Беларусам і расіянам дазволілі ўзяць удзел у цырымоніі закрыцця Алімпіяды
Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта вырашыў, што індывідуальныя нейтральныя атлеты (AIN), то-бок спартсмены з Беларусі і Расіі, змогуць узяць удзел у цырымоніі закрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы, паведаміла прэс-служба МАК.
Такое рашэнне было прынята на падставе таго, што ў цырымоніі закрыцця бяруць удзел не каманды, а ўсе спартсмены разам. Сцяга AIN на цырымоніі не будзе.
«У Парыжы засталася толькі невялікая колькасць індывідуальных нейтральных атлетаў, якія маглі б узяць удзел у цырымоніі закрыцця», — заявілі ў МАК.
Нагадаем, што ў Алімпіядзе ў Парыжы бралі ўдзел як нейтральныя 17 спартсменаў з Беларусі ў дзесяці відах спорту і 15 з Расіі — у пяці. Беларусы ў выніку заваявалі 4 медалі (1 залаты, 2 срэбраных і 1 бронзавы), а расіяне — 1 срэбраны.
Апошнія беларусы выступілі ў спаборніцтвах сёння, цяжкаатлет Яўген Ціханцоў заваяваў бронзавы медаль.
Каментары