З Гомельскага тэатра лялек звольнілі дырэктара Дзмітрыя Гарэліка, паведамляе «Зеркала» са спасылкай на крыніцы. З пачатку года сваіх кіраўнікоў страцілі ўжо некалькі тэатраў.
Калі менавіта адбылося звальненне, не ўдакладнілі. На сайце тэатра пасада дырэктара цяпер вакантная. Прозвішча Гарэліка не згадваецца ў тэксце пра гісторыю тэатра, хоць ён кіраваў Гомельскім лялечным з 1 чэрвеня 1992 года. Вядома толькі, што па стане на 14 мая 2024 года пасада ўжо была вакантнай.
Прычынай звальнення з вялікай доляй верагоднасці сталі рэпрэсіі. У студзені гэтага года Гарэліка судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Праваабаронцы тады так і не даведаліся, у чым абвінавачвалі мужчыну і якое рашэнне прыняў суд.
Калі сітуацыя з судом стала публічнай, імя Гарэліка не было прыбрана з сайта калектыву — ён па-ранейшаму быў паказаны як дырэктар.
Звальненне Гарэліка цалкам упісваецца ў рэпрэсіўную палітыку ўладаў у сферы культуры: апошнім часам звальненні ў беларускіх тэатрах сталі рэгулярнымі:
- у лютым 2024 года была звольненая дырэктарка Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» Святлана Чаеўская;
- у сакавіку сваю пасаду страціў дырэктар сталічнага Музычнага тэатра Сяргей Пукіта;
- у пачатку красавіка — мастацкі кіраўнік Віцебскага тэатра «Лялька» Віктар Клімчук;
- у траўні быў звольнены мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра оперы і балета Валянцін Елізар'еў;
- у жніўні стала вядома аб звальненні дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святланы Карукінай.
У красавіку таксама быў звольнены дырэктар Беларускага тэатра лялек Дзмітрый Сямёнаў. Праўда, пазней высветлілася, што ён пайшоў на павышэнне — стаў намеснікам кіраўніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама.
Каментары