Сярод затрыманых грузінскай паліцыяй у Тбілісі і Батумі аказаліся журналісты і апазіцыйныя палітыкі.
Пра гэта паведамляе выданне Reform.news
«Каля будынка Канстытуцыйнага суда быў затрыманы аператар і фатограф выдання «Batumelebi» Гурам Мурванідзэ. Яго затрымалі падчас асвятлення акцыі і здымкі відэаматэрыялу», — паведамляе Tbilisi life.
Паводле выдання, сярод затрыманых: дэпутат Вярхоўнага савета Аджарыі і старшыня батумскай арганізацыі «Адзіны нацыянальны рух» Георгі Кіртадзэ, лідар апазіцыйнай партыі «Дроа» і былы член грузінскага парламента Эленэ Хахтарыя, а таксама вядомы грузінскі актывіст Лука Нацвлішвілі.
Удакладняецца, што ў затрыманнях пратэстуючых асабіста ўдзельнічае начальнік паліцыі Батумі Іраклі Дгебуадзэ.
«З месца акцыі пратэсту паведамляюць, што затрымліваюць масава», — піша выданне.
У Тбілісі паліцыя затрымлівае ўдзельнікаў пратэсту, якія сабраліся каля тбіліскага рэстарана Babilo, дзе праходзіць «карпаратыўная вечарынка суддзяў».
«Кардон паліцыі каля тбіліскага рэстарана Babilo, дзе праходзіць карпаратыўная вечарынка грузінскіх суддзяў, складаецца з некалькіх шэрагаў паліцыі… Карпаратыўная вечарынка… працягваецца… нават са светламузыкай. Суддзі, што засталіся, працягваюць адпачываць на фоне пратэсту на вуліцы і кардона паліцыі», — паведамляе выданне.
Дакладная колькасць затрыманых увечары 12 студзеня пакуль невядомая.
Каментары