтым зробяць справаздачу «пад зручным вуглом». А менавіта «будзе прапанаваная нейкая пазіцыя, якая створыць меркаванне аб тым, што нармальна, у нас усё добра. Пакажуць лічбу 1,7%, заявяць, што гэта ўвогуле мізэрнасць і не прыносіць стратаў дзяржаве».

Будынак клінікі "Новы зрок" у Мінску The building of the "Novoe zrenie" clinic in Minsk Здание клиники "Новое зрение" в Минске
Будынак клінікі «Новы зрок» у Мінску. Фота: eyes.by

Паводле слоў бізнэсмена, цяпер стаіць мэта «проста забраць увогуле ўсё бясплатна». Для гэтага следчыя палічаць не атрыманыя падаткі (пры тым, што пастаянна праводзілася шмат праверак), і на гэтай падставе канфіскуюць нерухомасць, абсталяванне і іншую маёмасць, якая была арыштаваная.

«Наколькі мне вядома, цяпер ходзяць «хадакі» і прапаноўваюць да продажу ўсю ўласнасць «Новага зроку» розным камерцыйным кампаніям», — гаворыць Каўрыгін.

Каму выгадная цяперашняя справа

Бізнэсмен упэўнена кажа, што нацыяналізацыі маёмасці не будзе. Пасля таго, як яна будзе выстаўленая на таргі, будзе магчымасць пабачыць, хто яе набудзе:

«Там мы пабачым, у каго смятанка на вусах. Нават калі гэта будзе ўмоўны Іваноў, за ім заўжды можна будзе ўбачыць рэальнага ўладальніка, там усё гэта вылезе».

Каўрыгін лічыць, што справа з «Новым зрокам» — не ўзровень Лукашэнкі. А калі б ён пра яе ведаў, то «людзі, якія там удзельнічалі, атрымалі б вялікія праблемы… У час Сталіна такіх людзей бы расстралялі».

Сваю думку ён абгрунтоўвае тым, што закрыццё клінік — не дзяржаўны падыход:

«Мы рабілі сацыяльныя рэчы. Звольненыя да 500 чалавек. Нават калі праз нейкі час паспрабаваць усё аднавіць, дык гэта будзе ўжо немагчыма. Губляецца ўнікальная мікрахірургія, параўнальная з хірургіяй у Вялікабрытаніі і Японіі. Мы ўжо не збяром такога калектыву, разумееце? А ў нас былі перамовы з вядучымі спецыялістамі сусветнага ўзроўню. Ішлі пастаўкі самых лепшых расходных матэрыялаў, праводзілася навуковая праца. Ніякая дзяржбальніца не зможа канкураваць нават блізка. А яны кажуць пра 1,7%».

Паводле слоў уладальніка, у «Новым зроку» рабіла аперацыю жонка былога міністра аховы здароўя Васіля Жарко. Да іх прыязджалі высокапастаўленыя чыноўнікі падбіраць акуляры.

Хабары і іх уплыў на бізнэс

Журналіст спытаў Каўрыгіна, чаму было прынята рашэнне закрыць бізнэс. Ліцэнзіі прыпынялі ў «Нардзіна» і «Ладэ». Але яны нейкім чынам аднавілі працу.

Пры адказе на гэтае пытанне бізнэсмен згадаў дыялог з прафесарам Праабражэнскім, калі яго прасілі купіць часопісы ў дапамогу нямецкім дзецям: «Але чаму вы адмаўляецеся? — Не хачу. — Вы не спачуваеце дзецям Германіі? — Спачуваю. — А, паўрубля шкада? — Не. — Дык чаму ж? — Не хачу…»

Акрамя гэтага, ён расказаў пра сустрэчу з Яўгенам Шыгалёвым — уладальнікам рынку Ждановічы, у якога была падобная сітуацыя ў 2008 годзе. Бізнэсмена арыштавалі па абвінавачанні ў незаконным захопе зямлі і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

«Пасля таго як яго адпусцілі, мы сустрэліся ў самалёце, ляцелі з ім у Лондан разам. Ён схуднеў моцна, перанёс інфаркт. Я спытаў у яго, як ён маецца. Ён кажа: «20 мільёнаў долараў наяўнымі і 30 мільёнаў долараў штрафу», — згадвае Каўрыгін.

Бізнэсмен заяўляе, што з вялікай доляй упэўненасці можа заявіць, што чакалі, што будуць перададзены нейкія сумы грошай, і справу закрыюць. Але ён не разглядаў такога варыянта.

«Шчыра кажучы, жадання змагацца з шалёным сабакам у мяне няма. Калі людзі не ўяўляюць каштоўнасці для дзяржавы, то акей. Мая праца патрэбна ўсюды, паверце, яна будзе запатрабавана ў іншай краіне», —

адзначае бізнэсмен. Пазней ён дадае:

«Яны прыйшлі ў кампанію з заходнім мысленнем, якая не рабіла нелегальных аперацый і не робіць нічога нелегальнага. Прыйшлі да чалавека, які не будзе рабіць па пстрычцы пальцаў тое, што яны хочуць. Я ніколі нікому не плаціў, нават рэкецірам у свае гады».

Каўрыгін згодны з публікацыяй «Нашай Нівы», што «калі б у мяне працаваў генерал у адстаўцы, які б змог дамовіцца, хіба што, так, клініка працавала»,

«Але мне агідная сама думка аб нелегальным фінансаванні так званага даху. Мы ніколі і нікому не плацілі», — падкрэслівае бізнэсмен і адзначае, што менавіта патрабаванне ад яго хабараў сталі прычынай яго адʼезду з Беларусі.

Бізнэсмен згадвае, што ў 2011 годзе ён прыдумаў клініку «Жанчына», дзе б аказвалі шырокі спектр паслуг для жанчын. У тым ліку там бы знаходзіўся прыватны радзільны дом. Пад яе будаўніцтва горадам была атрыманая зямля, заключаны праект. З англійскага банка быў атрыманы крэдыт на 40 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. І яму прапанавалі даць хабар — 10% адкату — для таго, каб працаваць далей. «Я проста вярнуў грошы назад у банк. Будаўніцтва клінікі прыпынілі. Вось з-за чаго я зʼехаў з Беларусі», — распавёў Каўрыгін.

Бізнэсмен адзначае, што страта бізнэсу ў Беларусі яму будзе каштаваць сотні мільёнаў долараў: «Я ацэньваю страты інвестараў як эксперт. Арыенціровачна бізнэс прадаецца заўсёды з разліку шэсць гадавых даходаў плюс кошт будынкаў, збудаванняў. Я думаю, гаворка ідзе пра сотні мільёнаў долараў».

Будынак клінікі "Новы зрок" у Мінску The building of the "Novoe zrenie" clinic in Minsk Здание клиники "Новое зрение" в Минске
Клініка «Новы зрок» у Мінску. Фота: eyes.by

Сучасная сітуацыя ў афтальмалогіі Беларусі

На погляд Каўрыгіна, з закрыццём яго клінік афтальмалогія ў Беларусі адкацілася на 20 гадоў назад. Беззваротна. І будзе яшчэ горш.

«Самае галоўнае, калі я размаўляў з людзьмі, якія маюць дачыненне да ўлады, то задаваў ім пытанне: вы разумееце, што гэта будзе дрэнная сітуацыя? А яны адказвалі (даслоўна): «Нам нас**ць», — распавядае бізнэсмен.

Каўрыгін падкрэслівае, што ў яго клініках карысталіся амерыканскім абсталяваннем. А апошнім годам у Беларусі ўжо не прадавалі самых сучасных прыладаў. «Новы зрок» атрымлівала гэтае абсталяванне, паводле слоў бізнэсмена «шляхам, так бы мовіць, непрамых паставак». Ён упэўнены, што дзяржаўныя клінікі такога ніколі не атрымаюць.

«Пасля таго, як былі ўведзены санкцыі, урад ЗША забараніў пастаўкі ўсіх расходных матэрыялаў і прыладаў. Забарона пачала дзейнічаць 1 ліпеня 2023-га. У Беларусь дазволілі пастаўляць толькі растворы для кантактных лінзаў, растворы BSS (гэта тыпу вадзічкі з соллю) і крышталікі. Усё, як для Афганістана, скажам так. Астатняе — не. Ані прыладаў, ані эксімірна-лазерных установак, нічога»,

— апісвае сітуацыю Каўрыгін.

Бізнэсмен звяртае ўвагу на тое, што цяпер зʼявіўся паралельны імпарт. Але калі будзе вялікае жаданне ўрада ЗША, то ён будзе спынены. Калі ў выніку гэтага да амерыканскіх прыладаў не будуць пастаўляцца расходныя матэрыялы, то ў афтальмалогіі краіны настане каменны век. Каўрыгін адзначае, што менавіта афтальмалогію моцна закранулі санкцыі. А менавіта яго клінікі спрабавалі ў такой сітуацыі нешта рабіць.

Цяпер жа ў краіне, паводле слоў бізнэсмена, вал адʼездаў дактароў. Толькі з яго клінік зʼехала шэсць апошнім часам. «Дзе 6, там і 26. Яны пацягнуць за сабою калег», — мяркуе Каўрыгін.

«Дай божа, каб чыноўнікі выправілі сітуацыю нейкім чынам. Але як прафесіянал я лічу, што гэта ўжо немагчыма. Можна зрабіць адну добрую бальніцу, але не дзесяць у розных абласцях Беларусі. А адна не дасць рады той плыні, якая ёсць, з неабходнай якасцю. Так што нас чакае пагаршэнне — гэта дакладна», 

— прадказвае бізнэсмен.

Чытайце яшчэ:

«Тыя людзі, якія прымаюць рашэнні, самі на сабе гэта адчуюць». Заснавальнік «Новага зроку» пракаментаваў пазбаўленне ліцэнзіі

«Калі б Каўрыгін узяў сабе ў менеджары адстаўнога генерала, то абышлося б». Бізнэсоўцы пракаментавалі закрыццё «Новага зроку»

Што ўяўляе сабой імперыя «Новы зрок» і ў якой схеме іх абвінаваціў ДФР 

Губернатар Карэліі выдзеліў апальнаму ў Беларусі бізнэсмену Каўрыгіну надзел для вочнай клінікі

Каментары13

  • Мальтийский орден
    01.08.2023
    Ты их не боишься ибо живешь на Мальте. Приедь, принципиальный ты наш, и рвани правду матку в лицо, сядь на Окрестино, не политичный ты бизнесмен, докажи что смелый. Боишься ты лукашню поэтому уехал как и сотни тысяч других менее защищенных людей.
  • Адроўка
    01.08.2023
    "  — «абсолютно не политический человек», никогда не участвовал ни в каких политических партиях и движениях. Он не рекомендовал сотрудникам и руководству участвовать в акциях, так как «революция делается на площадях не медицинскими работниками»"    ---  ......... а когда пришли за тобой, то оказалось что все вокруг сидят и заступиться некому!
    https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/ru/322967
     
  • даведка
    01.08.2023
    Если взять к себе на работу ставшего в один миг пенсионером начальника ГРУ, то всё ещё можно будет переиграть.

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка7

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША рассакрэцілі новыя дакументы па праграмах ЦРУ «па кантролі над розумам», якія ладзіліся падчас Халоднай вайны10

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай13

Закладчыкі хавалі наркотыкі ў шышках, каштанах і жалудах3

Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў6

Беларусы сабралі неабходную суму грошай на калядныя падарункі дзецям палітвязняў2

У Вілейцы з'явіўся ліхтар, якому трэба ціснуць руку, а ў адказ ён здыме капялюш і запаліць святло

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?32

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка7

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →