Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен адмяніла візіт Калегіі ЕК у Венгрыю і панізіла ўзровень прадстаўніцтва на нефармальных пасяджэннях Рады ЕС пад венгерскім старшынствам, піша Радыё Свабода.
Еўрапейская камісія наважыла байкатаваць паўгадавое старшынства Венгрыі ў Радзе ЕС у адказ на «неадназначныя паездкі Віктара Орбана ў Маскву і Пекін, якія многія палічылі абразай палітычнага адзінства блока».
«У святле апошніх падзей, якія адзначылі пачатак старшынства Венгрыі Урсула фон дэр Ляен сказала, што Еўракамісія будзе прадстаўленая на ўзроўні высокіх дзяржаўных службоўцаў толькі на неафіцыйных пасяджэннях Рады», — паведаміў у панядзелак увечары прадстаўнік ЕК Эрык Мамер.
«Візіт Калегіі (Еўракамісіі) у Венгрыю не адбудзецца», — дадаў ён, пацвердзіўшы, што галоўная падзея, якая азначае пачатак кожнай ратацыі старшынства, адменена.
Падчас свайго нядаўняга візіту ў Маскву Орбан сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Праз некалькі дзён расейскія войскі разбамбілі дзіцячую лякарню ў Кіеве.
У Пекіне Орбан высока ацаніў «кітайскі мірны план» старшыні Сі Цзіньпіна, які быў адкінуты кіраўніцтвам ЕС за выбарчае тлумачэнне міжнароднага права і размыванне мяжы паміж агрэсарам і ахвярай агрэсіі.
«Кітай — адзіная сусветная дзяржава, якая з самага пачатку выразна прытрымліваецца прынцыпу міру», — сказаў Орбан, абвяргаючы асцярогі Захаду, што Пекін падтрымлівае вайсковую эканоміку Расіі.
Будапешт настойвае на тым, што абедзве паездкі, якія Орбан рэкламаваў як паездкі кіраўніка так званай «міратворчай місіі», былі здзейсненыя строга ў рамках двухбаковай дыпламатыі.
Акрамя таго, Орбан прыняў удзел у нефармальным саміце Арганізацыі цюркскіх дзяржаў, у якую ўваходзіць «Турэцкая Рэспубліка Паўночнага Кіпра», прызнаная толькі Турцыяй, што выклікала новае асуджэнне.
Каментары
Рабяткі не на таго коніка паставілі. Хутка іх трошкі ацвярозяць.