Свет66

Памочнікі Палесціны сталі фаварытамі Нобелеўскай прэміі міру. Як так атрымалася?

Сярод фаварытаў у гэтым годзе называюць адразу некалькі кандыдатаў, якія працуюць на Палесціну альбо не хаваюць свайго прыхільнага стаўлення менавіта да гэтага бока ў палесціна-ізраільскім канфлікце. Сярод намінантаў і Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам, і Міжнародны суд ААН, і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Разбіраемся, чаму так атрымалася.

Нобелеўскі медаль. Фота: Angela Weiss/Pool Photo via AP, File

Хто трапляе ў журы Нобелеўскай прэміі міра

Па ўмовах завяшчанне Альфрэда Нобеля прэмія міру прысуджаецца Нарвежскім Нобелеўскім камітэтам з 1901 года. Нобель не пакінуў тлумачэнняў, чаму менавіта гэтая прэмія павінна прысуджацца нарвежскім камітэтам, а астатнія чатыры — шведскімі камітэтамі.

Нарвежскі Нобелеўскі камітэт складаецца з пяці членаў, якія прызначаюцца парламентам краіны на шэсць гадоў. Палітычная прыналежнасць удзельнікаў камітэту адлюстроўвае баланс палітычных сіл у парламенце.

У пачатку 2024 года быў прызначаны наступны склад камітэта: Ёрген Ватнэ Фрыднэс (Jørgen Watne Frydnes) — старшыня, прадстаўнік Нарвежскай рабочай партыі, генеральны сакратар Нарвежскага ПЭН-цэнтра. Яго намеснікам з'яўляецца прадстаўнік Партыі прагрэсу Асле Тойе (Asle Toje). Акрамя гэтага, у камітэт увайшлі Гры Ларсен (Gry Larsen, прадстаўніца Нарвежскай рабочай партыі), Крысцін Клемет (Kristin Clemet, член Кансерватыўнай партыі) і Эн Энгер (Anne Enger, прадстаўніца Цэнтрысцкай партыі).

Яны павінны прыняць рашэнне адзінагалосна.

Нарвежскі Нобелеўскі камітэт. 2024 год. Злева направа: Эн Энгер, Олаў Ньёльстад (сакратар, не з'яўляецца членам камітэта), Гры Ларсен, Крысцін Клемет, Асле Тойе і Ёрген Ватнэ Фрыднэс. Фота:  Nobel Prize Outreach / Agnete Brun.

Фаварыты сярод кандыдатаў

Эксперты адзначаюць высокую верагоднасць таго, што прэмія ў гэтым годзе можа быць прысуджана Блізкаўсходняму Агенцтву ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ (БАДАР, англ. UNRWA), Міжнароднаму Суду ААН (International Court of Justice) або кіраўніку ААН Антонію Гутэрышу.

Як піша Reuters, камітэт, магчыма, захоча засяродзіцца на гуманітарных арганізацыях, якія дапамагаюць аблегчыць пакуты мірнага насельніцтва ва ўмовах, калі «вайна Ізраіля і ХАМАС разрастаецца, канфлікт на Украіне працягваецца ўжо трэці год, а ў Судане праліваецца кроў, з-за чаго больш за 10 мільёнаў чалавек сталі перамешчанымі асобамі».

«БАДАР можа стаць адным з такіх кандыдатаў. Яны выконваюць надзвычай важную працу для мірных палесцінцаў, якія адчуваюць пакуты вайны ў Газе», — заявіў агенцтву Reuters Хенрык Урдал (Henrik Urdal), дырэктар Інстытута даследаванняў міру ў Осла.

Што тычыцца Міжнароднага Суда і кіраўніка ААН Антоніу Гутэрыша, то, як тлумачыць гісторык Нобелеўскай прэміі міру Асле Свен (Asle Sveen), Камітэт па прысуджэнні прэмій, магчыма, захоча падкрэсліць неабходнасць умацавання міжнароднага сусветнага парадку, створанага пасля Другой сусветнай вайны, і яго галоўнага інстытута — Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Антоніу Гутэрыш António Guterres Антониу Гетерреш
Антоніу Гутэрыш. Фота: Wikimedia Commons

«Гутэрыш — галоўны сімвал ААН. (І) найважнейшы абавязак Міжнароднага суда — забяспечыць глабальнае прымяненне міжнароднага гуманітарнага права», — цытуе Reuters гісторыка.

Чаму ў Нарвегіі істотная падтрымка Палесціны

Нельга забываць аб тым, што значны ўплыў на рашэнні Нобелеўскага камітэта могуць аказаць грамадскія настроі ў Нарвегіі. Як вядома, у краіне дастаткова істотная падтрымка Палесціны. Гэта абумоўлена некалькімі фактарамі.

У Нарвегіі на працягу доўгага часу моцныя пазіцыі займалі левыя партыі, такія як Нарвежская рабочая партыя (два яе прадстаўнікі якраз і знаходзяцца ў Нобелеўскім камітэце) і Сацыялістычная левая партыя (SV). Абедзве партыі адкрыта выказваюцца ў падтрымку палесцінскіх інтарэсаў, бо бачаць у гэтым абарону правоў чалавека.

Акрамя гэтага, у Нарвегіі моцна развіта пачуццё сацыяльнай справядлівасці і гуманітарнай адказнасці. Нарвежцы часта ўспрымаюць палесцінцаў як прыгнечаны народ, якому патрабуецца падтрымка супраць магутнай дзяржавы Ізраіль. Гэтае пачуццё ўзмоцнена шматгадовым асвятленнем канфлікту, у якім палесцінцы часта паказваюцца як ахвяры.

Нарвегія пазіцыянуе сябе як краіна-міратворац, якая актыўна ўдзельнічае ў міжнародных гуманітарных місіях. Яна афіцыйна прызнала Палесцінскую аўтаномію ў 1995 годзе, усталяваўшы дыпламатычныя адносіны з яе ўладамі, і заняла пазіцыю пасрэдніка і актыўнага прыхільніка перамоваў паміж Ізраілем і Палесцінай.

Краіна актыўна падтрымлівае праграмы БАДАР, а таксама ўзначальвае Спецыяльны камітэт сувязі (Ad Hoc Liaison Committee, AHLC) — міжнародны орган, створаны ў 1993 годзе, які каардынуе дастаўку міжнароднай дапамогі Палесціне і садзейнічае эканамічнаму развіццю рэгіёна.

Чаму Ізраіль незадаволены гэтымі фаварытамі

Ізраіль доўга крытыкуе дзейнасць БАДАР, сцвярджаючы, што арганізацыя спрыяе радыкалізацыі палесцінцаў і падтрымлівае лагеры бежанцаў, што, на думку Ізраіля, замаруджвае мірнае ўрэгуляванне.

Не спрыяла добрай рэпутацыі БАДАР выкрыццё Ізраілем датычнасці некаторых яго супрацоўнікаў да нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. У жніўні 2024 года па выніках унутранага расследавання ААН дзевяць супрацоўнікаў, якія маглі быць датычныя да нападу тэрарыстаў, былі звольненыя.

Палесцінская жанчына з шалікам з эмблемай ХАМАС на фоне офіса Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ (UNRWA, ці БАДАР). Фота: Khalil Hamra / AP

Ізраіль лічыць, што арганізацыя павінна быць рэфармаваная ці поўнасцю распушчаная.

У Ізраіля не выклікае сімпатый і два іншыя фаварыты — генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і Міжнародны суд ААН.

Міжнародны суд неаднаразова выказваўся наконт ізраільскай акупацыі Заходняга берага, Усходняга Іерусаліма і сектара Газа, заяўляючы, што гэтыя тэрыторыі незаконна анэксаваныя.

Так, у 2023 годзе ён вынес кансультатыўнае меркаванне, якое пацвердзіла незаконнасць ізраільскай акупацыі палесцінскіх тэрыторый праз яе доўгатэрміновы характар і дзеянні, накіраваныя на пастаяннае змяненне статусу гэтых тэрыторый, што парушае нормы міжнароднага права.

У 2023 годзе Паўднёвая Афрыка ініцыявала справу ў Міжнародным судзе ААН (ICJ), абвінавачваючы Ізраіль у дзеяннях, якія могуць быць кваліфікаваны як генацыд. Аднак судовы разбор яшчэ працягваецца.

Міжнародны суд ААН заклікаў Ізраіль гарантаваць, што ў сектары Газа не будзе здзейснена ніякага генацыду. Сам жа Ізраіль неаднаразова заяўляў аб неабгрунтаванасці абвінавачання.

Што тычыцца непасрэдна самога Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, то 2 кастрычніка 2024 года Ізраіль аб'явіў яго «непажаданай персонай» і забараніў уезд у краіну.

«Той, хто не можа адназначна асудзіць жудасны напад Ірана на Ізраіль, як гэта зрабілі амаль усе краіны свету, не заслугоўвае права ступаць на ізраільскую зямлю», — заявіў міністр замежных спраў Ізраіля Ісраэль Кац. 

Асноўнай прычынай напружанасці стала выказванне Гутэрыша аб тым, што напады ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года «адбыліся не на пустым месцы». Акрамя таго, Гутэрыш неаднаразова крытыкаваў Ізраіль за ваенныя дзеянні ў Газе, указваючы на ​​парушэнні міжнароднага гуманітарнага права, што таксама выклікала негатыўную рэакцыю з боку Ізраіля.

***

Абвяшчэнне лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру адбудзецца ў пятніцу, 11 кастрычніка, у Нарвежскім Нобелеўскім інстытуце ў Осла. Трэба, аднак, памятаць, што камітэт можа прыняць рашэнне не ўручаць прэмію. Такое ўжо здаралася 19 разоў, апошні раз у 1972 годзе. 

Летась узнагароду атрымала іранская праваабаронца Наргіз Махамадзі. Пазалетась прэмія была прысуджана беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які знаходзіцца за кратамі.

Каментары6

  • CV
    05.10.2024
    Беларусы проста сядзяць, засунуўшы галаву ў пясок і не бачаць чым насамрэч жыве свет. А ў свеце Ізраіль паўсюль сустракае асуджэнне за сваю паўвекавую палітыку.
  • Вайна - гэта дзікунства
    05.10.2024
    Ну, хоць нехта яшчэ захаваў адэкватнасць у гэтым вар'яцкім свеце. Ізраільскі крывавы тэрор не можа быць апраўданы самаабаронай. Нагадаю таксама, што Жазэп Барэль адкрытым тэкстам сказаў, Ізраіль сам стварыў хамас. Нармальным людзям павінна быць аднолькава шкада ўсіх ахвяр, толькі ў гэтым выпадку можна разлічваць, што розгалас і антываенная грамадская пазіцыя прынясуць мір у рэгіёне.
  • Яўген
    05.10.2024
    Дык хай бы ўжо адразу Хамасу ці Хезбале далі. Ці Насрале пасьмяротна.

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →