Беларусы выказалі найбольшую ахвоту наведваць тысячагадовы іспанскі замак
Беларусы сталі ў 2024 годзе лідарамі па колькасці замежных турыстаў, якія зарэгістраваліся пры наведванні замка Тарыха ў аднайменным іспанскім горадзе, размешчаным у правінцыі Гвадалахара аўтаномнай супольнасці Кастылія-ла-Манча, заўважыў сайт «Беларусь и мир».
Пра гэта паведаміў Цэнтр па садзейнічанні турызму правінцыі Гвадалахара, які цяпер месціцца акурат у гэтым замку, пабудаваным рыцарамі-тампліерамі ў XI стагоддзі.
Усяго за год цэнтрам было зарэгістравана 25 584 наведвальнікі замка. З іх не былі іспанцамі 454 чалавекі з 41 дзяржавы Еўропы, Амерыкі, Азіі і Афрыкі.
Больш за ўсё дапытлівых турыстаў аказалася менавіта з Беларусі — 48 чалавек, ці 10,57% ад агульнай колькасці. Зусім трошкі ад нашых суайчыннікаў адсталі госці з ЗША, якіх прыязджала 46 чалавек, ці 10,13%.
Далей у гэтым рэйтынгу ідуць брытанцы (37 турыстаў, ці 8,14%), французы (32 турысты, ці 7,04%) і Польшчы (26 турыстаў, ці 5,72%).
Каментары