ГУБАЗіК затрымаў за каментары яшчэ аднаго мужчыну. Той зрабіў тую ж памылку, што і дзясяткі тысяч беларусаў
Ягоны выпадак таксама паказвае, што ГУБАЗіК працуе па самых лёгкіх мішэнях.
Затрыманаму Дзмітрыю Чарнуху — 28 гадоў. Ён з Барысава. Працаваў у розных месцах і нічым асабліва не вылучаўся.
У 2020-м мужчына пакінуў амаль 400 каментароў у адрас лукашыстаў у розных чатах і не выдаляў іх. Цяпер за іх на яго завялі крымінальныя справы, калі верыць каналу ГУБАЗіКа.
Як яго знайшлі, хоць спачатку ягоны акаўнт быў абаронены даволі добра? Вельмі проста — ён змяніў імя і «аватарку» ў тэлеграме на свае ўласныя. Пасля гэтага адшукаць яго стала справай літаральна секундаў.
Ён далёка не першы, каго затрымліваюць з гэтай прычыны. Учора мы паведамлялі пра затрыманне мінчука, які ў нейкі момант адкрыў свой нумар у тэлеграме. Вядома, што па гэтай жа прычыне апынулася за кратамі Марына Санкевіч, якой прысудзілі сем гадоў калоніі за каментары ў тэлеграме.
Даволі простыя меры бяспекі могуць дапамагчы вам засцерагчыся, хоць і не гарантуюць бяспекі.
Па звестках гродзенскіх праваабаронцаў, дзясяткі тысяч карыстальнікаў маюць адкрытыя персанальныя звесткі ў тэлеграме. Агулам каля мільёна акаўнтаў, якія належаць беларусам, пакідалі каментары ў адкрытых чатах.
Мы шмат разоў нагадвалі пра тое, што калі вы ў 2020-м пісалі з неабароненага акаўнта, то гарантыі бяспекі быць не можа. Але вось што можна зрабіць, каб зменшыць рызыку.
- Пачысціць каментары ў тэлеграме (з дапамогай бота ад гродзенскіх праваабаронцаў), выдаліць акаўнт і стварыць яго нанова. Лепш — на віртуальны, куплены за крыптавалюту або за мяжой нумар.
- Вычысціць фота са смартфона, акаўнта Google Photos і акаўнта ў iCloud, каб прыбраць фота з пратэстаў.
- Вычысціць «крамолу» з іншых сацсетак і месенджараў: Viber, Whatsapp, Telegram, Instagram, Facebook, VK і «Аднакласнікі» (асобна выдаліце лайкі).
- Пачысціце ваш акаўнт у Google (і Google Play), а таксама YouTube, калі там магло захавацца нешта «крамольнае».
- Прааналізуйце, дзе яшчэ маглі быць сляды вашай дзейнасці, і паспрабуйце іх зменшыць або выдаліць зусім — тут вам дапамогуць пошукавікі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары