Навуменка, Хруцкі, Цітовіч… У чый яшчэ гонар назвалі новыя мінскія вуліцы?
Восем праектаваных сталічных вуліц і тры завулкі атрымаюць назвы ў гонар вядомых беларускіх дзеячаў. Рашэнне прынялі ў Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, яно ўступіць у сілу пасля апублікавання, паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны».
Новыя тапонімы з'явяцца ў мікрараёне Паўночны і комплексе «Паўночны бераг».
Вуліцу і завулак Паўночнага мікрараёна назавуць у гонар народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі.
Іншым вуліцы і завулку ў тым самым раёне прысвояць імя музыказнаўца і этнографа Генадзя Цітовіча. Яго ведаюць як арганізатара і мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору.
Урэшце, апошняя пара мікрараёна будзе названая ў гонар беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Хруцкага. Ён праславіўся сваімі нацюрмортамі. Фрагмент «Партрэта жонкі з кветкамі і садавіной» аўтарства Хруцкага быў выяўлены на купюры тысяча беларускіх рублёў 2000 года выпуску.
Дзве вуліцы комплексу «Паўночны бераг» назавуць імёнамі архітэктараў Іосіфа Лангбарда і Аляксандра Воінава. Першы ў свой час значна паўплываў на вобраз Мінска. Самыя вядомыя праекты Лангбарда ў сталіцы — Вялікі тэатр оперы і балета, галоўны корпус Акадэміі навук і Дом афіцэраў.
Аляксандр Воінаў ствараў праекты жылых дамоў па вуліцы Маскоўскай і будынкі, дзе сёння знаходзіцца гасцініца Crowne Plaza.
Яшчэ дзве вуліцы ў «Паўночным беразе» назавуць у гонар мастакоў Паўла Масленікава і Віталя Цвіркі. Масленікаў пісаў пейзажы і працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Тэатры оперы і балета, афармляў спектаклі ў Тэатры Янкі Купалы. Віталь Цвірка таксама быў майстрам пейзажнага жывапісу. Мноства карцін ён прысвяціў беларускай прыродзе.
Урэшце, пятую вуліцу ў гэтым комплексе назавуць іменем фізіка, колішняга прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалая Барысевіча. Ён займаўся квантавай электронікай, інфрачырвонай тэхнікай і іншымі кірункамі фізічнай навукі.
Іван Хруцкі: драма за салодкімі нацюрмортамі. Як імперыя ламала аднаго з самых пазнавальных беларускіх мастакоў
«Калі я прынёс гэтыя талеркі, ва ўсіх былі круглыя вочы: «Ваў!». Дырэктар гатэля «Еўропа» расказаў пра вар'яцкі крэатыў, з якім ён рэфармуе ўстанову
У Мінску загладзілі апошнія сляды кінатэатра «Сучаснік». Тут будзе сквер
Каментары
Але пра Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна зноў "забылі"