Басіст «Дзецюкоў» паламаў дзве нагі, але ўсё магло скончыцца яшчэ горш
Андрэя Пятко, вядомага пад сцэнічнай мянушкай «Пітон», знайшлі непрытомным у лесе. Цяпер музыка збірае дапамогу.
Як расказалі «Нашай Ніве» у гурце, Андрэй на прагулцы ў лесе аступіўся і зрынуўся са стромкага адхону ў роў.
На яго, непрытомнага, натрапілі мясцовыя жыхары, якія выклікалі хуткую дапамогу. У бальніцы дыягнаставалі пералом абедзвюх ног. Музыка шпіталізаваны.
Пра здарэнне стала вядома з закліку «Дзецюкоў» дапамагчы ў аплаце лячэння і рэабілітацыі.
Як падтрымаць музыку, глядзіце тут.
Здарэнне з Андрэем адбылося за тыдзень да канцэрта гурта, прысвечанага Дню Волі. Яго выступленне не адмяняецца.
Лідар гурта Алесь Дзянісаў кажа, што ў калектыве траўмаваны не толькі Пятко, але і яшчэ адзін музыка. Напачатку года зламаў нагу гітарыст, які цяпер ходзіць на мыліцах.
«24 і 25 сакавіка мы будзем удзельнічаць у канцэрце. Басісту мы знойдзем замену, а гітарыст будзе іграць седзячы», — адзначае Дзянісаў.
***
Фольк-панк гурт «Дзецюкі» заснаваны ў 2012 годзе ў Гродне. У яго рэпертуары беларускамоўныя песні гісторыка-патрыятычнай тэматыкі. У 2014-ым партал Tuzin.FM назваў «Дзецюкоў» героямі года.
У 2021 годзе музыкі вымушана выехалі з Беларусі з-за пагрозы арышту і немагчымасці займацца творчасцю. У выгнанні гурт дае канцэрты і запісвае новыя песні.
«Дзецюкі» жывуць і працуюць у розных гарадах Польшчы. Андрэй Пятко асеў у Лодзі.
Музыкі зарабляюць на жыццё хто чым можа. Адзін з іх, Уладзіслаў Бернат, у Беластоку ўладкаваўся на смеццявоз. Алесь Дзянісаў зарабляе відэамантажом у адной з варшаўскіх фірмаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Былога гітарыста гурта Dzieciuki Андрэя Пудзіна арыштавалі на 15 сутак за «экстрэмізм»
Каментары