Міністэрства падаткаў і збораў апублікавала інфармацыю пра максімальныя рознічныя цэны на цыгарэты з фільтрам, якія пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня 2025 года.
У адпаведнасці з гэтай інфармацыяй, у Беларусі з новага года павінна вырасці цана дзясяткаў марак цыгарэт: 78 — вытворчасці тытунёвай фабрыкі «Нёман», 53 — вытворчасці ТАА «Тытунь-Інвест», 38 — вытворчасці ТАА «Сентоні ПРА», 36 — вытворчасці ЗТАА «АЛІДЗІ-вест», 12 — якія ўвозяцца дзяржпрадпрыемствам «Беларусьгандаль».
Паколькі многія з названых марак вырабляюцца і ўвозяцца адразу некалькімі з названых кампаній, фактычна змяненне кошту закране толькі каля 115 марак.
Цана на вырабы павысіцца ў асноўным на 20-40 капеек, хоць ёсць і такія, кошт якіх павялічыцца адразу на 80 капеек.
Маркі, што вырабляюцца ТАА «Інтэр Табака» і ўвозяцца ТАА «Сентоні ПРА», не падаражэюць.
Таксама з апублікаванай інфармацыі вынікае, што фабрыка «Нёман» пачне вырабляць новыя для айчыннага рынку цыгарэты «Фэст QS» (па 3,80 рубля), «Мінск QS» (па 3,85 рубля), Credo QS (па 3,75 рубля), «NZ Charm Рэд» (па 4, 65 рубля), «NZ Charm Браўн» (па 4,65 рубля).
ЗТАА «АЛІДЗІ-Вест» стане выпускаць таксама новую для айчыннага рынку марку Kent Nano Aroma Violet (па 7,30 рубля).
Каментары