Вяселле і драма кахання года, самы гучны зліў і нечаканае вяртанне — асноўныя людзі і падзеі 2024 года
«Наша Ніва» падводзіць вынікі. Хто нас здзівіў, парадаваў і шакаваў у гэтым годзе?
Ваяр года — Павел Шурмей
Павел Шурмей з пазыўным «Дзядзька» стаў камандзірам Палка Каліноўскага. На яго плечы лягла няпростая задача — рэфармаваць беларускае падраздзяленне пасля скандалу з папярэднім кіраўніцтвам і палепшыць яго імідж. Былы вясляр-чэмпіён ваюе за Украіну з сакавіка 2022 года. Ён быў у Ірпені, на поўдні Украіны, пад Мікалаевам, на Херсоншчыне, у Севераданецку, у Запарожскай вобласці і Бахмуце.
Фота года — Марыя Калеснікава
Апошні раз Марыя Калеснікава бачыліся з блізкімі ў снежні 2022-га — калі трапіла ў турэмную бальніцу з прабадной язвай. Пра тое, каб блізкім дазволілі наведаць яе, падчас інтэрв’ю з Лукашэнкам загаварыў карэспандэнт Бі-бі-сі Стыў Розенберг. Неўзабаве бацьку Марыі далі сустрэцца з дачкой. Фота іх сустрэчы было зроблена ў турэмным шпіталі гомельскай калоніі.
Іх суправаджаў блогер-зваршчык Раман Пратасевіч. Бацька абмяркоўваў таксама з Марыяй магчымасць звароту да Лукашэнкі аб памілаванні.
Тэндэнцыя года — памілаванні палітвязняў
З ліпеня па памілаванні выйшлі 227 чалавек. Усяго было восем хваляў. Сярод вызваленых — Ксенія Луцкіна, Дар'я Лосік, Рыгор Кастусёў, Дзмітрый Лукша і многія іншыя. Меркавана, так Лукашэнка хоча паспрабаваць наладзіць адносіны з Захадам, але крокавых паслабленняў тэрору для гэтага недастаткова.
Нягледзячы на памілаванні, рэпрэсіі не спыняюцца, а ад некаторых вядомых палітвязняў — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Мікалая Статкевіча — амаль два гады няма навін.
Вяртанне года — Наталля Пяткевіч
Для амерыканскай і сусветнай палітыкі вяртанне года — гэта, бясспрэчна, Дональд Трамп. З ім звязваюць адначасова і вялікія страхі, і смелыя надзеі.
Для беларускага палітычнага тэатра гучным вяртаннем стала Наталля Пяткевіч, якая апошнія 10 гадоў пражыла за мяжой. Колішнюю прэс-сакратарку Лукашэнкі і адказную за ідэалогію ў яго Адміністрацыі паклікалі назад у Мінск з ЗША, каб элегантна правесці выбарчую кампанію — 2025.
Цяпер гэта адна самых уплывовых з чыноўніц, здольная пасунуць дзвюх другіх Наталляў — Качанаву і Эйсмант.
Салідарнасць года — затрыманыя за дапамогу палітвязням
Каб аслабіць грамадзянскую супольнасць, сілавікі сталі паляваць на тых, хто дапамагае палітвязням. За краты трапілі некаторыя сваякі палітвязняў і проста неабыякавыя людзі, якія дасылалі лісты асуджаным за палітыку ці куплялі прадукты для іх сем'яў.
Але і на гэтым паляванне не скончылася. Улады прызналі «экстрэмісцкім» нават сэрвіс «Письмо.бел», праз які дасылаліся лісты ў тым ліку і палітвязням. Стваральнікі сэрвісу арыштаваныя.
Спецаперацыя года — вываз Верамейчыка
Былы каліновец і колішні беларускі афіцэр Васіль Верамейчык быў арыштаваны ў В'етнаме 13 лістапада 2024 года. Усе дэталі дакладна невядомы, але на наступны дзень пасля затрымання ваяра дэпартавалі ў Беларусь. КДБ паказаў пастановачныя кадры, як Верамейчыка ў наручніках выводзяць з самалёта.
Крындж года — флэшмоб «Надо!»
Пасля таго як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пойдзе на выбары, толькі калі народ скажа «Надо!», ідэалагічны апарат кінуўся рэалізоўваць новы флэшмоб. Цэлыя калектывы заганялі ў кадр, каб тыя гучна крыкнулі «Надо!». Не ўсе работнікі нават разумелі, у чым яны здымаюцца. А прапагандысты Пятроўскі з Дзермантам так расстараліся, што запісалі заклік і па-польску. Лукашэнка чакана пераконваў, што Наталля Эйсмант да арганізацыі флэшмобу не датычная.
Зліў года — база зваротаў у КДБ
Кіберпартызаны атрымалі доступ да 40 тысяч зваротаў на сайце КДБ за 9 гадоў. Трэба акрэсліць, што гэта не толькі даносы: абсалютную большасць лістоў даслалі спамеры. Таксама ёсць звароты пра пошук рэпрэсаваных сваякоў, з пытаннямі пра працу, ад стукачоў з Расіі. Колькасць даносаў ад беларусаў, найхутчэй, не перавышае 1000-2000.
Іншыя гучныя злівы Кіберпартызанаў гэтага года — база памерлых беларусаў і перапіска рэктара БДУ Андрэя Караля.
Экстрэмісцкі верш года — «Хто ты гэткі»
У пачатку года экстрэмісцкай прадукцыяй прызналі відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Гэты тэкст цалкам скампіляваны з радкоў верша Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісанага будучым класікам у час нацыянальнага абуджэння, калі беларусы стаялі на раздарожжы гісторыі і шукалі адказу, хто яны ёсць і якое іх месца ў гэтым свеце.
Субкультура года — квадроберы
Гэтая падлеткавая субкультура (сэнс у тым, што дзеці перамяшчаюцца на карачках, імітуючы рухі жывёл) не дае спакою чыноўнікам. Дзяржпрапаганда ставіла модную субкультуру ў адзін шэраг з сатанізмам. А міліцыя заяўляла, што калі паводзіны квадробераў парушаюць грамадскі парадак (напрыклад, скачуць на мінакоў), іх могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства.
Драма кахання года — гібель Канстанціна Кальцова
Былы хакеіст зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў загінуў ва ўзросце 42 гадоў. Трагедыя адбылася ў гатэлі ў Маямі, Кальцоў выкінуўся з балкона гатэля. Незадоўга да гэтага спартовец расстаўся з тэнісісткай Арынай Сабаленка. «Хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разбітае», — напісала пазней Сабаленка.
Кальцова пахавалі ў Мінску. Сабаленка ж знайшла новае каханне — бізнэсмена і аўтагоншчыка Георгіаса Франгуліса, які дзеля беларускай тэнісісткі кінуў сям'ю. Як у свой час і сам Кальцоў.
Бюракратыя года — выбары ў Каардынацыйную раду
Гэта гульня ў палітыку не выклікала цікавасці ў насельніцтва. У галасаванні прынялі ўдзел 6 тысяч чалавек. Гэта тлумачыцца і застрашваннем з боку сілавікоў, і тым, што для многіх незразумела, якую ж функцыю ў цяперашнім раскладзе палітычных сіл можа выконваць Каардынацыйная рада.
«Беларусы паказалі чырвоную картку гульні ў бюракратыю», — разважаў журналіст Дзмітрый Гурневіч.
Гурт года — «Пятля прыхільнасці»
Іх новы альбом «Суперпазіцыя» выйшаў на беларускай мове. Некалі лідар гурта Ілля Чарапко прызнаваўся, што яму бракуе смеласці, каб пачаць пісаць па-беларуску. Змяніліся абставіны, змяніўся Ілля, змянілася «Пятля».
У некаторых расійскіх фанатаў ад гэтага падгарэла, але беларускія аматары «Пятлі» ацанілі прэм'еру.
«Альбом аб пачуццях назіральніка за катом Шродынгера. У ролі ката — наша з вамі ўсіхная будучыня. Аб роспачы, праз прызму якой усё ўжо выглядае мёртвым, і надзеі, якая дазваляе бачыць яго жывым. Пра невыноснасць перажывання суперпазіцыі аб'екта наш новы поп-альбом», — так характарызуе яго сам гурт.
На песню «Штосьці добрае» музыкі таксама запісалі кліп.
Вяселле года — Маргарыта Ляўчук
Оперная дзіва выйшла замуж за ўкраінскага вайскоўца Руслана Карнійку. Ён служыць у супрацьпаветранай абароне, збіў каля дзясятка дронаў на подступах да Харкава. Сама спявачка ездзіла на фронт выступаць перад вайскоўцамі разам з украінскім Культурным дэсантам. Тады і пазнаёмілася з Русланам.
Цяпер Маргарыта жыве ў Харкаве. Нядаўна пара стала бацькамі — у іх нарадзіўся сын.
Каментары
Вельмі не хапае згадкі, што частка паказала чырвоную картку таксама цэнзуры (недапушчэнню часткі беларускіх кандыдатаў) і ідэалагізацыю ў форме ўпіхання гендарных квот для жанчын.
Как по мне.то воин года бывший командир артилерии ПКК.
К сожалению.он не согласился с "переменами" в Полку и ушёл в ЗСУ