Грамадства

Як за два гады змяніліся прадстаўнікі апазіцыі і рэжыму? ФОТЫ

Два гады таму ў гэты час напоўніцу разварочвалася прэзідэнцкая кампанія, ладзіліся пікеты, збіраліся подпісы, і вялікая частка людзей мела надзею на хуткія перамены. Сёння мы маем вынікі паслявыбарчых падзей: частка экс-кандыдатаў ў прэзідэнты ў турмах з вялікімі тэрмінамі, частка палітыкаў і штабоў — у эміграцыі, 1235 афіцыйна прызнаных палітзняволеных, вайна з Украінай, дзе Беларусь выступае на баку агрэсара.

Твар Уладзіміра Зяленскага выразна змяніўся ўжо за 40 дзён вайны, а як выглядаюць праз два гады змагання адны з асноўных прадстаўнікоў апазіцыі і рэжыму? Сабралі фоты некаторых з іх.

Флейтыстка Марыя Калеснікава ў 2020-м годзе пераняла палітычную эстафету ў Віктара Бабарыкі, штабам якога кіравала. Мы не ведаем, як яна цяпер выглядае ў гомельскай калоніі, у якой адбывае зняволенне (11 год). Але мяркуючы па яе ўсмешцы ў судзе і прывітанні ў лістах, яна ўсё так жа ўсміхаецца і шле беларусам сэрцайкі. 

Фота: «Наша Ніва» і sb.by

Тое самае можна сказаць і пра экс-банкіра Віктара Бабарыку. У наваполацкай калоніі, дзе Віктар адбывае зняволенне, на яго ўсяляк ціснуць: іншым зняволеным забараняюць з ім камунікаваць, палітыку даюць цяжкую працу, змяшчаюць у ШІЗА, але ён працягвае падаваць прыклад нязломнасці і ў такіх умовах.

Фота: тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі і sb.by

Святлана Ціханоўская ўступіла ў прэзідэнцкую гонку замест затрыманага мужа Сяргея. І вось ужо два гады прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, трансфармаваўшыся з «гаспадыні» ў палітыка і знешне, і ўнутрана. 

Фота: «Наша Ніва» і скрыншот з ютуб-канала Святланы Ціханоўскай

Многае было б немагчымым без каманды, якая згуртавалася вакол Ціханоўскай. У тым ліку яе дарадцы Франака Вячоркі. Такім ён быў на апошніх стрымах.

Фота: скрыншоты з ютуб-канала Святланы Ціханоўскай

А так за кратамі выглядаў сам Сяргей Ціханоўскі, асуджаны да 18 год калоніі.

Фота: «Наша Ніва» і sb.by

Аляксандр Лукашэнка, можна падумаць, не мяняецца, як і не мяняецца больш за 20 год яго пасада. Але калі прыглядзецца да яго выступаў, то можна заўважыць, што два апошнія гады не прайшлі бясследна і, як мінімум, дадалі яму стомленасці. На фота злева ён без грыму на мітынгу 16 жніўня 2020 года. На фота справа — у грыме падчас нядаўняй сустрэчы ў Пуціным.

Фота: ТАСС, AP Ramil Sitdikov

А вось старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў сваім амплуа трымаецца роўна. Ëй, відавочна, даспадобы месца пры ўлюбёным кіраўніку, якога яна лічыць адзіным чалавекам, здольным быць прэзідэнтам, і сустрэчы са студэнтамі ці супрацоўнікамі прадпрыемстваў, якіх трэба дадаткова ідэалагічна прапрацаваць.

Фота: «Наша Ніва» і minsknews_by

Ці паматала жыццё прапагандыстаў? Прыдумляць і паказваць беларускую ідэальную карцінку і штодзень паліваць брудам «ворагаў» — справа не з лёгкіх.

Муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі Іван Эйсмант быў прызначаны на пасаду старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» ў 2018 годзе, змяніўшы Генадзя Давыдзьку. Наўрад ці ён чакаў, што ўжо ў 2020-м яму прыйдзецца спрабаваць «супакоіць» сваіх супрацоўнікаў, якія выйшлі на забастоўку, і прымаць заявы на звальненні.

Фота: tut.by, belta.by

Напярэдадні выбараў-2020 Эйсмант даў вялікае інтэрв'ю TUT.BY, а сёння з калегамі па цэху ў «Клубе рэдактараў» стабільна праходзіцца па партале, хаця ён і быў разгромлены ў 2021 годзе, называе Цукерберга новым Гітлерам і заклікае забараніць у Беларусі Фэйсбук.

Рыгор Азаронак прыйшоў на змену бацьку. Здольнасць пляжыць апазіцыю аказалася запатрабаванай — як кажуць, чалавек апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. І вось ужо ў Рыгора сваё аўтарскае шоу, і ён адзін з нямногіх, каго запрашаюць на ўсе мерапрыемствы з Лукашэнкам, хто атрымлівае медаль «За адвагу».

Фота: скрыншот CTV.by і тэлеграм-канал Грыгорыя Азаронка.

Падобным чынам складваецца і кар’ера яшчэ аднаго прапагандыста — Ігара Тура. А марыў у свой час стаць спартовым журналістам і рэкламаваў адзенне ў нацыянальным стылі.

Фота: скрыншоты з відэа АНТ

У мінулым праграміст, актывіст штаба Цапкалы Ілля Бягун далучыўся да прапагандысцкай кампаніі ў 2021 годзе, калі нечакана вярнуўся ў Беларусь са сваёй палітэміграцыі. Лічыцца, што ён баяўся вяртацца ў Беларусь і вырашыўся на такі крок пад гарантыі бяспекі ад Юрыя Васкрасенскага. Адсюль робіцца зразумелым, як ён стаў удзельнікам круглага стала апошняга. Праўда, ненадоўга.

Фота: dev.by і скрыншот з відэа minsknews.by

А вось на дзяржаўных тэлеканалах Бягун прыжыўся: у яго атрымліваецца добра паліваць брудам апазіцыю. На «Минск-новости» ён вядзе сваю калонку, а ў сюжэтах АНТ выступае як «медыяэксперт» і нават «эксперт па фотамантажы».

Экс-міністр унутраных спраў Юрый Караеў, адказны за жорсткі разгон пратэстаў пасля 2020 года, як памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці змяніў форму на цывільнае адзенне і ўсё часцей яго можна заўважыць ў рабочым луку на суботніку ці на прыборцы снегу. Але на яго перакананні, вядома, гэта ніяк не паўплывала: чаго толькі вартая гісторыя заўзятараў, якіх судзілі за тое, што яны не ўсталі падчас гімна на гульні «Нёмана» і «Гомеля» ў Гродне. Самі заўзятары расказвалі, што загад затрымаць іх аддаў Караеў. 

Фота: «Наша Ніва» і belta.by

У 2020 годзе Павел Латушка быў яшчэ дырэктарам Купалаўскага тэатра. Пасля яго звальнення адтуль Мінкультам сышла і амаль уся трупа, якая працягвае працу за мяжой пад брэндам «Купалаўцы» (у той час як у Купалаўскі на Энгельса праводзяць ужо восьмы кастынг, каб набраць акцёраў).

Фота: «Наша Ніва» і ютуб-канал Паўла Латушкі

Сам Латушка на пасадзе кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіравання працуе на міжнародным фронце. Адна з яго апошніх прапаноў — заклік прызнаць Беларусь тэрыторыяй, часова акупаванай Расіяй. На Латушку павесілі статус «тэрарыста» і крымінальную справу, пераслед закрануў і яго сваякоў.

Днямі мы расказвалі пра чарговы пагром кватэры, які пад выглядам «ператрусаў» праводзяць сілавікі ў Беларусі. Дайшлі і да дома Веранікі і Валерыя Цапкалаў.

Цапкалы ў 2020 годзе

Лічыцца, што гэта таксама помста за дзейнасць экс-кандыдата ў прэзідэнты і яго жонкі, якая пасля ўвайшла ў аб’яднаны штаб з Ціханоўскай і Калеснікавай.

Фота: тэлеграм-канал Валерыя Цапкалы. 2022 год, Форум дэмакратычных сілаў Беларусі

Дрэнныя ўмовы ў беларускіх турмах і ізалятарах так ці інакш адбіваюцца на здароўі вязняў. Згадайце хаця б, як выглядала Наталля Хершэ пасля вызвалення з калоніі. І ўражвае, наколькі пры гэтым годна трымаюцца экс-палітзняволеныя, дэманструючы нязломнасць і загартаванасць.

Ціхан Клюкач трапіў за краты ў 18 год. Разам з Сафіяй Малашэвіч ён размаляваў балончыкам з фарбай шчыты спецыяльных сродкаў загароджы на адным з маршаў і атрымаў за гэта год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Так Ціхан выглядае цяпер.

Фота: старонка Ціхана ў фэйсбуку.

Чытайце таксама:

Затрымалі дырэктара медцэнтра. Яго абвінавачваюць у супрацоўніцтве з «Байполам»

Экс-супрацоўнік ізалятара часовага ўтрымання: пра ідэалагічную апрацоўку, сачэнне, сістэму здзекаў і заробкі

Каментары

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →