Грамадства1313

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА

Пра атмасфэру, удзельнікаў і грошы — рэпартаж «Свабоды».

Сьвятлана Ціханоўская фатаграфуецца з удзельнікамі фэстывалю. Усе фота: svaboda.org (RFE/RL)

Сямейны фармат

Tutaka адбываецца ва ўрочышчы Барык каля вёскі Гарадок пад Беластокам у Польшчы. Цягам 30 гадоў там ладзілі легендарны фэстываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча». Ужо ў трэці раз — фэст у новым фармаце. Паводле традыцыі, імпрэза ідзе тры дні, 12-14 ліпеня. Сёлета ад абеду пятніцы да позьняга вечару нядзелі.

У гэтым годзе фэст выглядаў вельмі сямейным. Многія прыехалі зь дзецьмі ўсіх узростаў.

«Памяркоўны, сямейны фэстываль, усё шляхетна, файна, акуратна, інтэлігентна, цікава і… нуднавата ў гэтым усім», — сказаў адзін з удзельнікаў фэсту.

«Сёлета так спакойна, па-сямейнаму. Мне падабаецца», — адзначыла суразмоўца, якая прыехала на фэст з унучкай.

«Я ўпершыню за доўгі час сеў удзень пачытаць кнігу. Значыць, мне тут спакойна і бясьпечна», — заўважыў яшчэ адзін удзельнік. 

Цымусам фэсту многія адзначалі магчымасьць убачыцца і абняцца са знаёмымі, і сябрамі, якіх ня бачылі па пяць гадоў.

«Tutaka — гэта месца, дзе ўсім зручна сустрэцца. Тут усе прыкладна ў аднолькавых умовах паводле адлегласьці і даезду», — адзначыў наведвальнік фэсту Барыс.

Дыскусіі, забавы і гамакі

Адметнасьць арганізацыі — шмат пляцовак фэсту: Tutaka, Tamaka, Chillaka, Hamaka, Dzieści-Dzieści, Prosta tancuj!, Kirmaš. Паралельна ў некалькіх лякацыях адначасна нешта адбывалася.

Удзень — дыскусіі на тэму палітвязьняў з Андрэем Стрыжаком, беларускага бізнэсу з Аляксандрам Кныровічам, пра культурніцкую адукацыю з Алінай Коўшык. Можна было атрымаць юрыдычныя парады ад Ганны Маціеўскай і Марыі Колесавай-ГудзілінайКацярына Ваданосава прэзэнтавала жаночыя беларускія традыцыйныя строі ад XI стагодзьдзя з выхадам мадэляў, якіх апранала перад аўдыторыяй.

Клюб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 на фэстывалі Tutaka

Фонд BySol арганізаваў сваю кропку. За данат у 5 даляраў можна было паставіць на сабе пячатку «экстрэміст» і намазацца бліскаўкамі. Тыя, хто заданацілі, вылучаліся надпісамі на целе і мігатлівымі тварамі. У лятарэі яны разыгралі трамвай з надпісам BySol. Супрацоўнікі падзяліліся, што за дзень сабралі шмат ахвяраваньняў, бо ўвесь час да іх хтосьці падыходзіў. Падлічыць сумы яны не пасьпелі.

Камусьці падабалася перамяшчацца паміж кропкамі і выбіраць цікавае для сябе. Іншыя адзначалі, што ўсё раскідана, і складана ўсачыць за тым, што дзе адбываецца. Увечары суботы давялося выбіраць паміж сустрэчай са Сьвятланай Ціханоўскай, абмеркаваньнем выбараў 2025 году з Арцёмам Шрайбманам і лекцыяй ад Аляксандра Чарнухі пра пост-панк.

Дзецям паказвалі батлейку, ладзілі гульні, забавы, квэсты. Частка дзіцячай праграмы адбывалася на расейскай мове. Было чуваць, як некалькі ўдзельнікаў наракалі, што праграму не зрабілі цалкам беларускамоўнай. Дзеці і самі знайшлі, чым сябе заняць. Некаторыя зьбіралі данаты за паказанае сальта і зараблялі на продажы ўласнаруч зробленых ліманадаў.

Зона адпачынку на фэстывалі Tutaka

Хтосьці не ангажаваўся ў актыўнасьці. Адпачывалі на гамаках і пледах у зоне рэляксу, пілі зь сябрамі віно, гутарылі пра сваё. Бадай што самым рэляксацыйным месцам была лазьня з прапановай масажу і мэдытатыўнай музыкай. На ўваходзе можна было ўбачыць распаранага Аляксандра Памідорава. Каля лазьні ўвесь час былі наведвальнікі. Некаторым не хапала варушняку, і яны зьяжджалі на частку дня на возера або кудысьці ў цывілізацыю.

Аляксандар Памідораў на фэстывалі Tutaka

З Францыі, Швайцарыі, ЗША

На фэстывалі было чуваць беларускую, расейскую, польскую, украінскую, ангельскую мовы. Удзельнікі прыехалі з розных месцаў Польшчы, Літвы, Бэльгіі, Францыі, Швайцарыі, Грузіі, ЗША.

Сям’я беларусаў, якія жывуць у ЗША, прыехалі ў Эўропу на адпачынак з разьлікам, каб трапіць на Tutaku.

«Я езьдзіла на «Басовішча» з 2000-х. Канешне, я хачу сюды вярнуцца, каб убачыць людзей, якіх ня бачыла, можа, пяць гадоў. Іду і сустракаю то таго, то таго», — расказала суразмоўца.

Яна адзначыла, што ўдзельнікі фэсту ў Гарадку ўжо менш выпіваюць, чым раней. Бо многія з іх езьдзілі сюды яшчэ ў маладосьці, а цяпер гэта дарослыя людзі зь дзецьмі.

Падчас гутаркі з падляскай пісьменьніцай Анэтай Прымакай

Удзельнік фэстывалю Яраслаў зь Беластоку гаворыць па-польску. Ён прыехаў на фэст зь сям’ёй, бо ўсё ягонае жыцьцё зьнітаванае зь Беларусьсю. Ён жанаты зь беларускай. Ягоныя продкі паходзілі з-пад Беластоку і гаварылі «падобна да беларускай мовы», «po-prostu». Нядаўна ён езьдзіў у Беларусь, каб зрабіць апэрацыю, якой у Польшчы меўся чакаць чаргі да канца 2026 году. Ён набыў бел-чырвона-белы сьцяг, «каб парадаваць жонку, бо яна перажывае тое, што адбываецца ў Беларусі», і ня можа вярнуцца на радзіму.

«Заўсёды гэтая Беларусь ёсьць у нас», — дадаў Яраслаў.

«РСП», неанансаваны гурт і падляскія дуэты

Бліжэй вечару пачыналіся канцэрты. Гэта быў асноўны пункт праграмы, на які зьбіралася найбольш наведвальнікаў. Цягам фэсту іх ладзілі на трох сцэнах. Найбольш чаканым гуртом, паводле выказваньняў многіх удзельнікаў, быў «Разьбітае сэрца пацана», які сьпявае на трасянцы. Аднак яны выступалі не апошнімі. На пытаньне, ці яны лічаць сябе хэдлайнэрамі фэстывалю, музыкі аджартаваліся.

«Я іду па вуліцы, і ўсё — я хэдлайнэр гэтай вуліцы, збольшага хэдлайнэр», — адказаў музыка «РСП» Дзяніс Тарасенка.

Дзяніс Тарасенка і Павал Гарадніцкі

Музыкі бывалі раней на «Басовішчы» і адзначылі, што тады было больш брутальна і панкава. На Tutacy ж больш сем’яў зь дзецьмі.

«Мы ня можам гараваць увесь час. Гэта ж фэстываль адзін раз у год. Ня тое, што ў нас карнавал кожны дзень, і мы такія бесклапотныя. Людзі цяжка жывуць. І хочуць парадавацца, «адаравацца» хоць раз у год», — выказаў думку яшчэ адзін музыка «РСП» Павал Гарадніцкі на пытаньне пра баляваньне падчас таго, як у Беларусі не сьціхаюць рэпрэсіі.

«Кожны чалавек выбірае свой сьвет. Ад кожнага залежыць, дзе быць: на фэстывалі ці па той бок фэстывалю», — дадаў Дзяніс.

«РСП» сабралі максымум публікі і «раскачалі» танцпляцоўку. Іх клікалі на біс або па-беларуску «Я-шчэ, я-шчэ».

Выступ «РСП» на фэстывалі Tutaka

У пятніцу засьпяваў Аляксандар Памідораў. Добрыя водгукі было чуваць пра гурт B.N., праўда, на іхнім выступе адключалася апаратура. Нечакана ў суботу выступіў неанансаваны легендарны рок-гурт, музыкі якога застаюцца жыць у Беларусі. Слухачы іх не хацелі адпускаць.

Завяршалі суботні канцэрт на галоўнай сцэне два падляскія дуэты. У абодвух удзельнічаў модны польскі прадусар Sw@da з падляскімі і калюмбійскімі каранямі. Разам зь ім сьпявалі Валерыя Дэле (Koob) зь Беларусі, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, і Ніка Юрчук (Niczos) з Падляшша. Іхнія песьні ўключаюць беларускія і польскія фальклёрныя матывы, але ў сучасным электронным танцавальным гучаньні. Пасьля выступу «РСП» людзі разышліся, але хутка вярнуліся, пачуўшы запальныя гукі падляскіх дуэтаў.

— Дзе вы ёсьць? — пыталася са сцэны Валерыя Koob.

— Тутака.

Бубнач РСП

Многія ўдзельнікі выказваліся, што ім не хапала ў праграме больш вядомых музыкаў, як у папярэднія гады. Зь іхных словаў, праз гэта іхнія знаёмыя вырашылі зусім ня ехаць на фэст.

Адмысловы цягнік

Сёлета на фэст Tutaka ехаў адмысловы цягнік. У раскладзе на вакзале Беластоку, а таксама на самым цягніку, быў надпіс Tutaka. Усяго дадалі пяць фэстывальных рэйсаў у бок вёскі Гарадок і ў адваротным кірунку. Вярнуцца ў горад з фэстывалю можна было а другой гадзіне ночы. Цягнік выглядаў як адзін вагон з кабінай машыніста. У розныя рэйсы, паводле сьведчаньняў удзельнікаў, ён ня быў моцна перапоўнены, але людзей было больш, чым месцаў для сядзеньня.

Сёлета таксама паставілі плот вакол тэрыторыі фэстывалю дзеля бясьпекі ўдзельнікаў, бо фэст адбываецца проста ў лесе. У параўнаньні з папярэднімі гадамі быў пашыраны фудкорт, можна было зьесьці бліны, шашлыкі, вэганскія стравы і нават марожанае. З алькаголю было ў асноўным толькі піва, але многія ўзялі «з сабой». Можна было скарыстацца душам і прыбіральнямі.

Дзеля арганізацыі пляцоўкі фэсту працавалі 30 валянтэраў. Яны пачалі падрыхтоўку за тыдзень, 6 ліпеня, і плянуюць навесьці парадак пасьля імпрэзы.

Адмовіўся спонсар

Як звычайна, можна было начаваць на намётавым полі. Уваход туды на аднаго чалавека каштаваў 15 эўра, у апошнія дні перад фэстам — 20 эўра. Дзецям да пяці гадоў уваход бясплатны. Многія выказваліся, што гэта дорага для месца ў намёце ў лесе. Пры гэтым уваход на фэстываль ва ўсе гады быў і застаўся бясплатным.

Намётавае поле

Арганізатар фэстывалю Tutaka Павал Станкевіч мяркуе, што зараз гэта самы буйны фэстываль для беларусаў, хаця, можа, і ня самы папулярны. Летась на фэст прыехалі каля 5 тысяч чалавек. Сёлета арганізатары чакалі такую ж колькасьць. Адначасна Станкевіч адзначыў, што заўзее за ўсе іншыя фэстывалі для беларусаў за мяжой: «Грай», «Варушняк», «Гучна-фэст».

Станкевіч расказаў, што траты на фэстываль, паводле папярэдніх падлікаў, сягаюць 300 тысяч злотых (каля 80 тысяч даляраў — РС). Зь іх значная доля ідзе на арганізацыю санітарнай зоны — прыбіральняў, душаў. Імпрэза фінансуецца з розных крыніцаў. Аднак за некалькі дзён да фэстывалю асноўны ягоны спонсар адмовіўся фінансава падтрымаць фэст. Цяпер у фонда прыкладна на палову менш сродкаў, чым іх трэба дзеля аплаты ўсіх выдаткаў.

Павал Станкевіч

«У апошнія дні мы намагаліся рэзаць, ад чаго мы яшчэ пасьпеем адмовіцца, каго мы можам папрасіць, каб зрабілі бясплатна. Я ўдзячны ахове, тэхніцы, што пагадзіліся пайсьці ў нуль, удзячны ўсім валянтэрам, якія тут робяць велізарную працу. Людзі, якія ставяць прыбіральні, людзі, якія ставяць ахову, людзі, якія ствараюць сцэну, яны не НДА. Ім трэба плаціць грошы. А цяпер можна сказаць, што яны таксама НДА, бо пагадзіліся пайсьці ў нуль», — адзначыў Станкевіч.

Ён заўважыў, што арганізатары пакуль што хочуць пакінуць уваход бясплатным для ўдзельнікаў і надалей. Зьніжкі для ўваходу на намётавае поле для ўразьлівых катэгорый людзей яны пакуль не плянуюць рабіць.

«Калі зрабіць зьніжкі адным, могуць пачацца пытаньні ад другіх», — заўважыў Станкевіч.

Ён дадаў, што людзі могуць начаваць у намётах «дзіка» у лесе, а не намётавым полі, таксама — у гатэлях побач, або вяртацца начаваць у Беласток.

Кірмаш на фэстывалі

Арганізатара не бянтэжыць, што фэст «Тутака» працягваюць параўноваць зь ягоным папярэднікам «Басовішчам».

«Параўнаньні неабходныя. Думаю, паволі мы даводзім, што мы не «Басовішча». «Басовішча» было крутым фэстам. Я там правёў свае юнацкія часы. Часы зьмяняюцца. Мы іншыя, ня лепшыя, ня горшыя, проста іншыя. Заўсёды пасьля кожнага «Басовішча» было чуваць: «Гэта ня тое «Басовішча», якое было раней», — кажа Станкевіч.

Павал расказаў, што яны стараюцца зрабіць фэстываль Tutaka месцам, дзе людзі змогуць штогод убачыцца са старымі знаёмымі, а таксама завязаць новыя сувязі і натхняць адно аднаго.

«Нам вельмі важна адчуваць, што навокал шмат аднадумцаў, людзей, якія дыхаюць тым жа паветрам, маюць тыя ж напрамкі», — сказаў ён.

Каментары13

  • Не бліны, а наліснікі
    14.07.2024
    Бліны і шашлыкі - стравы з усходу.
    А дзе беларускія дранікі?
  • Была там раней
    14.07.2024
    Калісьці добры фестываль пераўтварыўся ў папойку невераятных
  • Vasia
    14.07.2024
    Дык што за хэдлайнер выступаў?

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →