Андрэй Пачобут знаходзіцца ў ШІЗА і не атрымлівае неабходных лекаў
Становішча асуджанага на восем гадоў журналіста цяжкае.
Андрэй Пачобут знаходзіцца ў ШІЗА і не атрымлівае неабходных лекаў. Пра гэта падчас штомесячнай акцыі салідарнасці распавёў віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. У размове з журналістамі ён ацаніў, што становішча Пачобута ў калоніі цяжкае, дзеяч па-ранейшаму знаходзіцца ў ШІЗА.
«Сям'я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў штрафным ізалятары, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, якія яму неабходныя штодня. Мы ўсялякімі спосабамі стараемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй», — сказаў Занеўскі.
Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года і праз два гады асудзілі да васьмі гадоў калоніі паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы ) і арт. 130 КК (распальванне варожасці).
Падтрымайце палітвязня: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Андрэй Станіслававіч Пачобут.
Каментары