Культура3232

У тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча не засталося беларускіх твораў

Але знайшлося месца для невядомых драматургаў з расійскай глыбінкі. 

Музычная казка «Сцяпан-салдат на выдумкі багаты». Фота: teatr-bobr.by

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які размяшчаецца ў Бабруйску, абнавіў свой рэпертуар. У новым рэпертуары не знайшлося месца для беларускіх твораў, амаль усе спектаклі пастаўлены па творах рускіх аўтараў, часта — малавядомых. 

У чэрвені, у апошні месяц перад тэатральнымі канікуламі, бабруйчанам прапануюць наведаць наступныя пастаноўкі.

Самым маленькім прапануюць прэм’еру музычнай казкі «Сцяпан-салдат на выдумкі багаты», створанай паводле рускага фальклору. І хоць па сюжэце ваяку давядзецца ўсяго толькі абвесці чорта, каб выратаваць прыгажуню, на фоне расійскага ўварвання ва Украіну такая пастаноўка выглядае двухсэнсоўнай.

Рэпертуар тэатра на чэрвень. Фота: teatr-bobr.by

Ёсць яшчэ і іншыя казкі, таксама небеларускія: музычная «Дом для парасят» паводле англійскай народнай казкі, лірычная камедыя «Старая зайчыха» паводле екацярынбургскага драматурга Мікалая Каляды, музычная казка «Бураціна» паводле Аляксея Талстога і казка «Лясны гадзіннік» паводле аднайменнай п’есы ўкраінскага драматурга Георгія Сцяфанава.

Больш старэйшым прапануюць пастаноўку «Нюрнберг. Лава падсудных» — разважанні расійскага драматурга Аляксандра Ігнашова пра Нюрнбергскі працэс і тое, хто будзе кіраваць пасляваенным светам, рускія ці амерыканцы. Перадзел свету — надзвычай актуальная тэма ў расійскім прапагандысцкім дыскурсе. 

Спектакль «Нюрнберг. Лава падсудных». Фота: teatr-bobr.by

Штрых да партрэта аўтара: у 2011 годзе самарскі журналіст і выкладчык Ігнашоў быў адзіным падазраваным у справе аб забойстве сваёй аспіранткі, якая, як паказала экспертыза, зацяжарыла ад яго. Дастатковых доказаў, каб пасадзіць Ігнашова, не знайшлі, забойства застаецца нераскрытым дагэтуль. Так што тэма судовых працэсаў над злачынцамі сапраўды блізкая драматургу.

Сюды ж і лёгкая шлюбная камедыя «Божыя дзьмухаўцы», напісаная дзіўнагорскім драматургам Андрэем Івановым. Яе мастацкія якасці адзін расійскі тэатрал апісаў словамі «моташна і агідна».

Родны малавядомаму аўтару Дзіўнагорск, калі гэта не прыгожы творчы псеўданім, знаходзіцца ад Бабруйска за 4800 км — здавалася б, не самы відавочны выбар для беларускага тэатра.

«Божыя дзьмухаўцы» паводле дзіўнагорскага драматурга Андрэя Іванова. Фота: teatr-bobr.by

І яшчэ фантастычная трагікамедыя «Томі» паводле зноў жа расійскага драматурга ​​Анастасіі Букрэевай.

Для тых, каму споўнілася 16 гадоў, у рэпертуары тэатра ёсць трагікамедыя «Каханне маё права!» па матывах твораў Аляксандра Астроўскага, галоўнага расійскага драматурга XIX стагоддзя.

Сярод пастановак твораў іншых замежных аўтараў: камедыя ў двух актах «Мадам Рубінштэйн» паводле п'есы аўстралійскага драматурга Джона Міста ды прывезены з Мінскага лялечнага тэатра «Пансіён Бельведэр» паводле Матэа Сп’яцы.

Балада пра салдата «Васіль Цёркін» паводле Аляксандра Твардоўскага. Фота: teatr-bobr.by

А дзе ж беларускае ў тэатры, названым імем класіка беларускай літаратуры? А яго няма.

Адзіную пастаноўку, якую можна ўмоўна аднесці да беларускіх — балада пра салдата «Васіль Цёркін» паводле Аляксандра Твардоўскага. Рускамоўны паэт са Смаленшчыны паходзіў з беларускай сям’і, гаварыў з заўважным беларускім акцэнтам і падтрымліваў блізкія стасункі з беларускімі літаратарамі. Але і «Васіля Цёркіна» ставяць, відавочна, не праз беларускасць аўтара, а таму што твор пра вайну.

«Каханне маё права!» па матывах твораў Аляксандра Астроўскага. Фота: teatr-bobr.by

Вытлумачыць гэтую прыкрую сітуацыю могуць кадравыя змены ў тэатры.

З 2007 года бабруйскім тэатрам нязменна кіруе Вераніка Вінель, якая да гэтага ў тэатры была галоўнай бухгалтаркай. Менавіта на гэтую спецыяльнасць яна вучылася ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Прызначэнне на такую пасаду чалавека, далёкага ад культуры, з першага погляду выглядае дзіўным, але насамрэч дырэктару тэатра дастаткова быць эфектыўным менеджарам. 

За рэпертуарную частку адказваюць іншыя людзі. У першую чаргу гэта загадчык літаратурнай часткі, пасаду якога займае Таццяна Мурманцава. Мурманцава прынамсі ўсе свае сацсеткі вядзе па-беларуску. 

Галоўны рэжысёр бабруйскага тэатра Дзмітрый Нуянзін. Скрыншот трансляцыі Беларусь 4

Але звяртае на сябе ўвагу постаць галоўнага рэжысёра тэатра Дзмітрыя Нуянзіна. Нуянзін нарадзіўся ў горадзе Ачынску ў Краснаярскім краі. Скончыў у 1994 годзе Харкаўскі інстытут мастацтваў і да 2014 года працаваў галоўным рэжысёрам у Брэсцкім тэатры лялек. Нарэшце вярнуўся на радзіму, у Ачынскі драматычны тэатр, якому агулам прысвяціў 25 гадоў свайго жыцця — падчас працы ў Брэсце ён 1-2 разы на год прыязджаў у родны горад ставіць спектаклі. 

У 2023 годзе Нуянзін стаў галоўным рэжысёрам у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Нікога бліжэй за радыус у 4000 км адшукаць, відаць, не змаглі. Аналагічны кадравы голад пасля 2020 года адчуваюць і іншыя тэатры: адны прафесіяналы сышлі самі, іншых звольнілі за палітыку. Пасада галоўнага рэжысёра ў знаёмым Брэсцкім лялечным тэатры не дасталася Нуянзіну, бо яе за год да таго прапанавалі Дзянісу Казачуку, «сыну афіцэра» з Хабараўска, які з Беларуссю ніяк не быў звязаны.

«Рускае таварыства» пра Нуянзіна. Скрыншот допісу ў ВК

Менавіта паходжанне Нуянзіна тлумачыць з’яўленне ў рэпертуары твораў малазнаёмых расійскіх аўтараў, напрыклад, драматурга Андрэя Іванова з Дзіўнагорска.

Дзіўнагорск, як і Ачынск — гэта невялікія гарады на поўдні Краснаярскага краю. А яшчэ Нуянзін вялікі сябар «Рускага таварыства», як яно само піша, і бярэ ўдзел у ягоных ініцыятывах у Беларусі. 

Бабруйскі тэатр і раней не адрозніваўся нацыянальным каларытам. У мінулым сезоне паставілі аднаго толькі «Несцерку», цяпер жа не засталося анічога.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары32

  • Acab
    07.06.2024
    Што б ня ставілі ў дзяржтэатры, гэта ня дзеля гледача, але міністра культуры
  • Загадочная душа
    07.06.2024
    Беларусь.Хроники оккупации 2024.
  • *
    07.06.2024
    А чаму там павіннаы быць беларускія творы? Незразумела. Увогуле - што такое Беларусь і культура Беларусі? Дзе яна? Ау. Магілеў гэта рускі горад, гэта стаўка рускага цара. Дый прабачце - хто такі гэты Дунін-Марцынкевіч? Хто гэта, што гэта? Ужо даўно пара змяніць назву. Нейкі местачковы нацыяналізм тут развялі

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»26

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла відэа, на якім спалоханы кіраўнік нацысцкага атрада «Русіч» дрыжыць у абдымках кадыраўцаў42

Прэс-сакратарка Ціханоўскай: Офіс не меў дачынення да прызначэння кіраўніцтва «Белсата»45

Прэм'ер Канады пакідае пасаду кіраўніка партыі. Пазней ён пакіне і крэсла прэм'ера6

Афрыка можа разламацца на дзве часткі хутчэй, чым чакалі навукоўцы14

Макрон заклікае Украіну да «рэалістычных дыскусій» па пытаннях тэрыторый30

У Саудаўскай Аравіі і Ірака жанчын-паслоў больш, чым у Беларусі13

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў37

Кіраваць Аўстрыяй найхутчэй стане ўльтраправая і пракрамлёўская партыя, заснаваная нацыстамі45

Беларус падарыў брытанцы ружы — тая не ведае, як гэта разумець14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»26

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Галоўнае
Усе навіны →