Грамадства

«Днямі выходзіў на прагулку, і нада мной вісела хмарка ў выглядзе сэрцайка» — журналіст Андрэй Кузнечык у лісце з-за кратаў

Журналіст «Свабоды» Андрэй Кузнечык, які літаральна за 3 гадзіны суда атрымаў 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмісцкім фармаванні, чакае разгляду апеляцыі. Адбываць пакаранне Андрэй будзе ў наваполацкай калоніі №1 узмоцненага рэжыму.

Разгляд апеляцыі прызначаны на 12 жніўня

Андрэй Кузнечык падаў апеляцыйную скаргу на прысуд, разгляд яе прызначаны на 12 жніўня. У Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС паведамілі, што адбываць тэрмін Кузьнечык будзе ў наваполацкай калоніі ўзмоцненага рэжыму, распавяла жонка палітвязня Алеся Рак. Цяпер Андрэй знаходзіцца ў магілёўскай калоніі (перад гэтым быў ЦІП на Акрэсціна, СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, магілёўскі СІЗА).

Маці Андрэя спадарыня Аляксандра пацікавілася ў былых сядзельцаў наваполацкай калоніі, якія там умовы. Ёй распавялі, што нібыта там ёсць магчымасць працаваць — ёсць шмат розных вытворчасцяў, і можна будзе выбраць месца працы.

У камеры магілёўскай калоніі, дзе цяпер знаходзіцца Андрэй, 12 чалавек: палова — моладзь, якая сядзіць па «наркатычных» артыкулах, і палова — палітычныя, так званыя «бэчэбэшнікі».

Мяркуючы па лістах, Андрэй трымаецца бадзёра, ва ўсім шукае пазітыў. Шмат чытае: паскардзіўся, што бібліятэка ў магілёўскім СІЗА горшая, чым на Валадарцы.

«Чытаю выпадковыя кніжкі, але часам трапляюцца і займальныя: смелы для нашага часу Быкаў 1960-70-х, прэсны газетны Шамякін пра тое, як калгас наважваўся купляць камп'ютары, ад якіх не апускаецца брыво…

А на досвітку слухаю птушак і ўжо ведаю, якія з іх самыя звонкія: грак, свіргун, стрыж…»

«Не збіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі…»

Пасля закрытага судовага працэсу, які доўжыўся рэкордна кароткі час — каля трох гадзін, Андрэй у лістах падвёў некаторыя вынікі сваёй працы.

Ён — заўзяты раварыст, аматар-валанцёр OpenStreetMap. З 2007 году вёў свой пазітыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары, публікаваў серыю допісаў «Кароткі праваднік па мінскіх роварных стаянках» і «Кароткі праваднік па мінскіх веладарожках», даваў парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам наконт уладкавання роварнага руху. Андрэй стварыў падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, а таксама сам пракладаў маршруты ў Google Maps.

«Не збіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі… Папулярызатарства маё было хуткаплынным і мімалётным — і шмат у чым у пашырэнні «зоны камфорту» і сабе, і людзям…

Апошнім часам я пачуваўся шчаслівым, «адбытым» і ў нашай сям’і, і амаль усё працоўнае жыццё — у працы», — піша Кузнечык жонцы Алесі.

Андрэй згадвае пра сайт «Panoramio», які ён пераклаў на беларускую мову і куды «заліў» процьму фота славутасцяў Беларусі. Калі захапіўся мапамі — дадаў шмат беларускіх назваў у «гуглмэпс».

Андрэй таксама згадвае і свае агляды мінскіх роварных дарожак, велакрамаў, пераклад «Правілаў дарожнага руху для раварыстаў», «Дапаможнік па выхаванні для беларускіх першаходаў», напісаны ім раздзел у беларускамоўны падручнік славенскай мовы, выданні і кнігі, дзе публікаваў свае вершы.

«Мне ж забаваю застаюцца сны»

Распавядае жонцы Алесі Андрэй і пра свае сны. Родам ён з Віцебска, 15-гадовым падлеткам паступіў у прэстыжны Ліцэй БДУ, вельмі гэтым ганарыўся, бо конкурс «зашкальваў».

«Мне ж забаваю застаюцца сны. Праз пару дзён пасля суда сніўся цікавы. Нібыта мяне перавялі ў іншую турму, гляджу на бакі: а камера — гэта клас старога зялёнага ліцэя. Але сядзяць там не ліцэісты, а школьныя аднакласнікі, прычым, у тым веку, у якім я іх запомніў… Дарэчы, на судзе я быў у ліцэйскай майцы выпускнікоў — самая зручная для спёкі. Во, відаць, мозг пераасэнсоўваў сюжэт», — піша Андрэй сваёй жонцы Алесі, з якой сустрэўся крыху пазней, ужо на філфаку БДУ. Яны разам ужо каля 20 гадоў, выхоўваюць двух дзетак — васьмігадовую дачку Яніну і двухгадовага сына Мацвея.

«Днямі выходзіў на прагулку і прама нада мной вісела хмарка ў выглядзе сэрцайка. І прысніліся два сны — простыя і неэмацыйныя, быццам бы жыццё … Нібыта прыехаў я дахаты, а Янька давай паказваць, што ў яе ў планшэце новага і цікавага. Залез у камп'ютар — колькі ўсяго яшчэ глядзець — не пераглядзець. Гляджу — яшчэ і тэлевізар не наладжаны. Улез у яго меню і ўспомніў, што паабяцаў сабе ж болей быць з сям’ёй», — піша Андрэй Кузнечык у лісце родным.

Каментары

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Усе навіны →
Усе навіны

Найгоршы спосаб захоўвання бананаў. Вось чаму яны так хутка чарнеюць6

Новы пакет санкцый Еўрасаюза можа закрануць расійскі алюміній3

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА32

«Ідзі адзін». Чаму Пятровіча чытаюць не так, як Бахарэвіча?3

АНТ запісала ў СІЗА КДБ інтэрв'ю з Кузнечыкам, Лосікам, Карнеем і Зянковічам8

Каралеве Лізавеце II не расказвалі пра савецкага шпіёна ў яе палацы — рассакрэчаныя дакументы MI52

Ці мерзнуць у мышэй хвасты?9

У Магілёўскай вобласці дзяржаўныя СМІ аднамомантна выдалілі інфармацыю пра перадвыбарчую падзею2

Кавалеўскі раскрытыкаваў пашпарт Новай Беларусі і расказаў, што збіраўся рабіць інакш63

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Галоўнае
Усе навіны →