Свет22

Хто тыя мільярдэры, якія стаяць за Трампам і Харыс?

Грошы — адзін з галоўных слупоў любой перадвыбарчай кампаніі, асабліва ў ЗША. Акрамя звычайных прыхільнікаў, Дональду Трампу і ў Камале Харыс актыўна дапамагаюць найбагацейшыя людзі Амерыкі і свету, чые ахвяраванні і ўплыў істотна павялічваюць шанцы на перамогу ў выбарах. Сабралі інфармацыю аб тым, хто гэтыя людзі, чым яны займаюцца і колькі ахвяравалі кандыдатам у прэзідэнты.

Шэраг мільярдэраў з амерыканскага спісу Forbes актыўна дапамагаюць кандыдатам у прэзідэнты ЗША Дональду Траму і Камале Харыс. Фоты: Vecteezy, Bloomberg. Калаж: «Наша Ніва»

Па інфармацыі агенцтва Bloomberg, на цяперашні момант перадвыбарчыя штабы абодвух кандыдатаў у прэзідэнты ЗША Камалы Харыс і Дональда Трампа агулам атрымалі ахвяраванняў на суму каля 700 мільёнаў даляраў, пры гэтым Харыс сабрала грошай амаль у паўтара раза больш за Трампа (404 мільёны ў Харыс супраць 295 мільёнаў у Трампа). 

Аднак Трамп, як адзначае агентцва, значна абганяе Харыс у зборы ахвяраванняў ад найбагацейшых людзей ЗША, чые голас, грошы і ўплыў звычайна гуляюць важную ролю на прэзідэнцкіх выбарах і могуць істотна павялічыць шанцы аднаго з кандыдатаў на перамогу ў гонцы.

«Наша Ніва» вырашыла разабрацца, хто цяпер з амерыканскіх мільярдэраў фінансуе Трампа і Харыс, колькі выдаткоўваецца на гэта грошай і якая ўвогуле ў гэтых прадпрымальнікаў сфера дзейнасці і зацікаўленасць падтрымліваць пэўнага кандыдата ў прэзідэнты.

У спіс мы ўключалі толькі тых мільярдэраў, якія акрамя выказванняў публічнай падтрымкі сваім кандыдатам у прэзідэнты ЗША яшчэ і ахвяравалі ім грошы. Інфармацыя для матэрыяла ўзята з выданняў Bloomberg, Forbes, OpenSecrets і The Wall Street Journal, Politico, ABC News і іншых аўтарытэтных медыя.
Таксама варта адзначыць, што, паводле амерыканскіх законаў, прыватныя асобы могуць ахвяраваць на афіцыйныя банкаўскія рахункі перадвыбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты не больш за $6600 за ўвесь перыяд кампаніі. Калі прыхільнікі кандыдатаў хочуць ахвяраваць больш, яны звычайна пераводзяць грошы на рахункі іншых арганізацый, звязаных з кандыдатамі, але не звязаных напрамую з іх перадвыбарчымі штабамі. Гэтай адносна легальнай схемай даўно і актыўна карыстаюцца мецэнаты і іншыя заможныя спонсары кандыдатаў у прэзідэнты.

Мільярдэры-спонсары Трампа

Самым першым з мільярдэраў, якія прыходзяць у галаву ў кантэксце падтрымкі Дональда Трампа, з'яўляецца ўладальнік твітара (X), а таксама гендырэктар кампаній SpaceX і Tesla Ілан Маск, ён жа найбагацейшы чалавек планеты (236,8 мільярда даляраў). 

Маск публічна заняў бок Трампа ў ліпені пасля няўдалага замаху на апошняга, але і перад гэтым бізнэсмен у твітары не раз выказваў сімпатыю да Трампа і ягонай палітыкі. Як паведамляе Bloomberg, Маск яшчэ не пераводзіў грошы на перадвыбарчую кампанію Трампа напрамую, а толькі прафінансаваў адну з новых трампаўскіх структур — суперкамітэт па палітычнай актыўнасці America PAC — на 45 мільёнаў даляраў.

Аднак гэтая сума, нягледзячы на багацце і магчымасці Маска, не з'яўляецца самым вялікім з ахвяраванняў на патрэбы Трампа і моцна саступае ўзносу ад яшчэ аднаго мільярдэра, які ў 17 разоў бяднейшы за Маска, але з'яўляецца найбуйнейшым і галоўным спонсарам Трампа і ўсёй рэспубліканскай партыі ЗША ўвогуле.

Гэтым загадкавым спонсарам з'яўляецца 81-гадовы мільярдэр Цімаці Мэлан, які даўно і мэтанакіравана пазбягае публікі і мае ў інтэрнэце толькі две фатаграфіі з маладосці. Сямейная бізнэс-імперыя здабычы нафты і транспартных перавозак Цімаці Мэлана каштуе больш за 14 мільярдаў даляраў (паводле Forbes, гэта агульны капітал сям'і Мэлан, а сам Цімаці Мэлан можа мець крыху больш за мільярд даляраў).

Толькі за два апошнія гады таямнічы мільярдэр выдаткаваў на падтрымку Трампа 126,5 мільёна даляраў, што перавышае абсалютна ўсе публічна вядомыя ахвяраванні мільярдэраў-прыхільнікаў Трампа разам узятыя падчас цяперашняй перадвыбарнай гонкі.

Загадкавасць і дзіўнасць такой шчодрасці Цімаці Мэлана складаецца яшчэ ў тым, што бізнэсмен да 2020 года амаль не рабіў ніякіх публічных ахвяраванняў на палітычныя арганізацыі і партыі, а потым раптоўна стаў раскідвацца істотнымі сумамі на патрэбы правых сіл ЗША, адзначае амерыканскі фінансавы маныторынгавы праект OpenSecrets.

Амерыканскі мільярдэр Цімаці Мэлан у маладосці, адна з двух фатаграфій прадпрымальніка ў інтэрнэце. Крыніца: Wikimedia Commons 

Агулам перадвыбарчую кампанію і структуры Трампа з 2022 года падтрымалі грашыма больш за 15 мільярдэраў з амерыканскага спісу Forbes, частка з якіх уваходзіць у сотню найбагацейшых людзей планеты. Характэрна, што самымі вялікімі ахвяраваннямі, нягледзячы на рэгулярныя сэксцісцкія выказванні Трампа і судовае абвінавачванне ў згвалтаванні, адзначыліся адразу 5 амерыканскіх уплывовых бізнэсвумен.

Апроч Ілана Маска і Цімаці Мэлана, у спіс самых шчодрых спонсараў Трампа ўваходзяць наступныя мільярдэры.

  1. Лінда Макмэн (багацце: 3,2 мільярда даляраў) — амерыканская бізнэсвумен, якая разам з мужам, вядомым медыямагнатам і рэстлерам Вінсэнтам Макмэнам, заснавала мегапапулярнае ў ЗША і свеце спартова-забаўляльнае рэслінгавае шоу і брэнд WWE (World Wrestling Entertainment). Падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Трампа Макмэн узначальвала Упраўленне па справах малога бізнэсу ЗША. Ахвяравала Трампу 16 мільёнаў даляраў.
  2. Элізабэт Юлайн (багацце: 6,7 мільярда даляраў) — адна з самых шчодрых спонсараў рэспубліканскай партыі ЗША. Разам з мужам, кансерватыўным мільярдэрам Рычардам Юлайнам, заснавала кампанію Uline, якая вырабляе пакавальныя матэрыялы і іншыя прамысловыя тавары для рынку ЗША. Ахвяравала Трампу 10 мільёнаў даляраў.
  3. Дыяна Хэндрыкс (багацце: 21,9 мільярда даляраў) — самая паспяховая амерыканская жанчына-мільярдэр па версіі Forbes, якая стварыла свой бізнэс з нуля. Бізнэсвумен кіруе кампаніяй ABC Supply, адным з найбуйнейшых аптовых пастаўшчыкоў будматэрыялаў і вокнаў у ЗША. З'яўляецца перакананай патрыёткай і кансерватаркай, якая публічна захапляецца «дзелавой хваткай» Дональда Трампа. Ахвяравала Трампу 6,3 мільёнаў даляраў.
  4. Мірыям Адэльсан (багацце: 32,1 мільярда даляраў) — удава казіно-магната і даўняга спонсара рэспубліканскай партыі ЗША Шэлдана Адэльсана. Жанчына нарадзілася ў Ізраілі і ў мінулым працавала звычайным доктарам. Цяпер яна валодае кантрольным пакетам акцый імперыі ігральных завядзенняў Las Vegas Sands і топавай прафесійнай баскетбольнай каманды «Далас Маверыкс». Планавала ахвяраваць Трампу 90 мільёнаў даляраў, але нядаўна пасварылася з ім і выдаткавала толькі 5,8 мільёна.
  5. Кэлсі Уорэн (багацце 7,1 мільярда даляраў) — мільярдэр-нафтавік і ўладальнік энергетычнай кампаніі Energy Transfer, якому Трамп у свой першы прэзідэнцкі тэрмін у абыход масавай грамадскай незадаволенасці і крытыкі эколагаў дапамог пабудаваць нафтаправод Dakota Access. Ахвяраваў Трампу 5,8 мільёна даляраў.
  6. Цімаці Дан (багацце: 2,2 мільярда даляраў) — яшчэ адзін нафтавы мільярдэр, кіраўнік энергетычнай кампаніі CrownQuest Operating, які незадаволены шэрагам экалагічных абмежаванняў на распрацоўку амерыканскіх нафтавых радовішчаў, уведзеных адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Ахвяраваў Трампу 5 мільёнаў даляраў.
  7. Кэлі Лефлер (багацце: 1,1 мільярда даляраў) — амерыканская прадпрымальніца і сябра рэспубліканскай партыі ЗША, ад якой паспяхова абралася ў Сенат ЗША падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа. Называла сабе «самай кансерватыўнай рэспубліканкай у Сенаце» і адмаўляла небяспеку пандэміі каранавіруса, наўмысна выходзячы на публіку без маскі. Разам з мужам, фінансістам Джэфам Спрэкерам, уваходзяць у кіраванне кампаніі Intercontinental Exchange, якой належыць найбуйнейшая ў свеце Нью-Ёркская фондавая біржа. Ахвяравала Трампу 4,9 мільёна даляраў.
  8. Філ Рафін (багацце: 2,6 мільярда даляраў) — важны дзелавы партнёр і блізкі сябар Дональда Трампа. Яны разам валодаюць элітным гатэлем Trump International Hotel у Лас-Вегасе, а сам Рафін у тым жа горадзе асабіста ўзначальвае гатэлі-казіно Treasure Island і Circus Circus. Рафін дапамагаў Трампу аплочваць юрыдычныя выдаткі падчас расследавання сувязаў Трампа з Крамлём у 2018 годзе, а сам Трамп быў шаферам на вяселлі Рафіна з «Міс Украіна 2001» Аляксандрай Нікалаенка ў 2008 годзе. Ахвяраваў Трампу 3,3 мільёна даляраў.
Топ-10 амерыканскіх мільярдэраў (па суме ахвяраванняў), якія прафінансавалі Дональда Трампа. Інфаграфіка: «Наша Ніва»
Філ Рафін, Аляксандра Нікалаенка і Дональд Трамп у Лас-Вегасе, 2008 год. Фота: Denise Truscello / Contributor Getty Images

Мільярдэры-спонсары Харыс

Як піша Bloomberg, колькасць мільярдэраў, якія адкрыта ахвяваралі Камале Харыс, цяпер складае 20 чалавек. Самым заможным з іх агенцтва называе былога гендырэктара карпарацыі Google Эрыка Шміта (з капіталам 30,2 мільярда даляраў), які выдаткаваў каля 3 мільёнаў даляраў на падтрымку кандыдата ад дэмакратычнай партыі.

Пры гэтым агенцтва не ўключыла ў спіс спонсараў Харыс свайго ўладальніка — мільярдэра і філантропа Майкла Блумберга (з капіталам 104,7 мільярда даляраў) — але заявіла, што бізнэсмен падчас цяперашняй прэзідэнцкай перадвыбарчай кампаніі ахвяраваў некалькім арганізацыям дэмпартыі ЗША каля 20 мільёнаў даляраў, што робіць яго ўнёсак пакуль што самым шчодрым з усіх публічна вядомых, зробленых на карысць дэмаркатаў. 

Ахвяраванні ад Майкла Блумберга першапачаткова прызначаліся для Джо Байдэна, але цяпер, калі той зняўся з прэзідэнцкай гонкі, па законе імі як асноўны кандыдат ад дэмакратаў можа скарыстацца Камала Харыс.

Былы гендырэктар Google Эрык Шміт і ўладальнік агенцтва Bloomberg Майкл Блумберг. Фоты: Yoan Valat / Kena Betancur / AP

Астатні спіс топ-10 па ўзроўні ахвяраванняў на падтрымку Харыс выглядае цяпер так (усе ніжэйпералічаныя мільярдэры спачатку ахвяравалі на кампанію Байдэна, гэтыя ж грошы цяпер можа выкарыстоўваць Харыс).

  1. Джордж Сорас (багацце: 7,2 мільярда даляраў) — вядомы на ўвесь свет мільярдэр, філантроп, абаронца ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека. Ягоная вялікая сетка недзяржаўных арганізацый і аднайменных фондаў у многіх аўтарытарных і таталітарных краінах сутыкаецца з ціскам і рэпрэсіямі. Ахвяраваў Харыс / Байдэну 15,9 мільёна даляраў. 
  2. Генры Лаўфер (багацце: 7,8 мільярда даляраў) — віцэ-прэзідэнт буйной амерыканскай фінансавай кампаніі Renaissance Technologies, якая распрацоўвае праграмнае забяспечанне для біржавых таргоў. З'яўляецца даўнім спонсарам дэмакратычнай партыі ЗША і актыўна падтрымліваў Байдэна ў ягоны першы прэзідэнцкі тэрмін. Ахвяраваў Харыс / Байдэну 2,1 мільёна даляраў.  
  3. Рыд Хофман (багацце: 2,5 мільярда даляраў) — тэхналагічны мільярдэр, венчурны інвестар, адзін з заснавальнікаў папулярнай плафтормы LinkedIn. Акурат перад перамогай Байдэна на выбарах 2020 года дапамагаў дэмакратам распрацоўваць праграму Alloy, дадатак для ўнутранага і абароненага абмену інфармацыяй паміж прадстаўнікамі дэмпартыі, аднак стартап пацярпеў крах. Ахвяраваў Харыс / Байдэну 2 мільёнаў даляраў.  
  4. Лорэн Паўэл Джобс (багацце: 14,8 мільярда даляраў) — уплывовая амерыканская бізнэсвумен, удава памерлага заснавальніка кампаніі Apple Стывы Джобса. Лорэн Джобс кіруе буйнымі некамерцыйнымі арганізацыямі Emerson Collective і XQ Institute, якія займаюцца перадавымі рэформамі ў сферах адукацыі, іміграцыйнай палітыкі, навакольнага асяроддзя, журналістыцы і аховы здароўя. Ахвяравала Харыс / Байдэну 1 мільён даляраў.
  5. Пэт Страйкер (багацце: 4 мільярдаў даляраў) —заснавальніца буйнога дабрачыннай арганізацыі Bohemian Foundation і адна з галоўных акцыянераў міжнароднай карпарацыі Stryker Corp., якая вырабляе медычнае абсталяванне. З'яўляецца зацятым супернікам расізму і парушэнняў праў чалавека, а таксама выступае за ўзмацненне і пашырэнне сацыяльных праграм у ЗША. Ахвяравала Харыс / Байдэну 1 мільён даляраў.
  6. Стывен Спілберг (багацце: 5,3 мільярда даляраў) — сусветна вядомы кінапрадзюсар і сцэнарыст, самы камерцыйна паспяховы рэжысёр сусветнага кінематографа. Перакананы прыхільнік дэмпартыі ЗША і адзін з самых актыўных медыйных памочнікаў Украіны на Захадзе. Ахвяраваў Харыс / Байдэну 1 мільён даляраў.
  7. Гордан Геці (багацце: 5 мільярдаў даляраў) — буйны амерыканскі інвестар, філантроп і кампазітар класічнай музыкі. У мінулым атрымаў у спадчыну ад бацькі, Джорджа Пола Геці, 40% акцый буйной нафтавай імперыі Getty Oil, якая потым прыйшла ў заняпад і нават ненадоўга (у 2000-ых) трапіла ва ўласнасць расійскага «Лукойла», а пасля зноў была перапрададзена і вярнулася пад амерыканскі кантроль. Гордан Геці перыядычна аказвае фінансавую дапамогу дэмпартыі ЗША. Ахвяраваў Харыс / Байдэну 1 мільён даляраў.
  8. Дасцін Москавіц (багацце: 13,8 мільярда даляраў) — амерыканскі IT-прадпрымальнік і адзін з заснавальнікаў сацсеткі Facebook і платформы Asana. Да 2016 года не рабіў ніякіх палітычных ахвяраванняў, але пасля з'яўлення Дональда Трампа ў ролі рэспубліканскага кандыдата ў прэзідэнты стаў актыўна фінансаваць кандыдата ад дэмакратаў, Хілары Клінтан. Москавіц адкрыта крытыкуе Трампа і асцерагаецца, што той прывядзе да поўнай ізаляцыі ЗША ў свеце. Ахвяраваў Харыс / Байдэну 1 мільён даляраў.
Топ-10 амерыканскіх мільярдэраў (па суме ахвяраванняў), якія прафінансавалі Камалу Харыс. Інфаграфіка: «Наша Ніва»

Каментары2

  • Янка
    19.09.2024
    Адрозненне спонсараў Трампа і Гэрыс відавочнае - гэта невялікае кола найбагацейшых людзей Амерыкі vs сярэдні клас. Гэта відавочна дэманструе запыт амерыканскага грамадства на большую ступень сацыяльнай справядлівасці. Зразумела, что большасць прыхільнікаў Трампа - гэта кансерватыўныя рэднэкі з вельмі слабой адукацыяй, якія церпяць ад аб'ектыўных тэндэнцый развіцця сусветнай эканомікі, як калісці ў сярэднявеччы цярпелі картэлі (г.з. цэхі) дробных вытворцаў ад прамысловай рэвалюцыі. Папулісцкая рыторыка Трампа актыўна цісне на гэтыя балючыя кропкі, і безадказна абяцае спыніць аб'ектыўныя працэсы менавіта праз ізаляцыянізм і пратэкцыянізм, а не праз спрыянне дзяржавы падвышэнню асабістай канкурэнтаздольнасці гэтых людзей. Нешта падобнае мы ўжо бачылі ў Беларусі пасля 1994.

    І нават мяжа падзелу між мільярдэрамі-прыхільнікамі абедзьвух бакоў відавочная.
    За Трампа - тыя мільярдэры, якія працуюць ў "традыцыйных" галінах і пераважна на амерыканскім рынку, а таму прэферэнцыі ад дзяржавы (пад кіраўніцтвам Трампа) ды трампаўскія пратэкцыянізм і ізаляцыянізм даволі станоўча ўплываюць на іхны бізнэс. На першы погляд пэўным выключэннем выглядае Маск, але ж ён пасля уваходу на рынак электрамабіляў разбагацеў за кошт дзяржаўных субсідый на набыццё экалагічна чыстых электрамабіляў. Дарэчы - Трамп праціўнік экалагічных абмежаванняў.
    За Гэрыс - прадстаўнікі глабальнага бізнэсу і інавацыйных галінаў, якія адбудавалі свой бізнэс незалежна ад прэферэнцый ураду ЗША, таму большыя лібералізм і адкрытасць Амерыкі дэмакратаў больш адпавядаюць філасофіі іхнага бізнэсу і ў выніку падвышаюць канкурэнтаздольнасць Амерыкі і яе дэмакратычных каштоўнасцяў ў сусвеце.
  • Судя по спонсорам
    19.09.2024
    Трамп хочет превратить США в страну производства упаковки и казино,а вот эти ваши гуглы и линкедины простым людЯм не нужны!!!

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →