Мошчы італьянскага святога знайшлі ў касцёле пад Баранавічамі. Верагодна, яны там захоўваліся з XVII стагоддзя
Мошчы італьянскага святога Сімпліцыя з Ольбіі, які жыў у III — IV стагоддзях, былі знойдзены ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Ісуса вёскі Сталовічы ў 2022 годзе настаяцелем храма Янушам Фештэрам, піша bar24.by.
Раней у Сталовічах знаходзілася камандорыя Мальтыйскага ордэна. Хутчэй за ўсё, нехта з прадстаўнікоў ордэна пасля 1614 года прывёз з сабой у ВКЛ частку мошчаў святога. Пры падзеле Рэчы Паспалітай Сталовічы ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі. Камандорыя была зачынена, а касцёл перадалі Праваслаўнай царкве.
Магчыма, некаторы час мошчы захоўваліся ў мясцовых жыхароў у Сталовічах. У 1911 годзе ў мястэчку быў пабудаваны новы каталіцкі храм, куды людзі перадалі маёмасць са старога храма, у тым ліку і мошчы святога Сімпліцыя.
Да 2022 года рэлікварый з мошчамі стаяў у металічнай шафе, дзе хаваюць розныя рэліквіі, якія выкарыстоўваюцца падчас набажэнства. Рэлікварыем ніхто не цікавіўся.
— Ён быў незаўважны, прыкрыты іншымі рэліквіямі, — распавёў айцец Януш. — Я стаў правяраць усю маёмасць, выцягнуў рэлікварый і прачытаў, што напісана. А потым пачаў пошукі ў інтэрнэце.
Даведаўшыся, што захоўвае ў сабе рэлікварый, святар вельмі здзівіўся. Вядома, што мошчы гэтага святога захоўваюцца толькі ў горадзе Ольбія на Сардзініі.
— Я думаю, гэтыя мошчы, магчыма, больш каштоўныя, чым страчаная ікона Ларэтанскай Божай Маці, якая захоўвалася ў камандорыі Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах, — адзначыў айцец Януш.
У гонар святога Сімпліцыя ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Ісуса 15 мая адбылася ўрачыстая імша. Перад гэтым айцец Януш напісаў святарам у Ольбію, каб даведацца, як яны адзначаюць гэтае свята, каб прытрымлівацца традыцый.
Хто такі святы Сімпліцый
Святы Сімпліцый — італьянскі біскуп, першы меркаваны біскуп Ольбіі. Каталіцкім касцёлам ён шануецца як святы, мучанік.
Сімпліцыя замучылі 15 мая 304 года ў часы праўлення рымскага імператара Дыяклетыяна. Паводле мясцовай легенды, частка яго цела была выкінута ў мора каля вострава Тавалара. Рыбакі сцвярджалі, што там бачылі бесперапыннае віраванне вады.
Мошчы святога захоўваюцца ў горадзе Ольбія ў базіліцы Святога Сімпліцыя з 1630 года.
Святы Сімпліцый лічыцца апекуном горада Ольбія. Дзень ушанавання яго — 15 мая. Аднак святкаванне пачынаецца ўжо з 10 мая. Штодня праводзяцца забаўляльныя праграмы, падчас якіх усіх бясплатна кормяць мідыямі.
15 мая ў базіліку Святога Сімпліцыя з усёй Сардзініі прыходзяць працэсіі паломнікаў, якія нясуць фігуркі мучаніка.
Чытайце таксама:
Галендры: народ Беларусі, ад якога засталіся толькі кветкі і камяні
Каментары