Вучоныя знайшлі ў мозгу «пункт старэння», які можа быць ключом да даўгалецця
Клеткі, размешчаныя ў адной з абласцей гіпаталамуса, адыгрываюць важную ролю ў кантролі працэсу старэння. Палепшыць іх функцыю можна зменай рацыёну харчавання і ладу жыцця.
Мозг адыгрывае істотную ролю ў працэсе старэння, і навукоўцы з Інстытута Алена ў ЗША мяркуюць, што ім удалося вызначыць канкрэтныя клеткі, якія яго кантралююць. Для гэтага яны стварылі маштабную карту клетак мозгу маладых (2 месяца) і старых (18 месяцаў) мышэй. Яна адкрывае новыя магчымасці для разумення старэння і яго сувязі з хваробамі. Сваімі вынікамі яны падзяліліся на старонках часопіса Nature.
Мышы былі абраныя таму, што маюць шмат супольных рыс з чалавекам у структуры і функцыях мозгу, а таксама ў механізмах старэння. Іх адносна кароткі жыццёвы цыкл дазваляе лёгка назіраць за зменамі, звязанымі са старэннем, на працягу ўсяго іх жыцця. Даследчыкі адзначаюць, што 18-месячныя мышы прыкладна адпавядаюць «чалавеку позняга сярэдняга ўзросту».
Вучоныя згрупавалі 1,2 мільёна клетак мозгу мышэй у 847 розных тыпаў, а таксама здолелі ідэнтыфікаваць каля 2500 генаў, якія мяняюцца са старэннем.
Даследаванне паказала, што ў старэючым мозгу актыўнасць генаў, звязаных з запаленнем, узрастае, у той час як актыўнасць генаў, неабходных для функцыянавання нейронаў ці здольнасці перадаваць і апрацоўваць інфармацыю, зніжаецца.
Вучоныя выявілі канцэнтрацыю гэтых змен у гіпаталамусе. Прычым найбольш істотныя змены экспрэсіі генаў былі знойдзены ў тыпах клетак, што знаходзяцца побач з трэцім жалудачкам гіпаталамуса і адыгрываюць важную ролю ў спажыванні ежы, энергетычным гамеастазе, абмене рэчываў і ў тым, як наш арганізм выкарыстоўвае пажыўныя рэчывы. Гэта месца атрымала назву «цэнтральнага пункта старэння».
Па словах аўтараў, атрыманыя імі звесткі пацвярджаюць раней выяўленую сувязь паміж старэннем і зменамі ў абмене рэчываў і з'яўляюцца зыходным пунктам для больш глыбокага вывучэння таго, як дыета, лад жыцця ці фармацэўтычныя прэпараты могуць палегчыць або запаволіць пагаршэнне здароўя мозгу, звязанае з узростам.
Адсочваючы найбольш уразлівыя тыпы клетак, даследчыкі спадзяюцца распрацаваць стратэгіі — дыетычныя або фармацэўтычныя, — якія дапамогуць падтрымліваць здаровую работу мозгу да глыбокай старасці.
Каментары