Культура88

Да гадавіны трагедыі на Нямізе: праклён скульптара Інькова

Творчасць Міхаіла Інькова, чыя дачка загінула ў цісканіне на Нямізе, непарыўна звязаная з верай і, як ён сам прызнаецца, са смерцю. Ці напаткае містычная доля інфаказачку Вольгу Бондараву, якая накінулася на ягоныя помнікі?

Скульптар Міхаіл Інькоў. Фота: kurjer.info

Сярод усіх гісторый ахвяр трагедыі на Нямізе, якая адбылася 30 мая 1999 года і забрала жыцці 53 чалавек, вылучаецца гісторыя сям’і Іньковых. 

У той дзень у цісканіне загінула іх малодшая дачка Марыя, якой было 15 гадоў і якая толькі скончыла 9-ы клас школы. Бацькі ў гэты час былі на Вячы і ні пра што не здагадваліся. Вярнуўшыся дадому, яны даведаліся пра трагедыю. Увечары дахаты Маша не вярнулася. Яе цела бацькі адшукалі ў моргу. 

Памятны знак у выглядзе капліцы ля станцыі метро «Няміга». Фота: Wikimedia Commons

Бацькам Марыі быў беларускі скульптар Міхаіл Інькоў. Ужо маючы дыплом архітэктара і досвед працы па спецыяльнасці, ён паступіў на аддзяленне скульптуры ў Беларускую акадэмію мастацтваў, дзе вучыўся ў Анатоля Арцімовіча. 

Як глыбока веруючы чалавек, Інькоў яшчэ ў студэнцкія гады ўзяў удзел у стварэнні першага праваслаўнага помніка ў паслясавецкай Беларусі — помніка Кірылу Тураўскаму на Замкавай гары ў Тураве, які быў адкрыты ў 1993 годзе. Раней лічылася, што праваслаўныя не павінны ўшаноўваць сваіх святых у форме ідалаў.

Першы буйны скульптурны твор Міхаіла Інькова — помнік Кірылу Тураўскаму. Фота: Wikimedia Commons

У Акадэміі мастацтваў Інькову прапанавалі абараняцца толькі што пастаўленым манументам, але ён адмовіўся на карысць помніка Святой Сафіі Слуцкай, на які яго благаславіў уладыка Філарэт. Як казаў сам скульптар, яму далі зразумець, што адзнака працы будзе адпаведнай, бо сярод выкладчыкаў былі камуністы.

«Я зрабіў працоўную мадэль, свецкі варыянт і галаву ў натуральную велічыню. Гэта была першая дыпломная праца ў Акадэміі на рэлігійную тэматыку».

Камісія, аднак, палічыла, што мастак пайшоў на повадзе царквы і гэта было памылкай. Скульптура была аздобленая дэкорам, што таксама не спадабалася членам камісіі. Мастак атрымаў толькі тройку за сваю працу. Толькі праз пяць гадоў, у 1999 годзе, скульптуру паставілі ў Слуцку. Некалькі эскізаў помнікаў забракаваў Філарэт. Напрыклад, варыянт з каронай і анёламі ён палічыў за «ўніяцтва».

Помнік Сафіі Слуцкай у Слуцку. Фота: Wikimedia Commons

Рэлігійны складнік застанецца ў творчасці скульптара назаўсёды. Калі яго напаткала страта ўласнай дачкі, то натуральным памкненнем бацькі было далучыцца да стварэння мемарыялу загінулым. Паводле ягоных слоў, секцыя скульптараў Саюза мастакоў Беларусі аднагалосна падтрымала ягонае памкненне. У выніку праект дастаўся тагачаснаму старшыні Саюза мастакоў, скульптару Генадзю Буралкіну, які ў суаўтарстве з архітэктарамі Святланай Барысовіч, Людмілай Жлоба, Аляксандрам Чадовічам стварыў знакамітыя «Ружачкі» — пераламаныя бронзавыя кветкі, раскіданыя па гранітных прыступках.

Інькоў застаўся пакрыўджаным на скульптара і вельмі незадаволеным мемарыялам:

«Тое, што атрымалася, інакш як халтурай назваць не магу. Такія рэчы за два тыдні не робяцца. Калі я ўбачыў гэтыя ружы, быў проста ў шоку. Пасля гэтага я рукі аўтару памятнага знака не падаў. Ён апраўдваўся, што трэба было тэрмінова рабіць замову. Я спытаў, чаму ён не звярнуўся да мяне. Калегі прапанавалі розныя ідэі. Адна з іх — паставіць на месцы трагедыі каплічку…»

Бацьку ахвяры трагедыі ўсё ж далі магчымасць рэалізаваць сваё бачанне. Так побач з «ружачкамі» з’явіўся памятны знак у выглядзе капліцы з металічнай плітой усярэдзіне, на якой высечаныя імёны загінулых і выслоўе з Евангелля паводле Іаана: «Я есмь воскресение и жизнь. Верующий в Меня, если и умрет, оживет. И всякий живущий и верующий в Меня не умрет вовек». Праўда, мастацтвазнаўцы адзначаюць стылістычную чужароднасць гэтага «алтарчыка» да архітэктуры метро і асноўнага мемарыялу.

Надмагілле дачкі на Кальварыйскіх могілках. Фота: Wikimedia Commons

У 2001 годзе скульптар паставіў надмагілле для сваёй дачкі, пахаванай на закрытых Кальварыйскіх могілках, у выглядзе фігуры маладой дзяўчыны ў пышнай сукенцы і велізарнага праваслаўнага крыжа, якія багата дэкараваныя. 

«Калі я ставіў помнік на магіле дачкі, я не хацеў увасабляць у ім Машу, якой яна была пры жыцці. Гэта абагульнены вобраз, помнік усім дзецям, якія загінулі».

Помнік трагічна загінулым на Нямізе на Кальварыйскіх могілках. Фота: Wikimedia Commons 

Побач ён жа паставіў помнік трагічна загінулым на Нямізе ў выглядзе альтанкі са спічастых арак, у якой стаіць камень з імёнамі, увянчаны крыжам Еўфрасінні Полацкай.

Глыбокая рэлігійнасць аўтара пераходзіць у непрыхаваны містыцызм. Так, ён расказваў, што падчас працы над манументам Кірылу Тураўскаму патрапіў у бальніцу, бо быццам бы знянацку ў яго ўзніклі сур’ёзныя праблемы са здароўем. «Дактары думалі, што больш не жылец», — дзяліўся Інькоў. Калі паставілі помнік, то ў яго ад рэдкай хваробы памёр бацька.

Не абмінуў невядомы «праклён» і помнік Сафіі Слуцкай. Паводле скульптара, працаўнікі камбіната не прыслухаліся да яго словаў, што трэба зрабіць якасна, каб не было праблем — і ў хуткім часе памерлі.

«Калі ты бярэшся за царкоўную рэч, трэба ставіцца з разуменнем, што ты ствараеш помнік святому чалавеку, а д'ябал не хоча, каб ён быў. І пачынаюцца ўсякія падкопы. Робіцца ўсё магчымае, каб мастак не зрабіў гэту працу, а калі ён зрабіў — яму помсцяць. Выратаванне для мастака — у веры».

Не цураўся Інькоў і нацыянальнай тэмы, напрыклад стварыў праект помніка «Змагарам Слуцкага збройнага чыну 1920 года», які захоўваецца ў музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах, бо рэалізаваць яго пры рэжыме Лукашэнкі не выглядае магчымым. І пра найбольш знакамітую жыхарку роднай Зэльвы, славутую паэтку Ларысу Геніюш, таксама не забыўся. Помнік Геніюш ён стварыў у дзвюх аўтарскіх версіях: першы ў 2001 годзе быў пастаўлены перад усё тым жа музеем у Старых Дарогах, а другі ў 2003 годзе — на цвінтары царквы ў Зэльве, якую наведвала паэтка.

Галерэя скульптурных партрэтаў беларускіх дзеячаў перад музеем Анатоля Белага ў Старых Дарогах. У цэнтры — бюст Ларысе Геніюш, дэмантаваны па патрабаванні прарасійскіх сіл. Фота: «Радыё Свабода»
Дэмантаж помніка Ларысе Геніюш на цвінтары Зэльвенскай царквы. Фота: «Народная Воля»

Прарасійская інфаказачка Вольга Бондарава ў канцы 2022 года накінулася на музей Анатоля Белага, у выніку з ягонай тэрыторыі былі дэмантаваныя скульптурныя партрэты беларускіх дзеячаў, у тым ліку бюст Геніюш працы Інькова. А ў сакавіку 2023 года па яе наводцы знішчылі прыцаркоўны помнік у Зэльве, на які даваў сваё благаславенне сам Філарэт.

Ці не стануць гэтыя нападкі на творы Інькова для гродзенскай актывісткі фатальнымі? 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Ё
    31.05.2023
    Бондарава і на Анісім накінулася. Прысвяціла некалькі пастоў. Але зразумела, што Бондарава толькі выканаўца. У кожнага пласта ёсць канкрэтныя замоўцы. Гэта можа быць Губоп, КДБ, альбо іншыя расійскія сілы. Чаму я так кажу ? Таму што за некалькі дзён да пастоў пра Анісім быў пакладзены афіцыйны сайт ТБМ. Зразумела, што не Бондарава яго паклала, а органы. Праз некалькі дзён выйшлі публікацыі Бондаравай па Анісім. Таму Бондарава толькі рупар, за каторай стаяць канкрэтныя антыбеларускія сілы мэта каторых ліквідацыя нацыянальнай культуры і авангарду.
  • Жвір
    31.05.2023
    Ё, які вы разумны.
  • Ы
    31.05.2023
    Вы мяне прабачце, канешне... Я магу зразумець крыўду мастака, якога не далучылі да сумеснай працы, мне цяжка адчуць тый боль, які адчуваць бацькі пры страце дзіця, але ружачкі гэта найлепшае, што прыдумалі за такі тэрмін!

    Гэта прыгожа, нестандартна, упісваецца ў мінімалістычны стыль ст. м. Няміга. Кветкі на ступеньках... гэта чулліва. Капліца, крыжы, прабачце — прымітыў і фігня. Дзіўна чуць такое ад мастака, але зразумела чаму. Та і густы розныя. 

    Я памятаю, як студнтам упершыню пабачыў гэты помнік. Падумаў, што за ружачкі прыгожыя, а пасля зразумеў чаму яны тут... мяне так кранула. Я хвіліну глядзеў моўчкі на іх. І гэтыя пачуцці могуць узнікаць і без крыжоў і цэркваў праваслаўных.

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →