У інстаграме мемнага стралка з Алімпіяды адшукаўся беларускі след
Вось які допінг ужывае турэцкі спартсмен!
51-гадовы Юсуф Дыкеч праславіўся на Алімпіядзе і стаў героем мемаў, калі без спецыялізаванай экіпіроўкі і з такім выглядам, быццам толькі што адарваўся ад хатніх спраў, заваяваў срэбра Алімпіяды ў стральбе з пнеўматычнага пісталета. Упэўнены і адначасова пафігістычны вобраз стралка стаў асновай для лавіны мемаў з ім.
Турэцкі спартсмен у адзін момант стаў зоркай інтэрнэту і ўсенародным улюбёнцам. На ягоны інстаграм падпісалася ўжо больш за 700 тысяч чалавек.
Сярод фатаграфій з трэніровак па стральбе і сэлфі з заваяванымі медалямі адшукаўся здымак беларускага шакаладу «Белавежская пушча» ад сталічнай «Камунаркі», зроблены ў кастрычніку 2023 года.
На жаль, Дыкеч ніяк не патлумачыў свой допіс, каб было зразумела дзе ён набыў ласунак і што яму спадабалася ў беларускім прадукце: смак горкага дэсертнага шакаладу з начынкай ці прыгожая ўпакоўка з выявай велічнага зубра. Але ў сацсетках беларусы ўжо пажартавалі наконт таго, які «допінг» дазволіў турку заваяваць алімпійскі медаль.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары