Дзе менавіта цяпер знаходзіцца Юн Сок Ёль, невядома. Выязджаць з краіны яму забаранілі.
Акруговы суд Сеула выдаў ордар на арышт адхіленага ад улады прэзідэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля, які 3 снежня спрабаваў абвясціць у краіне ваеннае становішча, за што быў падвергнуты імпічменту і абвінавачаны ў мяцяжы, піша Бі-бі-сі.
Юн Сок Ёль на працягу апошніх двух тыдняў тройчы праігнараваў выклікі на допыт, і ў выніку следчыя ў нядзелю ўвечары падалі ў суд хадайніцтва аб ордары на яго арышт. Адвакат Юна называе гэтае хадайніцтва незаконным.
Следчыя павінны арыштаваць адхіленага прэзідэнта да 6 студзеня; пасля заканчэння гэтага тэрміну ім давядзецца прасіць суд аб прадаўжэнні орара. Ці ўдасца следству арыштаваць Юна, пакуль невядома: ім могуць перашкодзіць ахова прэзідэнта і яго прыхільнікі.
Ахова раней ужо не прапусціла следчых у офіс прэзідэнта і яго асабістую рэзідэнцыю, хоць яны мелі ордэр на вобшук гэтых памяшканняў.
У гісторыі Паўднёвай Карэі ўжо былі выпадкі, калі ўлады адмаўляліся ад спроб арыштаваць вядомых палітыкаў з-за таго, што арышту фізічна перашкаджалі іх атачэнне і прыхільнікі. Адвакаты Юн Сок Ёля ў панядзелак заявілі, што следчыя не маюць падстаў яго арыштоўваць, бо прэзідэнт згодна з канстытуцыяй мае права абвяшчаць ваеннае становішча.
Сам Юн яшчэ ў першай палове снежня адпрэчваў абвінавачанні ў спробе мяцяжу і заявіў, што ўвядзенне ваеннага становішча было «палітычна вывераным рашэннем», якое ён прыняў дзеля абароны дзяржавы ад апазіцыі, якая паралізавала працу ўрада.
Дзе менавіта цяпер знаходзіцца Юн Сок Ёль, невядома. Выязджаць з краіны яму забаранілі.
Афіцыйна ён застаецца прэзідэнтам. Ён адхілены ад выканання прэзідэнцкіх абавязкаў з 14 снежня, калі парламент прагаласаваў за яго імпічмент, але для таго, каб змясціць яго з пасады, імпічмент павінен зацвердзіць Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі. Пры гэтым зараз у складзе Канстытуцыйнага суда — усяго шэсць суддзяў з прадугледжаных законам дзевяці. Суд можа працаваць і з шасцю суддзямі ў складзе, але ў такім выпадку, каб аднавіць Юна на пасадзе, будзе дастаткова аднаго голасу.
Парламент, каб павысіць свае шанцы, прапанаваў прэм’ер-міністру Хан Док Су, які стаў часовым выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, кандыдатуры трох адсутных суддзяў, але той адхіліў іх.
Апазіцыя ў парламенце ў адказ абвінаваціла Хана ў тым, што ён дзейнічае ў інтарэсах Юна, і 27 снежня прагаласавала ўжо за імпічмент Хана. У выніку выканаўцам абавязкаў і прэзідэнта, і прэм’ера стаў першы намеснік прэм’ера, міністр эканомікі і фінансаў Чхве Сан Мок. Цяпер апазіцыя пагражае імпічментам і яму.
Каментары