Грамадства3535

Як Азаронак стаў такім? Новыя факты з біяграфіі самага адданага Лукашэнку прапагандыста

«Паганы змагар, хворы бруд, вырадкі, скаціны, кончаныя істоты, цвіль», — гэта толькі малая частка выразаў, якія Рыгор Азаронак ужывае ў дачыненні да сваіх апанентаў. Ëн абагаўляе Лукашэнку, мяняе цішоткі з яго цытатамі толькі на Z-таўскі мерч, спальвае бел-чырвона-белыя сцягі ў жывым эфіры і захапляецца Сталіным.

Згадваем яго шлях і расказваем некаторыя не агучаныя раней факты з біяграфіі самага адыёзнага беларускага прапагандыста, які пераплюнуў у выслужванні перад рэжымам Лукашэнкі свайго бацьку.

Уплыў бацькі — ад кніг да музыкі і выбару будучай прафесіі

Прыказка «яблык ад яблыні недалёка падае» ў сям’і Азаронкаў праявіла сябе на ўсе сто. Рыгор нарадзіўся ў 1995 годзе ў сям’і Любові і Юрыя Азаронкаў і, можна сказаць, з дзяцінства насычаўся духам нянавісці да іншадумцаў. Якраз у 1995-м на тэлеэкраны выйшаў дакументальны фільм Азаронка-старэйшага «Нянавісць. Дзеці хлусні», дзе ён параўноўваў апазіцыянераў з калабарацыяністамі часоў Другой сусветнай. Пасля гэтага Юрыю Азаронку прыляцела аплявуха ад палітыка Міколы Статкевіча.

Адной з настольных кніг у сям’і была «Народная манархія» Івана Саланевіча, прасоўвальніка перавагі манархічнага кіравання. Сярод рэліквій у доме — поўны збор сачыненняў Леніна. Усё гэта, відавочна, пакінула адбітак на асобе Рыгора.

Юрый Азаронак. Фота: kp.ru

Бацька паўплываў і на музычныя густы сына: Міхаіл Ножкін, Мікалай Емелін, Уладзімір Высоцкі, галоўным чынам — блатняк і царкоўныя песні. Усё гэта губкай увабраў у сябе малады хлопец. Што і казаць, праз колькі гадоў, калі сам Рыгор выйдзе на арэну прапаганды, песня Ножкіна «Дапамажы ім, Божа» стане саўндтрэкам у адной з самых пачварных аўтарскіх перадач «Ордэн Іуды».

Вучыўся Грыша ў 192-й сталічнай гімназіі. Даваліся яму лепш гуманітарныя навукі, а вось дакладныя — не вельмі. Хлопец быў досыць замкнёным, але крыху разняволіцца яму дапамог тэатральны гурток.

Яшчэ ў школе, па словах самога Рыгора, ён асэнсаваў, што падтрымлівае Лукашэнку.

Скрыншот перадачы «Ордэн Іуды», якая цяпер ужо не выходзіць.

Праславіўся дзякуючы скандалам

Па прыкладзе бацькі сын паступіў і ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтва, на рэжысуру кіно і тэлебачання (у 2022-м Азаронак яшчэ скончыць Акадэмію кіравання).

Людзі, якія вучыліся з ім у тыя гады, кажуць, што падчас навучання ён быў гэтакай шэрай мышкай: «няма чаго і згадаць»; «памятаю, што хадзіў вечна з хлопцам, вельмі падобным да яго, і ўсё». Але пару гісторый, якія адкрылі Азаронка не з самага лепшага боку, згадваюць.

«Для нас Азаронак праславіўся ў 2013 годзе, падчас фестываля «Лістапад». Тады развярнуўся скандал з фільмам «Лука» («Вылечыць страх», рэжысёр Аляксандр Пархоменка), прысвечанага жыццю святара Лукі, архібіскупа Сімферопальскага і Крымскага», — згадвае адзін з выпускнікоў БДАІ.

Як распавялі «Нашай Ніве» блізкія да кінафэсту людзі, гэты фільм вельмі актыўна прапіхвалі чыноўнікі. Але першапачаткова яго ўсё адно не ўключылі ў афіцыйную праграму «Лістапада». Праўда, на адкрыцці фестывалю ганаровы старшыня Генадзь Давыдзька за спінай каманды зрабіў для прэсы заяву, што карціна ў конкурсе. Каб пазбегнуць скандалу, стужку вырашылі кампрамісна паказваць на ранішнім сеансе ў кінатэатры «Цэнтральны». 

Аднак не ўсіх задаволіла і гэта. Зверху спрабавалі даціснуць, каб стужцы забяспечылі дадатковы сеанс у надзеі на тое, што за яе прагаласуюць гледачы і яна атрымае прыз глядацкіх сімпатый. Да гэтага руху далучыўся і Азаронак.

«Ëн прыйшоў на ранішні паказ са сваім сябрам, паглядзеў, што ў залі было пуста і потым пачаў у розныя інстанцыі пісаць скаргі пра тое, што ўсё пагана, што такі цудоўны праваслаўны фільм паставілі на такі час, на які людзі не маюць мажлівасці прыйсці», — расказвае адзін з выпускнікоў БДАІ.

Але ў выніку стужка атрымала толькі адну ўзнагароду, прэзідэнцкую — «За духоўнасць і гуманізм у мастацтве».

Свае ваяўніча праваслаўныя погляды Азаронак адстойваў так заўзята, што аднойчы пасля спрэчкі па гэтай тэме з ім не хацелі ехаць у адным купэ.

«Мой аднагрупнік і мастацкі кіраўнік курса разам з Азаронкам паехалі на кінафестываль. Я не памятаю дакладна дэталяў спрэчкі, але ён тады так іх абодвух раз’юшыў, што яны не хацелі вяртацца з ім назад у адным купэ. А потым у кантэксце гэтай гісторыі на факультэце пра Азаронка расказвалі як пра студэнта, мякка скажам, своеасаблівага і недалёкага», — расказвае яшчэ адзін з выпускнікоў.

Пры падрыхтоўцы дыпломнай працы Азаронак прадоўжыў сваю лінію. Ён прысвяціў працу расійскаму пісьменніку-канспіролагу Юрыю Вараб’еўскаму, зняўшы пра яго дакументальны фільм пад назвай «Салдат Хрыста».

Ад «свайго пацана з Малінаўкі» да невітальнага

Да прыходу на СТБ, куды ён першы раз трапіў яшчэ на трэцім курсе ўніверсітэта, Азаронак паспеў папрацаваць дворнікам, падсобным рабочым і педагогам-арганізатарам у школе.

Скрыншот СТБ

Па згадках былых калег, пры сваім першым з’яўленні на канале Азаронак ніяк не вылучаўся сярод іншых студэнтаў ці выпускнікоў журфака, якія марылі зачапіцца за канал, каб не адправіцца на размеркаванне ў геаграфічна далёкую раёнку.

«Ніхто не ўспрымаў яго ні сур’ёзна, ні з негатывам. Нехта быў настроены пазітыўна: ён быў такі, ведаеце, просты, зразумелы, свой пацан з Малінаўкі. Недзе нават сціплы. Ëн трапіў працаваць на самае дно ў разуменні работнікаў СТБ — выканкамаўскія праграмы «Навіны Міншчыны» і «Сталічныя падрабязнасці».

Параўноўваючы Азаронка з некаторымі практыкантамі ці нядаўнімі выпускнікамі, экс-калегі адзначаюць, што з ім было як мінімум не сумна паехаць нават у самую далёкую камандзіроўку, бо заўсёды было пра што паразмаўляць, паспрачацца.

«Ëн не дурань, досыць начытаны — мог цытаваць рускую класіку, урыўкі з рускіх вершаў. Праблема толькі ў тым, што яго веды сфакусаваныя на тым, што адпавядае яго перакананням і поглядам.

Яго памяць чамусьці вычышчала тое, што не сыходзілася з рускасветаўскай карцінай, ён такую інфармацыю ў аргументах адразу ігнараваў».

Але тое, што іх калега — «ватнік», усе зразумелі не адразу. Гэта адкрывалася з кожнай новай спрэчкай наконт Беларусі, яе будучыні, Лукашэнкі.

«Калі коратка патлумачыць, то ўсе яго наратывы зводзіліся да таго, што Беларусь — гістарычнае непаразуменне, якое адбылося праз падзенне Расійскай імперыі пад знешнімі ўдарамі, і гэтага не павінна было быць.

Для яго мы — адзін народ з рускімі і ўкраінцамі. А Лукашэнка — не прэзідэнт незалежнай рэспублікі, а той, хто нібыта быў супраць распаду СССР (хоць пры ратыфікацыі ў Вярхоўным Савеце Белавежскіх пагадненняў Лукашэнка ўвогуле не галасаваў).

У самім Азаронку няма ніякага намёку на беларускасць, таму ён і любіць Лукашэнку — ён савецкі, блізкі яму па духу чалавек».

У 2020-м Азаронак падтрымаў рыторыку высмейвання кавіду і антыкавідных мер па ўсім свеце, называючы гэта «маразмам і ўнутрыэлітнымі гульнямі». А ўжо неўзабаве стаў невітальным нават сярод людзей, якія лічыліся яго таварышам.

«Яшчэ да выбараў атмасфера на канале была досыць наэлектрызаваная. Трэба разумець, што абсалютная большасць — я зараз не схлушу, ну, працэнтаў 80, — адкрыта крытыкавалі Лукашэнку і выступалі супраць. А Азаронак жа пачаў тварыць дзіч у яго падтрымку. І не раз назіралася такая карціна. У нас на Камуністычнай, 6 ёсць унутраны дворык, ён выкарыстоўваецца для рытуалаў — калектыўнага выхаду папаліць, пабалбатаць. І там пастаянна нехта сядзіць з кавай і цыгарэтамі.

І не раз было такое, што стаяць людзі, шумная гамонка. А ідзе Азаронак, працягвае руку, а ніхто ў адказ яму не працягвае. І такая звонкая цішыня», — расказваюць сведкі.

«Нават яго найлепшы сябра, з якім яны хадзілі разам на піва, ад яго тады адвярнуўся і камунікаваў выключна ў межах працоўнага заканадаўства: на пратэстах у яго пацярпеў брат».

Трыгерам для калег паслужыла рыторыка праграмы «Таемныя спружыны палітыкі», а ўжо зусім недаравальным стаў сюжэт пра тое, як усё выдатна і ўтульна на Акрэсціна, які Азаронак выпусціў у верасні 2020 года, калі там зусім нядаўна катавалі людзей (а потым і прадоўжылі здзекавацца).

Глядзіце. Ізалятар на Акрэсціна: новыя здзекі, прызнанні экс-супрацоўніка ІЧУ і пратэсты ў Беларусі — фільм Нашай Нівы 

Што зрабіла Азаронка заўзятым прапагандыстам?

Экс-калегі адзначаюць, што не раз задаваліся гэтым пытаннем у кулуарах:

«Відаць, гэта ўсё заўсёды было ў ім на падсвядомым узроўні. І гэта якраз вылазіць у ім на камеру, бо ў асабістай камунікацыі ён быў простым пацаном з Малінаўкі, якому па кайфу ўвечары з пацанамі пасядзець і гарэлкі ці піва папіць. Такі рускі Іван».

Знаёмыя адмятаюць, што прычынай магло паслужыць тое, што ад яго адвярнуліся многія людзі.

«Ëн успрымаў гэта як крыж, такое самаахвяраванне. У ім жа прасочваецца ваяўнічае праваслаўе. І вось нібыта тое, што ён стаў пакутнікам у барацьбе за ідэю, толькі ўзмацніла яго веру».

Не цураўся ездзіць «зайцам», каб зэканоміць

Факт таго, што бацька Рыгора таксама працаваў на тэлебачанні ў якасці прапагандыста, сын ніяк не афішаваў. Многія калегі з новага пакалення пра таго Юрыя Азаронка нават і не ведалі. Як і тое, што перадача «Таемныя спружыны палітыкі» — гэта адроджаная версія аднайменнай праграмы Азаронка старэйшага.

«Я асабіста не быў у курсе, хто яго бацька. Грыша пра яго не згадваў і ніяк яго імя не выкарыстоўваў. Пра яго сям’ю звесткі ўсплылі ў нашым асяроддзі бліжэй да 2020-га. У Грышы спрабавалі пра бацьку нешта пытаць, але ён толькі казаў, што той працуе вартаўніком і ніякага дачынення да тэлебачання цяпер не мае»,— кажа адзін з былых калег.

Маці Рыгора была супрацоўніцай «Мінсктранса», што павесяліла многіх, калі стала вядома, што твар прапаганды ездзіць грамадскім транспартам «зайцам» і мае за гэта як мінімум шэсць адміністрацыйных спагнанняў.

«Ëн апранаўся беднавата, было бачна, што эканоміць. І па гэтай жа прычыне ездзіў у грамадскім транспарце «зайцам».

Праўда, па апошніх звестках, перададзеных «Нашай Ніве» Belpol, маці Рыгора Любоў цяпер на пенсіі, а апошняе месца працы бацькі — спецыяліст Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Колькі каштуе праца прапагандыста такога ўзроўню?

Але акурат у жніўні 2020-га Азаронак змог дазволіць сабе прыезды на працу на таксі.

«Відаць, яму накінулі грошы за новыя аўтарскія праграмы, бо звычайныя карэспандэнты на навінах маглі атрымліваць усяго 500-600 рублёў», — кажа экс-калега.

У выніку за 2020 год Азаронак зарабіў каля $10400, ці прыблізна $865 на месяц (такія лічбы мы атрымалі на аснове дадзеных у базе ФСАН, звесткі з якой прадаставіў «Белпол»). 

Дзяўчына, да якой падкатваў, аказалася змагаркай

Былыя калегі таксама згадваюць, што пасля выбараў у калектыўных спрэчках Азаронак неяк прызнаў, што большасць магла прагаласаваць не за Лукашэнку: «Але, маўляў, большасць можа памыляцца».

З гэтай «большасцю» Азаронак сутыкнуўся, калі ўпершыню быў заўважаны ў спробах пабудаваць адносіны з супрацьлеглым полам.

«Падкатваў да адной стажоркі, клікаў пагуляць. Але дзяўчына аказалася «латэнтна змагарскіх поглядаў», сімпатызавала апазіцыйным варушнякам. Ну, і Азаронку яна адмовіла».

У іншых спробах наладзіць рамантычнае жыццё Азаронак заўважаны не быў. У адным з інтэрв’ю ён сам казаў, што пакуль служыць краіне, не да адносін. Пры гэтым на тэлебачанні вядучы пастаянна заклікае беларусак нараджаць дзяцей, крытыкуе познія шлюбы і ідэалогію чайлдфры.

Скрыншот: інстаграм Азаронка

Не пайшоў у КДБ, але стаў чэкістам у прамым эфіры

Не сакрэт, што кар’еру на СТБ Рыгор перапыняў дзеля службы ў арміі — ён адслужыў у 56-м Тыльзіцкім асобным ордэна Чырвонай Зоркі палку сувязі. Яго вельмі прываблівала рамантыка войска, маршы, спевы. Там ён рэальна выслужваўся.

Пасля яму прапанавалі пайсці ў КДБ, але, нібыта параіўшыся з тагачасным кіраўніком СТБ Кірылам Казаковым, ён вырашыў вярнуцца на канал. Начальнік пераканаў, што ў Азаронка будзе магчымасць паслужыць радзіме і без пагонаў. «Але я доўга думаў [наконт КДБ]: усё ж рамантыка, Штырліц, чэкісты».

У прынцыпе яго захапленне чэкістамі цудоўна раскрылася ў жывым эфіры: ён не толькі дазваляе сабе выносіць прысуды без суда за грошы беларускіх падаткаплатнікаў, заклікае да расправаў над апанентамі, але і тыражуе відэа з пакаяннямі беларусаў. У некаторых ён нават паўдзельнічаў сам: напрыклад, з затрыманым пасля твіта «фу, са мной у трэнажорцы Азаронак» Андрэем Гурэўскім.

Азаронка не раз спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за распальванне сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК), але, на жаль, сёння закон у Беларусі ў такіх выпадках дзейнічае толькі ў адзін бок, караючы тых, хто не падтрымлівае рэжым. Яго ж служкам законы могуць быць не пісаныя.

Даволі чакана Азаронак падтрымлівае вайну ва Украіне: ён неаднаразова наведваў акупаваныя тэрыторыі, рабіў рэпартажы з Данбаса.

Фота: інстаграм Рыгора Азаронка

Калі ў адным з эфіраў у Азаронка спыталі, што значыць літара Z у яго на грудзях, ён выбухнуў маналогам:

«Літара «Z» — знак спецыяльнай вайсковай аперацыі (СВА), якую праводзіць Расія. Гэта знак супрацьстаяння глабальнаму маразму, у якім збеглыя вырадкі на самым дне харчовага ланцужка. Дзе яны аблізваюць адзін аднаго, а літоўцы — палякаў, палякі — ангельцаў, ангельцы — амерыканцаў, і ўсе разам тонуць у гэтым колазвароце атручанай сліны».

Хто прыдумаў адрэзаць язык Азаронку?

Па словах прапагандыста, самы шчаслівы момант яго жыцця — тая сітуацыя, калі Лукашэнка расказваў на ўсю краіну пра спробу «замаху» на Азаронка. «Не думаю, што нейкае ўражанне ў жыцці пераб’е гэта», — прызнаецца Рыгор.

«Вывезці ў лес у самае глухое месца, адрэзаць язык. Узяць нажніцы, каб сам гэта зрабіў. Калі не зробіць сам — той, хто быў наняты за дзесяць тысяч даляраў, павінен быў ажыццявіць гэтую аперацыю, засняць на камеру і выкласці ў інтэрнэт. Калі не атрымаецца — забіць», — з такой прамовай Лукашэнка выступаў напярэдадні 3 ліпеня.

Зразумела, усё было не зусім так. Ідэя замаху на Азаронка належала Атрадам грамадзянскай самаабароны, створаным у тэлеграме выхадцам з Расіі Дзянісам Хромавым па мянушцы «Дзіс». Супрацоўнікі КДБ укараніліся ў групу ад самага пачатку яе існавання. Яны правакавалі людзей на радыкальныя дзеянні, для многіх гэта скончылася жорсткімі прысудамі — аж да 20 гадоў зняволення. А сам «Дзіс» проста знік з інтэрнэта.

Чытайце. «Справа АГСБ»: як КДБ арганізоўваў «тэракты»

Што да нападу на Азаронка, абвінавачаным па справе стаў лідскі таксіст Дзмітрый Сасноўскі. Кэдэбісты забралі яго на сваёй машыне, выдалі яму электрашокер, прывезлі на месца «злачынства». Супрацоўнік КДБ узяў з сабой пісталет.

Падчас нападу відаць, як няўзброены Сасноўскі пачынае нерашуча ісці следам за Азаронкам, а перад ім упэўнена рушыць узброены супрацоўнік КДБ. Сілавік кідаецца на Азаронка, а Сасноўскага адразу скручваюць іншыя супрацоўнікі.

Дый адразаць язык ніхто не збіраўся — у судзе выявілася, што змоўшчыкі збіраліся прадставіцца супрацоўнікамі ГУБАЗіК, забраць прапагандыста з сабой у машыну і запісаць з ім «пакаяннае відэа» ў губазікаўскім стылі.

Дзяржаўныя СМІ публікавалі пакаяльны ліст Сасноўскага з СІЗА. Аднак у судзе ён не прызнаў віну і атрымаў 20 гадоў зняволення.

Цікава, што калі ў 2021-м судзілі перакладчыцу Вольгу Калацкую, якая дала Азаронку дзве аплявухі, ён выступаў за спыненне крымінальнай справы. У судзе Рыгор казаў, што заяву на Калацкую не пісаў і ўвогуле не лічыць, што жанчына яго абразіла: «Пра эпізод я забыўся ў той жа вечар. Я хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу і настойваў аб спыненні справы. Падтрымліваю гэтую сваю пазіцыю і цяпер».

Калацкая тады атрымала 2 гады хатняй хіміі. Адметна, што Азаронак палічыў гэты тэрмін жорсткім і заявіў, што прысуд будзе выкарыстоўвацца супраць яго для нагнятання абстаноўкі.

«Мара: праз 10 год зняць фільм пра Лукашэнку»

На фотаздымках у асабістых сацсетках Азаронак то з супрацоўнікамі міліцыі, то з вайскоўцамі, то з прапагандыстамі, то з Лукашэнкам. У адным з інтэрв’ю ён сам прызнаваўся, што вольнага часу ў яго асабліва і няма: «Нават у сне бачу сюжэты перадач». І можна было б парадавацца за беларуса, які знайшоў сваю ўлюбёную справу, калі б гэта не было працай у імя аднаго чалавека.

Вось усяго толькі некалькі цытат:

«Калі пашанцавала служыць такому чалавеку (Лукашэнку), гэта самая сапраўдная ўдача ў жыцці».

«Прэзідэнт для мяне — узор».

«Лукашэнка — самы моцны палітычны лідар на еўрапейскім кантыненце».

«Мара: калі праз 10 год даручаць зрабіць добры фільм пра чарговыя перамогі прэзідэнта, я буду рады».

Круцейшы за Лукашэнку для Азаронка толькі бог і Сталін — яшчэ адзін яго кумір. Але яму ўжо на гэтым свеце не папрыслужваеш.

Нават на ўзнагароджанне прэміяй «Тэлевяршыня-2022» Азаронак прыйшоў у майцы з Лукашэнкам, у той момант калі яго калегі апранулі гламурныя строі

Такая вернасць дыктатуры знаходзіць сваю ацэнку: спачатку Лукашэнка запрасіў Азаронка разам святкаваць Новы год, а потым узнагародзіў медалём «За адвагу», звязанай з яго вернасцю падчас выбараў-2020 і пасля іх. «Любімы» ж Азаронкам Захад узнагародзіў яго санкцыямі. На ютубе яго канал выдаляўся ўжо шэсць разоў.

Каментары35

  • Ганьба
    19.03.2024
    Усё прасцей - тут прыдатная цытата Нямцова пра Пуціна. :)
  • гага гагарин
    19.03.2024
    бабы нет. детей нет. а любить кого то надо.
  • Чабурашка
    19.03.2024
    [Рэд. выдалена]

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →