Вайсковы білет, знойдзены ў палоннага паўночнакарэйца, выпісаны на рэальнага тувінца
Падроблены вайсковы білет, які выявілі ў вайскоўца КНДР, узятага ўкраінцамі ў палон у Курскай вобласці, выпісаны на імя рэальнага жыхара расійскай Рэспублікі Тыва, даведалася расійскае выданне «Агентство».
У аднаго з двух узятых украінцамі ў палон вайскоўцаў КНДР, пра якіх стала вядома 11 студзеня, быў знойдзены вайсковы білет на імя жыхара Тывы Антаніна Аранчына, які нарадзіўся ў кастрычніку 1998 года.
У дакуменце пазначана месца нараджэння гэтага чалавека (горад Туран у Тыве) і грамадзянская спецыяльнасць (кравец). Фатаграфіі, даты і подпісы ўладальніка ў вайсковым білеце няма.
Аналіз «Агентства» паказаў, што для стварэння фэйкавай асобы былі выкарыстаныя звесткі рэальнага грамадзяніна Расіі. Выданне знайшло жыхара Тывы з тымі ж самымі прозвішчам, іменем, іменем па бацьку і датай нараджэння. З такімі данымі ў Расіі жыве толькі адзін чалавек.
Адзінае адрозненне ў асабістых даных — месца нараджэння: у вайсковым білеце пазначаны горад Туран, а ў пашпарце Аранчына — вёска Эрзін (таксама размешчаная ў Тыве). Ніякай сувязі Аранчына з кравецкай справай знайсці таксама не ўдалося.
У 2020 годзе Аранчын працаваў у Тэх-Хемскім лясніцтве (пасада не пазначаная). У 2023 годзе ў заяўцы на мікрапазыку ён пазначыў, што працуе ахоўнікам у гастраноме, а ў іншых заяўках таго ж года — што ён пенсіянер. У мікрапазыках яму неаднаразова адмаўлялі пасля ацэнкі плацежаздольнасці. Апошняя заяўка на мікрапазыку (7 тысяч расійскіх рублёў), якую пакінуў Аранчын і якая трапіла ў агульны доступ, датуецца 24 лютага 2024 года.
«Агентство» не змагло дазваніцца да Аранчына па тэлефонах, пазначаных у злітых звестках. Таксама не ўдалося дазваніцца да ягонай сястры, якая жыве ў Тыве. На старонкі ў VK, якія ўдалося знайсці «Агенцтву», ні сам Аранчын, ні ягоная сястра не заходзілі больш за 10 гадоў.
Раней вайсковыя білеты, выдадзеныя на імя жыхароў Тывы, ужо знаходзілі ў забітых у Курскай вобласці вайскоўцаў, якіх Украіна ідэнтыфікавала як паўночнакарэйцаў.
У канцы снежня сілы спецыяльных аперацый УСУ публікавалі фатаграфіі трох вайсковых білетаў. У дакументах было напісана, што яны належалі жыхарам Тывы з імёнамі Кім Кан Салат Альбертавіч, Дангак Джан Сурапавіч і Белек Аганак Кап-аалавіч.
Пра тое, што Расія выдае вайскоўцам, якія прыбываюць з КНДР, падробленыя дакументы, паўднёвакарэйская разведка ўпершыню паведаміла ў кастрычніку.
Каментары