Ігар Случак напісаў рэзкі каментар пра рускамоўных беларусаў. Не вытрымаў нават Пазняк
Пад допісам у два радкі разгарнулася гарачая дыскусія.
«Тры рэчы, што выклікаюць агіду: папяровыя кактэйльныя трубкі, варанае сала і беларусы, што размаўляюць між сабою па-руску», — напісаў у фэйсбуку абаронца беларускай мовы Ігар Случак.
Частка каментатараў паставіліся з гумарам да выказвання пра кактэйльныя трубкі і варанае сала. Сталі казаць пра вараную цыбулю, слова «Вільнюс», пытацца, што не так з трубкамі.
Але большасць зрэагавала на «беларусаў, што размаўляюць паміж сабой па-руску».
«Але ты агідную думку выказаў», — заўважыў грамадскі актывіст, абаронца помнікаў архітэктуры Юрась Меляшкевіч.
«Так мы цудоўную РБ будучыні не пабудуем», — адказаў блогер, пранкер і музыкант Андрэй Павук.
«Скаргу у беларускую міліцыю ўжо напісалі?» — яхідна адказаў сацыёлаг Філіп Біканаў, намякаючы на практыку скаргаў Случака.
«Як жа вы ненавідзіце беларусаў, калі ўлічыць, што 95% гавораць па-руску! А калі сур'ёзна, то ваш пост — найлепшы каментар да разваг пра талерантнасць беларусаў. Брава!» — быў яшчэ каментар.
Не вытрымаў нават Зянон Пазняк: «Дарагі дружа. У гэтай вайне беларусам важна таксама зберагчы самаідэнтыфікацыю. Бо атака ідзе не толькі на мову. Таму асцярожна са словамі (нават калі нясцерпна). Хто збярог самаідэнтыфікацыю, той вернецца ў мову, калі зменіцца час. Хто сябе страціў, той незваротны».
Каментары