Беларусы запускаюць школу відэаблогераў. Сярод настаўнікаў: Мелказёраў, Ляўчук, Ветрава
Каманда, якая займаецца выпускам шэрагу беларускіх YouTube-каналаў, сярод якіх «Жыццё — маліна», «ЧестнОК» і іншыя, запускае анлайн-школу для відэаблогераў.
Курс навучання будзе складацца з практычных заняткаў, а таксама з матывацыйнай часткі ад запрошаных зорак беларускага YouTube: Мікіты Мелказёрава («Жыццё — маліна»), Маргарыты Ляўчук (Levchuk Soprano), Кацярыны Сныцінай («Зеркало»), Яраслава Пісарэнкі («ЧестнОК»), Мікіты Моніча («Около культуры»), а таксама ад зорак беларускага TikTok Лізы Ветравай і Мікіты Бялевіча.
Школа будзе бясплатнай для беларусаў і арыентаваная як на тых, хто з'ехаў з краіны, так і на тых, хто застаецца ў Беларусі. Працэс навучання выбудаваны такім чынам, каб гэта было бяспечна.
Тэмы навучання:
— Як раскруціць канал на YouTube з 0 падпісчыкаў.
— Як перамагчы алгарытмы YouTube.
— Як купіць танную тэхніку для здымак, каб не пацярпела якасць.
— Як зрабіць найлепшы сцэнарый у свеце.
— Як выкарыстоўваць рэкламныя інструменты YouTube.
Шэсць найлепшых вучняў школы атрымаюць суправаджэнне каналаў па ўсіх напрамках: ад кантэнтнага да фінансавага і рэкламнага. Тэрмін падтрымкі — ад трох да шасці месяцаў.
Адным з арганізатараў школы выступае кіраўнік Tribuna.com у Беларусі і Украіне Максім Беразінскі.
«Мы даўно развіваем беларускі сегмент YouTube. У нас моцная каманда тэхнічных і крэатыўных спецыялістаў, якія супрацоўнічаюць з найлепшымі беларускімі каналамі ў розных аспектах — ад поўнай вытворчасці да дапамогі ў раскрутцы каналаў. Мы перакананыя, што добрых беларускіх каналаў можа быць больш. І гатовыя дапамагчы ім стаць на ногі», — кажа Беразінскі.
Збор заявак — да 15 кастрычніка. Курс навучання пройдзе ў кастрычніку — снежні 2022 года. Пераможцы будуць вызначаныя да канца 2022 года.
Каментары