«Заўвагі не адпавядаюць…» Як у Віцебску прайшло абмеркаванне ўстаноўкі флагштока
Спачатку гараджан паставілі перад фактам, што ў горадзе будзе флагшток, а потым — што будзе цэлая плошча. Заўвагі і сумневы адносна мэтазгоднасці гэтай ідэі проста прапусцілі «міма вушэй», піша «Віцебская вясна».
Ніводнае з пяці пісьмова выкладзеных меркаванняў наконт стварэння ў Віцебску адмысловай плошчы для ўсталявання флагштока, не было прызнана слушным. Нават памылку ў назве «Плошча флага і герба», на якую ўказалі ўдзельнікі абмеркавання, аўтары праекта не прызналі — адказалі, што назва плошчы «прадстаўлена як перспектыўная прапанова» і што канчатковы варыянт будзе зацвярджацца гарвыканкамам.
Грамадскае абмеркаванне тычылася ўзвядзення новага аб'екта гарадской інфраструктуры — флагштока для дзяржаўнага сцяга вышынёй 69 метраў. Чаму вышыня менавіта такая? Таму, што гэта будзе «выраб завадской камплектацыі». Такі адказ атрымалі тыя, хто лічыць вышыню флагштока не суадноснай з суседнімі пабудовамі.
Таксама ўдзельнікі грамадскага абмеркавання звярталі ўвагу на падмену самога прадмета абмеркавання: гараджан праінфармавалі пра намер усталяваць флагшток, а насамрэч аказалася, што пад яго запраектавана цэлая плошча з двума святладыёднымі экранамі, гранітнай кампазіцыяй з назвай, пераноснымі кветнікамі, лаўкамі, сістэмай асвятлення і відэаназірання і брукаванкай на доле. Мяркуецца, што плошча зможа змясціць да 2-х тысяч чалавек.
А наконт таго, што пра плошчу ў пачатку і размовы не было, аўтары канцэпцыі блытана патлумачана, што ў дадзеным выпадку «не прадугледжана стварэнне плошчы як інжынерна-транспартнай інфраструктуры».
Што ж тады прадугледжана на тэрыторыі 0,57 га — не тлумачыцца зусім.
Былі заўвагі і пра тое, што ў праектнай дакументацыі не прыводзіцца кошт ажыццяўлення ідэі. Прыкладам, флагшток, усталяваны ў Гомелі, абышоўся бюджэту ў амаль мільён долараў.
У Віцебску грошай спатрэбіцца больш — з улікам святладыёдных экранаў, інтэрактыўнай панэлі і г. д. Але пра грошы з удзельнікамі абмеркавання размаўляць ніхто не захацеў: маўляў, сума будзе ўдакладняцца па меры ажыццяўлення праекта.
Зрэшты, не была патлумачана і прынцыповая неабходнасць з'яўлення ў Віцебску яшчэ адной плошчы для дзяржаўных урачыстасцяў — з улікам таго, што гэтыя функцыі цалкам выконвае Плошча Перамогі.
Падрабязна пазнаёміцца з тым, якія адказы атрымалі ўдзельнікі абмеркавання, можна тут.
Каментары
P.S. Кидайте свои к@.@шки.