Грамадства11

Былая палітзняволеная: Мая сям'я патраціла за два гады $10 тысяч на адвакатаў і перадачы для мяне

Былая палітзняволеная Алена (імя несапраўднае) правяла за кратамі больш за 750 дзён і нядаўна выйшла на свабоду. У размове з «Белсатам» жанчына прызнаецца, што за гэты час сямʼя патраціла больш за 10 тысяч долараў на адвакатаў і перадачы для яе. «Гэта вельмі дарагое «задавальненне» — сядзець у беларускай турме», — кажа суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Белсат»

«За два з хвосцікам гады — 10 тысяч долараў. Для нас — страшэнныя грошы. І каб мне не дапамагалі сябры ва ўсім свеце ды некаторыя фонды, я не ведаю, дзе б мы іх бралі і як бы я вытрывала. Напрыклад, адзін візіт адваката каштаваў 550-600 рублёў, і гэта не ў Менску. Бывала, калі мяне прывозілі на этапы для следчых дзеянняў, ён прыходзіў тры разы за 10 дзён — гэта ўжо каля дзвюх тысячаў», — расказвае Алена.

Жанчына ўдакладняе, што падчас спрэчак на судзе адвакат прасіў для яе адтэрміноўкі — з прычыны «менш цяжкага» злачынства (Алене інкрымінавалі «распальванне варожасці»). І ўжо пасля абвяшчэнне прысуду прызнаўся сваякам асуджанай, якія былі не вельмі задаволеныя ягонай працай, што яму «было страшна» бараніць Алену.

«Потым быў яшчэ адзін адвакат. Але, напрыклад, апеляцыйную скаргу я ўжо пісала сама. Перарыла ўсе кодэксы і 8 дапаўненняў. Але ясна ўжо было, што гэта не мае сэнсу… Сапраўды, сядзець у беларускай турме — вельмі дарагое «задавальненне». Вельмі! І калі людзі не маюць падтрымання з боку сваякоў ці сяброў ці калі гэта пажылыя людзі, сваякі якіх не ведаюць, як звяртацца ў фонды, ці баяцца да іх звяртацца, бо ў Беларусі гэта небяспечна, — то гэта ну вельмі цяжка!» — гаворыць Алена.

«Мы думалі, гэта будзе гуманітарнае вызваленне…»

І найбольш цяжка для тых, хто мае праблемы са здароўем. Алена прызнаецца, што з радаснымі эмоцыямі ўспрыняла навіну пра вызваленне некаторых палітзняволеных (праваабаронцы ведаюць пра 18 чалавек) 3 ліпеня. Але была здзіўленая, што сярод вызваленых была ці не палова тых, каму заставалася сядзець ад пару тыдняў да некалькіх месяцаў.

«Гэта троху як бы высакамоўны жэст, але пры гэтым… Мы думалі, што гэта ўсё ж такі будзе гуманітарнае вызваленне з прычыны стану здароўя, вось як Рыгора Кастусёва, напрыклад. Бо ў жаночай калоніі засталося шмат бабуль, жанчын і дзеўчын, якія маюць рэальныя праблемы са здароўем і якім сядзець яшчэ доўга ці вельмі доўга», — дзеліцца думкамі экс-палітзняволеная.

Алена распавядае пра 76-гадовую Наталлю Таран (прысуд — тры з паловай гады калоніі), якая пакутуе на дыябет першага тыпу і якой штодзень робяць інʼекцыі інсуліну. Па словах Алены, Наталля цягам года, а нават даўжэй, спрабуе падацца «на памілаванне», але дакументы адміністрацыя не прымае: то начальніца атраду паўгода рабіла характарыстыку, то потым яшчэ нешта…

«Я думала, у першую чаргу такіх людзей будуць выпускаць. Чалавеку больш за 75, яна хворая, яна ў вельмі адчайным стане духу была, каля я выходзіла. Наталлі Вячаславаўне там вельмі цяжка! Пакуль мы былі з ёй у адным атрадзе, яна часта плакала. Калі шчыра, такія пажылыя людзі ўжо не вераць нават, што выйдуць адтуль. Гэта толькі адзін з прыкладаў. Там шмат такіх людзей, якіх неабходна ратаваць», — сцвярджае Алена.

Яна называе таксама палітзняволеную Ганну Кандраценку, у якой паўгода таму выявілі анкалогію, Аксану Ляўшову, якая з-за праблемаў з нагамі можа перамяшчацца толькі на вазку ці мыліцах, Алену Лазарчык, якая праз праблемы са зрокам («Алена амаль нічога не бачыць! Зрок — мінус 17», — распавядала нам раней праваабаронца Яўгенія Доўгая) адмаўляецца выходзіць на працу і якую дзясяткі разоў кідалі з-за адмовы працаваць у ШІЗА.

«Яна проста на мяжы фізічнага і маральнага знясілення», — канстатуе Алена і выбачаецца, што не можа сходу назваць усе прозвішчы жанчын, якія таксама знаходзяцца «на мяжы». Але такіх людзей — шмат, паўтарае.

«Напісалі на памілаванне, але гэта не праява іх слабасці»

Нягледзячы на тое, што многіх палітзняволеных змушаюць пісаць «памілоўкі», дакументы, каб запусціць працэдуру, потым не прымаюць. Так было ў выпадку Наталлі Таран ці Таццяны Колас, якая вымушаная адбываць тэрмін (6 з паловай гадоў) з пераламаным пазваночнікам («Штодзень у гарсэце, я бачыла, як яна плакала ад невыноснага болю»).

«Гэта вельмі вялікая, складаная бюракратычная штука», — гаворыць пра памілаванне нашая суразмоўца. Яна перакананая, што адміністрацыя калоніі сама і знарок «тармозіць гэты працэс», стопарыць яго.

Сама Алена прашэнне аб памілаванні не пісала, бо ёй ніхто не прапаноўваў. А нават калі б так, то адмовілася б. Тлумачыць, што палову свайго тэрміну адбыла ў СІЗА, а ў калонію «прывезла толькі год і пару месяцаў».

«Не такі вялікі тэрмін, каб пісаць на памілаванне», — заўважае Алена. Але тых, хто зрабіў гэта, не асуджае: «Гэта асабісты выбар кожнага. Асабліва калі людзі пажылыя, хворыя ці з аграмаднымі тэрмінамі. І гэта ні ў якім разе не праява іх слабасці, я толькі падтрымліваю іх», — гаворыць Алена.

Мітынг салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі адбыўся на Катэдральнай плошчы Вільні з нагоды Дня палітвязня. Удзельнікі акцыі акрамя перформансу з брутальным затрыманнем дзяўчат АМАПам зладзілі таксама выставу партрэтаў загінулых палітвязняў. У акцыі прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек. Вільня, Літва. 21 траўня 2024 года. Фота: «Белсат»

«Быццам нанава на свет нарадзілася…»

«Алена, ты казала, што сямʼя выдаткавала вялікія грошы на падтрыманне цябе. Якую кампенсацыю будзеш патрабаваць у вольнай і дэмакратычнай Беларусі, калі скончыцца гэты жах?» — пытаемся.

«Не ведаю. Я не вельмі амбіцыйная ў гэтым плане. Напэўна — удвая большую суму за тую, што выдаткавала сямʼя. Але ведаеце, я найперш думаю не пра грошы, а пра тое, што ў мяне фактычна скралі, вырвалі больш за два гады майго жыцця. Была добрая праца, жытло і гэтак далей, а тут ты зноў у свае 34 гады — з партфельчыкам, у якім некалькі маек з калоніі. І ты едзеш у чужую краіну. Я вымушаная была зʼязджаць фактычна адразу пасля вызвалення», — дзеліцца былая палітзняволеная.

Алена прызнаецца, што не можа пакуль знайсці сябе «ў новым жыцці». «Быццам нанава на свет нарадзілася», — кажа яна. Толькі праз некалькі месяцаў пачало адпускаць. Пакрысе перастае баяцца выходзіць адна на вуліцу і самастойна пераходзіць дарогу. Пачынае думаць, як жыць і што рабіць далей.

«Пытаецеся, ці змагла б дараваць? Не, дакладна — не. Не буду. Таму што ўвесь мой досвед балючы быў. Таму што гэта былі сапраўды фізічныя і маральныя пакуты. Мая псіхіка пахіснулася, усё ўва мне пахіснулася. І ўявіце сабе, тыя самыя супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія пры затрыманні ўзломвалі дзверы майго дому, зневажалі мяне і прычынялі мне фізічны боль, прыехалі пад канец майго тэрміну ў калонію, каб нібыта даведацца пра мае планы пасля вызвалення. «Весці законапаслухмяны лад жыцця», — адказала тады я. А яны: «Няправільны адказ. А правільны — выйсці і зваліць куды далей ад Беларусі». Так яны са мной размаўлялі.

Па вызваленні я зʼехала, нават не заехаўшы дамоў», — апавядае Алена.

Яна ўпэўненая, што ГУБАЗ працягвае сачыць за яе сацсеткамі.

«Гэта абсалютна беспрынцыповыя людзі. Зычу ім, каб усё гэта ім вярнулася шматкроць. Увесь гэты боль, які давялося перажыць нашай сямʼі. Можа, тады можна будзе гаварыць пра выбачэнне», — падагульняе Алена.

З Кацярынай Андрэевай — у СІЗА і ў атрадзе

Не толькі ГУБАЗіК павінен будзе адказаць па законе за свае дзеянні, але і многія супрацоўнікі ІЧУ, «якія таксама яшчэ тыя чэрці», і адміністрацыя калоніі, якая пагана ставіцца да палітзняволеных і стварае ўмовы, пры якіх «дзетазабойцы жывуць лепш за «палітычных», і аператыўнікі, якія ў вочы называюць іх «ворагамі народу», лічыць Алена.

Пры гэтым нават сярод іх сустракаліся людзі, здольныя на праявы чалавечнасці. Алена згадвае, як у СІЗА канваір суцяшаў палітзняволеную журналістку «Белсату» Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву), з якой Алена вярталася ў камеру пасля спатканняў. Гэта было ў 2022 годзе, ужо пасля таго, як над Кацярынай Андрэевай прайшоў ужо другі «суд» (вырак — 8 гадоў і 3 месяцы).

«Канваір яе рэальна супакойваў, падбадзёрваў. Казаў нават, што зусім не верыць у яе віну. Малады хлопец. Такога я не бачыла больш ні ў калоніі, увогуле — нідзе», — зазначае нашая суразмоўца.

Яна з цеплынёй згадвае Кацю Андрэеву, з якой пазнаёмілася ў той год у гомельскім СІЗА. Кажа, што была там «такім радасным праменьчыкам святла, усіх падбадзёрвала, заражала пазітывам і верай у лепшую будучыню».

Кацярына Андрэева. Фота: «Белсат»

«На жаль, у калоніі яна — можа, не да канца, — але сама страціла гэтую веру. Агучвала мне радок з ліста на волю, у якім прызнаецца, што адчувае сябе прыціснутай магільнай плітой. Калі я выходзіла, запытвала ў мяне: «Алена, скажы, а я калі-небудзь выйду адсюль ці не? Я выйду адсюль?» Цяжка ёй. Яна вельмі прыгнечаная была. Яна… Яна малайца! Ёй проста зараз патрэбная падтрымка! Проста трэба неяк зрабіць так, каб яна адчула большае падтрыманне», — упэўненая былая палітзняволеная.

Алена мяркуе, што Кацярыну Андрэеву моцна надламаў другі суд і ягоны вырак. Перажыць такое, калі ўжо падрыхтаваўся выйсці на свабоду, вельмі і вельмі цяжка.

«На жаль, шмат хто з людзей, якія маюць вялікія тэрміны, пачынаюць ламацца…» — кажа Алена.

«Хочацца верыць, што працэс не спыніцца»

«І яшчэ раз: гэта добра, што некаторыя людзі выйшлі, не адбыўшы свой тэрмін. І хочацца верыць, што гэты працэс не спыніцца», — дадае нашая суразмоўца.

Між тым, сцвярджае Алена, у калоніі застаюцца жанчыны, якія сваім прыкладам даюць сілу і веру ўсім. Такая — Ірына Леўшына («Яна проста крэмень! Без павагі і захаплення на яе і не паглядзіш»), Людміла Рамановіч (выйшла на волю ў жніўні 2023 года) ды іншыя.

«То бок нашыя дзяўчынкі малайцы. Большасць — трымаецца», — падсумоўвае Алена.

Алене ёсць яшчэ што расказаць. Яна выбачаецца, што не можа пакуль што зрабіць гэта адкрыта («Хоць усё кіпіць у душы!»). Ёсць гісторыі, вартыя кнігі. Хаця нататкі, якія яна рабіла на зоне, вынесці з калоніі не ўдалося. Застаецца памяць, сны («Сама зона не сніцца, але сніцца адчуванне зоны — нібыта ўсё вяртаецца»), і татуіроўкі на целе, якія адстаяла ў калоніі — турэмнікі змушалі яе «забіць» іх чорным. Застаюцца турэмныя сляды і шнары, якія — чым кампенсуеш?

Каментары1

  • Тт
    23.07.2024
    Здароўя, хуткага аднаўлення!

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →