Павел Латушка — пра адмову праходзіць паліграф і самы дарагі касцюм
У вялікай размове «Ток» палітык Павел Латушка патлумачыў, чаму адмовіўся праходзіць паліграф, і распавёў пра свой стыль у адзенні.
Адмова ад праходжання паліграфа звязаная з тым, што палітык не верыць таму, хто будзе праводзіць гэтую праверку.
Ён сумняваецца, што інфармацыя, якая будзе прадстаўленая ў яе ходзе, застанецца там, дзе яна павінна быць. Але Латушка паабяцаў прайсці паліграф пасля вяртання ў Беларусь, калі гэта будзе патрэбна.
Адносна стылю палітык адзначыў, што адзенне павінна адпавядаць статусу дыпламата. Ён згадаў выпадак, калі тагачасны міністр замежных справаў Мартынаў быў за мяжой на перамовах. У аднаго ўдзельніка беларускай дэлегацыі былі жоўтыя боты. Па вяртанні ў Мінск міністр выдаў распараджэнне аб стылі супрацоўнікаў беларускага МЗС.
Непасрэдна Латушка зрабіў заўвагу свайму намесніку, які вечарам любіў хадзіць у светлым касцюме. Нельга ў такім выглядзе ісці на прыём, а тым больш на афіцыйную вячэру.
Праўда, па назіраннях палітыка, цяпер у Францыі да гэтага дыпламаты сталі адносіцца спакойна. Напрыклад, у жніўні, калі ўсе ў адпачынках, яны могуць не насіць гальштукаў. А вось пра Латушку жартавалі, што ён спіць у гальштуку.
Свае гарнітуры палітык заўсёды купляў са зніжкамі ў краме Vistula. Прыкладны кошт — 500-600 еўра. Калі быў прыём ад імя прэзідэнта ў Польшчы ці Францы (самы галоўны, напярэдадні Новага года), то трэба было надзяваць смокінг. А напярэдадні прыёму з нагоды Дня незалежнасці Беларусі Латушка заўсёды набываў новы касцюм. «Гэта не значыць, што толькі адзін на год, — удакладніў палітык. — Калісьці іх было 14-15».
Каментары
а ён дыпламат? як на мой погляд, то тут - youtube.com/watch?v=X6R1psNfHak - дальнабоі выглядаюць больш інтэлігентна і паводзяць сябе дыпламатычна ў адрозненне ад... *опніка