«На працягу 30 гадоў незалежнасці беларускамоўныя бюлетэні задавальнялі ўсіх». Камуністы абвінавацілі Бондараву ў распальванні варожасці на моўнай глебе
Былыя аднапартыйцы прарасійскай даносчыцы выказалі свой давер да рашэння ЦВК і здзекліва прайшліся па тых «турыстах з Расіі», якія не разумеюць беларускай мовы.
Адпаведны допіс з'явіўся ў афіцыйным тэлеграм-канале Камуністычнай партыі Беларусі, старшыня якой, Сяргей Сыранкоў, сёлета балатуецца ў прэзідэнты.
Кодла Бондаравай аказалася незадаволеная тым, што ў бюлетэнях адсутнічае руская мова. На іхні зварот ЦВК адказаў, што ўсё адпавядае закону. На прэс-канферэнцыі 10 студзеня кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка абвінаваціў прарасійскіх актывістаў у нацыяналістычных выпадах.
Цяпер з асуджэннем кодлы Бондаравай выступіла і Кампартыя, з якой летась выгналі гродзенскую даносчыцу. Былыя супартыйцы здзекліва абыгралі тое, што прарасійскія актывісты ціснуць на тое, што быццам бы рускамоўная большасць у Беларусі і госці з Расіі не разумеюць беларускай мовы:
«Не адзін турыст з Расіі згубіўся і памёр ад голаду, не знайшоўшы крамы з ежай (пераблытаўшы «краму» і «крамолу»). Яшчэ больш людзей змерзлі на прыпынках і вакзалах, не здолеўшы перакласці дзіўныя і складаныя словы, як «выхад» і «платформа». Губляюцца таксама і ў беларускіх санаторыях — бо ведаць слова «працэдура» не абавязкова», – іранізуюць у паведамленні.
Камуністы таксама адзначылі, што на працягу 30 гадоў незалежнасці беларускамоўныя бюлетэні задавальнялі ўсіх і толькі напярэдадні галасавання ўздымаецца моўнае пытанне, каб наўмысна прыцягнуць да яго ўвагу ў Расіі.
Яны нагадалі, што на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны сёння афіцыйна дзве дзяржаўныя мовы, а ў Крыме — аж тры. Насамрэч беларускія камуністы апелююць састарэлымі звесткамі: у 2020 годзе так званыя ЛНР і ДНР пазбавілі ўкраінскую мову статусу дзяржаўнай.
«Беларусь — шматнацыянальная краіна, і тут ніхто не дазволіць разбураць канфесійны і нацыянальны мір. Камуністы традыцыйна выступалі супраць любых формаў шавінізму і нацыяналізму, і выказваюць сваю давер да ЦВК», — гаворыцца ў канцы паведамлення.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
А за что ещё покупать черные лабутены к болотного цвета пальто?)