Мінабароны Вялікабрытаніі ацаніла, колькі вагнераўцаў магло застацца ў Беларусі і Афрыцы
«Агульны штат наймітаў «Вагнера» з мінулага года скараціўся ў дзесяць разоў».
Як піша Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў твітары (X), яшчэ год таму на момант смерці Яўгена Прыгожына ў авіякатастрофе агульная колькасць вагнераўцаў складала каля 50 тысяч чалавек, а цяпер іх у дзесяць разоў менш.
Паводле міністэрства, рэшта наймітаў цяпер знаходзіцца выключна ў Беларусі і некаторых краінах Афрыкі.
«Пасля смерці ключавых лідараў ПВК «Вагнер», арганізацыя стала моцна раздробненай, і многія з камандзіраў, якія засталіся ў жывых, пакінулі яе шэрагі на карыць расійскай арміі, кадыраўскага «Ахмата» і другой расійскай ПВК «Рэдут».
Большая частка ветэранаў «Вагнера» таксама пайшла, і ўсяго наймітаў засталося каля 5 тысяч, якія дзейнічаюць у Беларусі і Афрыцы», — паведамляе брытанскае ведамтсва.
Калі сумясціць гэтыя даныя з нядаўнімі падлікамі беларускай маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», то амаль усе вагнераўцы цяпер знаходзяцца ў Афрыцы, бо ў Беларусі іх колькасць можа вылічацца ўсяго сотняй чалавек.
Нагадаем, што кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын загінуў 23 жніўня 2023 года ў выніку авіякатастрофы над Цвярской вобласцю — праз два месяцы пасля ўзброенага бунту, арганізаванага структурамі ПВК «Вагнер». Вынікі расследавання крушэння самалёта так і не былі апублікаваныя.
Каментары