Беларусы ў апошні час сталі больш цікавіцца экалагічным турызмам, адзначыў дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня» Іван Барок на прэс-канферэнцыі ў пятніцу. Напрыклад, на «Ельні» назіраецца «за апошнія 3-4 гады — усплёск наведванняў як арганізаванымі групамі, так і звычайнымі турыстамі», паведамляе Smartpress.
Аднак Іван Барок адзначае, што гэта мае і негатыўныя наступствы для такіх экасістэм. Нягледзячы на тое, што каля 90% наведвальнікаў лакалізаваныя на экасцежцы, спецыяльна абсталяванай драўлянымі насціламі, у апошні год з'явілася шмат наведвальнікаў, якія ходзяць проста па балоце.
«Іх прыцягваюць у цэнтры балота так званыя сухія выспы з выхадам на берагі азёр. Калі праходзіць шмат чалавек па адной сцежцы, то пасля іх застаецца літаральна будучае рэчышча ручая, якое вясной будзе моцна дрэніраваць балота», — расказаў спецыяліст.
Паводле яго слоў, на законнай падставе наведваць балоты забараніць нельга, але неарганізаваныя турысты могуць у некаторых месцах знішчаць экасістэму.
Кіраўнік заказніка таксама расказаў, што ў гэтым годзе плануецца абсталяваць асноўныя пункты ўваходу на балоты відэаназіраннем, каб зразумець, колькі менавіта чалавек іх наведваюць.
Каментары