Асірацелі міратворчыя сілы казацкай гвардыі Беларусі — памёр псеўдагенерал Сяргей Новікаў
«Нашай Ніве» стала вядома, што нядаўна памёр Сяргей Новікаў — адна з самых карыкатурных фігур гэтак званага беларускага «казацтва». Ураджэнец Столінскага раёна абвясціў сябе генерал-лейтэнантам. А потым пачаў прапаноўваць «вырашэнне справаў» і звязаўся з наркотыкамі. Складаем партрэт аднаго з топ-казакаў Беларусі.
Нарадзіўся Сяргей Новікаў у 1966 годзе. Біяграфія за савецкім часам цьмяная і недакладная. У часы незалежнасці папрацаваў у сферы харчавання, у 2002 годзе прысвоіў сабе генеральскае званне, абвесіў грудзі медалямі калчакаўскіх франтоў і заснаваў арганізацыю «Міратворчыя сілы казацкай гвардыі».
Мэтай міратворчых сілаў стала «аб'яднанне лепшых прадстаўнікоў казацтва, лепшай часткі спадчынных казакаў, а таксама, у парадку выключэння, іншых асобаў, якія валодаюць высокай маральнасцю і высакародствам».
Па звестках «Белпола», у 2014 і 2015 годзе супраць яго праводзіліся праверкі па факце незаконнага абароту наркотыкаў. Яны нічым не скончыліся, што для Беларусі безумоўная рэдкасць.
У 2016 з Новікава знялі забарону на выезд з Беларусі. Ён выехаў і пагарэў у Маскве, дзе расійскія камерсанты здалі яго ў ФСБ.
Новікаў прапаноўваў за сціплы 1 мільён еўра дапамагчы «Тэкону» ў баданні з італьянскім контрагентам у Стакгольмскім арбітражы. Маўляў, там мой зямляк у суддзях, ён дапаможа. Мільён еўра Новікаву заплацілі, толькі фальшывых, а фээсбэшнікі адразу ж зашчоўкнулі кайданкі.
Колькі «генерал-лейтэнант» правёў у расійскіх засценках, невядома. Але ў 2020 у яго зноў узніклі непаразуменні з наркотыкамі ў Беларусі — яго зноў, трэці раз, правяралі на датычнасць да распаўсюду. Але зноў прыйшла адмова.
Як вядома «Нашай Ніве», заўчасная смерць Новікава звязаная з хваробай.
Разам з яго смерцю, верагодна, перастае існаваць і арганізацыя «Міратворчых сілаў казацкай гвардыі».
Такім чынам развіваць фетыш-субкультуру казацтва ў краіне застаюцца «Беларускае казацтва», «Усебеларускае аб’яднанае казацтва» і «Казачы спас».
Каментары
Маскоўскі АГЕНТ , як і ўсе рпцэшнікі , ці нашы расеізатары