Украінскія спецназаўцы ваявалі ў вайне ў Судане супраць ПВК «Вагнер»
Не менш за 100 байцоў спецназа ўкраінскай разведкі ваявалі супраць ПВК «Вагнер» у Судане. Удзел украінскіх спецназаўцаў у баявых дзеяннях у Судане супраць паўстанцаў і расейскіх фармаванняў зʼяўляецца часткай стратэгіі, накіраванай на падрыў ваенных і эканамічных аперацый Расіі за мяжой, піша The Wall Street Journal.
Па даных WSJ, кіраўнік Судана Абдэль Фатах аль-Бурхан звярнуўся за дапамогай да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пасля таго, як Судан негалосна пастаўляў Украіне зброю ў 2022 годзе.
Абдэль Фатах аль-Бурхан па тэлефоне звярнуўся да Зяленскага, калі апынуўся ў аблозе ў сталіцы краіны Хартуме: горад штурмавалі паўстанцы Сіл хуткага рэагавання, на баку якіх ваююць байцы ПВК «Вагнер».
Неўзабаве пасля прыбыцця ўкраінскіх вайскоўцаў ахоўнікі аль-Бурхана вывезлі яго з Хартума ў размяшчэнне ўкраінцаў, расказалі суданскія чыноўнікі. Лідар Судана падзякаваў украінцам і адправіўся ў горад Порт-Судан, які знаходзіцца пад кантролем верных яму вайскоўцаў.
Праз некалькі тыдняў, 23 верасня, Зяленскі правёў незапланаваную сустрэчу з аль-Бурханам у аэрапорце ў Ірландыі.
«Для Украіны адпраўка войскаў у Афрыку зʼяўляецца новай смелай авантурай — часткай стратэгіі, накіраванай на падрыў ваенных і эканамічных аперацый Расеі за мяжой, на тое, каб зрабіць вайну даражэйшай для Масквы і пазіцыянаваць сябе як апору супраць расейскіх уварванняў, у тым ліку ў рэгіёнах, дзе Захад не жадае прымаць непасрэдны ўдзел», — піша выданне.
«Лінія фронту ў вайне паміж Украінай і Расіяй зараз распасціраецца да Афрыкі», — сцвярджае WSJ.
У той жа час, гаворыцца ў публікацыі, «гэтая аперацыя звязана са значнай палітычнай рызыкай у момант, калі падтрымка Украіны з боку Захаду вагаецца».
«У Судане Украіна ўмешваецца ва ўнутраны канфлікт у чужой краіне, дзе загінулі дзясяткі тысяч мірных жыхароў, а ЗША заяўляюць, што абодва бакі здзейснілі ваенныя злачынствы. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен папярэдзіў, што любая краіна, якая аказвае матэрыяльную падтрымку, «нясе адказнасць за распальванне зверстваў супраць суданскага народа», — піша WSJ.
Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў у каментары выданню адмовіўся сказаць, ці дастаўлялі вайскоўцаў у Судан, але даў абгрунтаванне іх адпраўкі. «Вайна — гэта рызыкоўная справа. Мы вядзем паўнацэнную вайну з Расеяй… У іх ёсць падраздзяленні ў розных частках свету, і мы часам спрабуем нанесці ім удар там», — сказаў ён.
Па даных выдання, украінскія вайскоўцы таксама пачалі навучаць суданскіх салдат некаторым з тых жа тактык, якія дапамаглі ім стрымліваць вялікае расейскае войска, у прыватнасці, выкарыстанню беспілотнікаў.
Раней выданне Kyiv Post 6 лістапада 2023 года апублікавала два відэа, на якіх, як сцвярджалася, верагодна, украінскія спецназаўцы палююць на наймітаў ПВК «Вагнер» у Судане, хоць украінскі ўрад афіцыйна не прызнала ні разгортвання баявых падраздзяленняў у Судане, ні правядзення аперацый супраць вагнераўцаў у гэтай краіне.
У Судане аль-Бурхан прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў 2018 годзе. У 2023-м супраць аль-Бурхана выступілі Сілы хуткага рэагавання, у краіне пачалася грамадзянская вайна.
Каментары