Забудоўшчык «Паўночнага берага» паведаміў, што будзе з праектам пасля змены інвестара
Забудоўшчык жылога комплекса «Паўночны бераг» у Мінску запэўніў, што, нягледзячы на чуткі пра магчымую змену інвестара, «канцэпцыя забудовы комплексу застаецца нязменнай і будзе цалкам рэалізаваная». Пра гэта кампанія «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд» паведаміла ў телеграм-канале праекта.
Паводле слоў забудоўшчыка, комплекс будуюць згодна з раней зацверджаным графікам і планам. Пры гэтым працягваюць праектаваць дзіцячы сад і школу, узводзяць Мінскі міжнародны выставачны цэнтр.
У кампаніі адзначылі, што яны «фінансава стабільныя і валодаюць дастатковымі эканамічнымі і інжынернымі рэсурсамі для паспяховай працы над праектам на многія гады наперад».
У красавіку агенцтва Reuters са спасылкай на «людзей, знаёмых з пытаннем» паведаміла, што кіраўнік кампаніі Emaar Properties з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Махамед Алі Алабар прадае беларускі бізнэс. Раней ён планаваў інвеставаць 4 млрд даляраў у праект «Паўночны бераг». Прычыны сыходу — санкцыі і жаданне Emaar Properties папрацаваць на еўрапейскім рынку, у прыватнасці ў Сербіі.
Будаўніцтва «Паўночнага берага» разлічана на 20 гадоў. У комплексе ў тым ліку хочуць узвесці 6 млн кв. метраў жылля, выставачны цэнтр і Інстытут штучнага інтэлекту.
Каментары